18 красавiка 2024, Чацвер, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Домрачава перамагла ў мас-старце на ЧС у біятлоне

67
Домрачава перамагла ў мас-старце на ЧС у біятлоне

Беларуска Дар'я Домрачава здабыла золата ў мас-старце на чэмпіянаце свету ў біятлоне ў чэшскім Нове Месце.

Дыстанцыю 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі лідарка беларускай нацыянальнай каманды прайшла за 35 хв 54,5 сэк. У першай страляніне са становішча лежачы Дар'я Домрачава спудлавала адзін раз і была вымушаная адправіцца на штрафное кола. Прыйшоўшы на другую «лежню» пятай, беларуска адстралялася бездакорна і захапіла лідарства, якое ўжо не выпускала да самага фінішу. На першым «стаянні» Домрачава таксама была дакладная, а на заключным агнявым рубяжы стоячы спудлавала адзін раз, але хуткаснага запасу ёй стала для чэмпіёнскага фінішу, паведамляе БелТА.

Срэбны медаль дастаўся лідарцы цяперашняга сэзону нарвэжцы Туры Бэргэр, якая саступіла новаспечанай чэмпіёнцы 8,7 сэк (2 штрафныя колы), а ўладальніцай бронзы стала польская біятланістка Моніка Хойніш, якая асталася ад Дар'і Домрачавай на 27,6 сэк.

Яшчэ адна беларуска Надзея Скардзіна фінішавала 26-й з адставаннем ад пераможцы ў 3 хв 1,1 сэк пры трох штрафных колах.

Сусветнае першынство скончыцца мужчынскім мас-стартам на 15 км з чатырма заходамі на стрэльбішча. Беларускіх біятланістаў у гэтай гонцы не будзе.

Сённяшні залаты медаль Дар'і Домрачавай - першы для беларусаў на цяперашнім чэмпіянаце свету. Наперадзе ў медальным заліку Нарвэгія, у якой 7 залатых і 2 срэбныя медалі, следам ідзе каманда Францыі - 1 золата і 4 срэбры, а ў каманды Украіны 1 золата, 1 срэбра і 3 бронзы.

У актыве зборных Нямеччыны і Польшчы цяпер па 1 срэбры і бронзе, у амэрыканцаў 1 срэбны, а біятланісты Італіі, Чэхіі, Расеі, Славеніі і Швецыі маюць у сваім актыве па 1 бронзавым медалі.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках