banner1 banner1 banner1

20.02.2013

Андрэй Саннікаў: Без сур'ёзнага ціску палітвязняў не вызваліць важная навіна 58

12:51, — Інтэрв'ю

Андрэй Саннікаў: Без сур'ёзнага ціску палітвязняў не вызваліць

А гандаль з дыктатарам толькі пагаршае іх становішча.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які пражывае цяпер у Велікабрытаніі, называе цяперашнія адносіны ЕЗ і Беларусі ненармальнымі і такімі, якія не адказваюць інтарэсам Беларусі. Ён бачыць «Усходняе партнёрства» прыгожай марай, якую «яшчэ можна напоўніць зместам». Аднак, паводле яго слоў, пакуль ЕЗ будзе падлашчвацца з аўтарытарнымі рэжымамі, складанасці ў адносінах з такімі краінамі як Беларусь будуць узнікаць пастаянна.

У інтэрв'ю ru.delfi.lt беларускі апазіцыйны палітык адзначыў, што «Літва апынулася на вастрыі адносін ЕЗ з дыктатарам» і ў некаторых выпадках не зможа праводзіць палітыку ЕЗ без дапамогі ўсяго Еўразвяза. У прыватнасці, гэта тычыцца пытання аб санкцыях.

На думку Андрэя Саннікава, у ходзе старшынства ў ЕЗ Літва магла б прапанаваць ЕЗ стратэгію ў дачыненні да Беларусі сумесна з Латвіяй, Польшчай, Швецыяй і Германіяй - краінамі, якія праяўляюць найбольшую цікавасць да Беларусі. Гаворачы ж пра ўплыў Расеі на беларускае кіраўніцтва, палітык адзначыў, што геапалітычныя праекты Крамля для Беларусі згубныя, роўна як і для самой Расеі.

- Як бы Вы ахарактарызавалі адносіны Беларусі з ЕЗ і Захадам у цэлым?

- Як ненармальныя, якія не адказваюць ні нацыянальным інтарэсам Беларусі, ні інтарэсам Еўропы. Я мог бы паразважаць, што Беларусь - гэта зусім не Лукашэнка, што ў дэмакратаў добрыя адносіны і з Еўропай, і з Захадам у цэлым. Гэта сапраўды так, і гэта добры зачын на будучыню. Аднак дыктатура перашкаджае развіццю ўсяго спектру адносін з Еўропай і, да нашага сораму, велізарны патэнцыял добрасуседства і еўрапейскасці, які закладзены ў прыродзе і характары беларусаў, сёння не рэалізуецца і імкліва знішчаецца.

- Ці дастатковае дзеянне аказваюць санкцыі на беларускае кіраўніцтва?

- Санкцыі аказвалі бы сваё дзеянне, і мы б усё гэта заўважылі, калі б яны існавалі. Аднак першая спроба ЕЗ увесці санкцыі супраць «кашалькоў» рэжыму працягу не атрымала і таму палітвязні сёння застаюцца ў турмах. За жорсткімі заявамі 2011 года павінны былі рушыць услед жорсткія меры па прымусу дыктатара да выканання сваіх абавязкаў. А так - нават візавыя абмежаванні не выконваюцца, як мы бачылі на прыкладзе паездкі Анатоля Куляшова ў Ліён, Лідзіі Ярмошынай у Вену.

- Што Вы мяркуеце з нагоды ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнёрства і пра тое, што беларускі бок не чакаюць на афіцыйным саміце, аднак на нефармальную сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін УП у Тбілісі ён быў запрошаны?

- Прыгожая назва, прыгожая мара... Якую яшчэ можна напоўніць зместам, але толькі цвёрда прытрымліваючыся прынцыпаў, на якіх будаваўся Еўразвяз, а не дрэйфуючы ў бок патрабаванняў аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў. Тут ЕЗ варта выняць сур'ёзныя ўрокі са сваёй аналагічнай ініцыятывы - Міжземнаморскага звяза, па якім пракацілася магутная хваля рэвалюцый. Ідэя таксама добрая - стварыць бяспечнае, стабільнае суседства з ЕЗ у гэтым рэгіёне. Аднак спроба ўкладвацца ў стабільнасць аўтарытарных рэжымаў у сённяшнім свеце непазбежна прыводзіць да такіх вось ўзрушэнняў. Укладвацца можна і трэба толькі ў дэмакратычныя рухі і незалежныя медыя, тым больш пры аўтарытарных кіраўніках.

Цяпер як раз, падобна, актывізаваліся лабісты дыктатара ў Еўропе, у тым ліку, каб дамагчыся яго прысутнасці на саміце УП у Вільні. А наогул тут сутнасць не ў тым, якіх міністраў куды запрасілі, а ў тым, што Усходняе партнёрства аб'ядноўвае краіны, якія бліжэй знаходзяцца да аўтарытарызму, чым да дэмакратыі. Абараняючы кожная свой аўтарытарызм, яны схільныя хутчэй падтрымаць дыктатара Лукашэнкі, чым прынцыпы дэмакратыі. Іншымі словамі, пакуль ЕЗ не стане цвёрда на бок дэмакратыі, дапамогі дэмакратыі і свабодзе, а не ўяўнай «стабільнасці» у рэгіёне, праблемы з удзелам ці няўдзелам будуць узнікаць пастаянна.

- Кіраўнік Freedom House Дэвід Крэмер у студзені ў інтэрв'ю DELFI прызнаўся, што не зайздросьціць сітуацыі, у якой апынулася ў Літва ў тым, што тычыцца стасункаў з беларускім суседам. Як Вы бачыце пазіцыю Літвы?

- Я цалкам згодны з Дэвідам Крэмэрам. Невялікая краіна апынулася на выстрыі адносін ЕЗ з дыктатарам. Мы часам рэзка крытыкуем Літву за непаслядоўнасць дзеянняў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але справядлівасці дзеля варта прызнаць, што Літва проста ў нейкіх выпадках не зможа праводзіць палітыку ЕЗ без дапамогі ўсяго Еўразвяза. Узяць хаця б пытанне пра санкцыі. ЕЗ павінен мець механізм і фонд кампенсацыі наступстваў санкцый для бізнэсу такіх краін, як Літва ці Латвія. Тады і пытанне па санкцыях вырашалася бы хутчэй і прасцей, і эфект быў бы больш адчувальным. У цэлым, нягледзячы на складанасці, звязаныя са «зласуседствам» Лукашэнкі, Літва праявіла высокую ступень салідарнасці з беларускімі дэмакратамі ў гэты найскладанейшы для нас перыяд. Хачу проста выказаць самую шчырую падзяку цяпер ужо былому міністру Аўдронюс Ажубалісу, былому амбасадару Літвы ў Беларусі Эдмінасу Багдонасу, парламентару Эмануэлісу Зінгерысу, мэру Вільні Артурасу Зуокасу, літоўскім палітыкам, дзяржаўным дзеячам і дыпламатам за падтрымку.

- Што магла б зрабіць Літва ў дачыненні да беларускага вектару сувязяў ЕЗ і Беларусі падчас яе старшынства ў Радзе ЕЗ?

- Вось як раз Літва магла б прапанаваць ЕЗ стратэгію ў дачыненні да Беларусі. Сумесна з Латвіяй, Польшчай, Швецыяй, Германіяй - краінамі, якія праяўляюць найбольшую цікавасць да Беларусі. Але стратэгію паслядоўнай падтрымкі дэмакратычнага руху, падтрымкі незалежных СМІ ў Беларусі і процідзеяння распаўсюджванню ўплыву дыктатуры ў Еўропе. Тут можна было ўлічыць і інтарэсы прымежных дзяржаў - Літвы, Латвіі, Польшчы - і інтарэсы беларускага народа, і інтарэсы ЕЗ.

- Што Вы можаце сказаць з нагоды ўзмацнення ўплыву Расеі і ўцягванню Беларусі ў арбіту сваіх геапалітычных праектаў?

- Планы Расеі ў дачыненні да Беларусі застаюцца нязменнымі: цалкам падпарадкаваць сабе эканоміку Беларусі. Рэалізацыя гэтых планаў становіцца магчымай толькі з-за таго, што ва ўладзе ў Беларусі знаходзіцца дыктатар, якому напляваць на нацыянальныя інтарэсы дзяржавы і які давёў краіну да такога стану, што даў Расеі магчымасць не проста ўсё скупіць, але скупіць за бясцэнак. Крэмль на постсавецкай прасторы сёння дзейнічае насуперак здароваму сэнсу, насуперак логіцы сусветнага развіцця, вярнуліся часы канфрантацыі з Захадам. Для такой палітыкі трэба мець васалаў, каб дэманстраваць хоць нейкую сілу. На жаль, геапалітычныя праекты Крамля для Беларусі згубныя, ды і для Расеі таксама.

- Ці разглядаеце магчымасць вызвалення палітычных зняволеных з боку беларускага рэжыму?

- Я на гэтую тэму не разважаю. Ведаю адно: без сур'ёзнага ціску палітвязняў не вызваліць. А гандаль з дыктатарам толькі пагаршае іх становішча. Будзь Еўропа больш рашучай у мінулым годзе, усе бы ўжо былі на волі.

- Ці варта сур'ёзна ўспрымаць заявы Лукашэнкі аб магчымай пераарыентацыі беларускага грузапатоку на расейскія парты і яго намеры вярнуць Грузію ў СНД?

- Вядома, варта. Лукашэнка не можа жыць без канфрантацыі з усімі. Таму ва ўгоду сваім капрызам ён наплюе і на эканамічную мэтазгоднасць, і на сувязі, якія склаліся, і будзе дзейнічаць па прынцыпе: «Выкалю сабе вока - хай у цешчы зяць крывы будзе». Бо была афёра з венесуэльскай нафтай, за якую плацілі ўтрая даражэй, каб не разлічвацца па пазыках.

З Грузіяй - іншая гісторыя. Яму вельмі трэба падкрэсліваць сваю важнасць і час ад часу ствараць ілюзію значнай фігуры ў сусветнай палітыцы. Успомніце, ён калісьці на поўным сур'ёзе заяўляў пра тое, што будуе вось «Тэгеран-Менск-Масква-Пекін-Дэлі». Акрамя таго, заявіўшы пра Грузію ў СНД, ён паспрабаваў прадэманстраваць сваю карыснасць Крамлю. Раптам што-небудзь за гэта абламаецца...

- Шэраг экспертаў кажуць аб нейтралізацыі беларускімі ўладамі сваіх палітычных апанентаў пасля вядомых падзей снежня 2010 года. Ці згодныя Вы з такімі сцвярджэннямі?

- Лукашэнка ўжо даўно, яшчэ на выбарах 2006 года, заяўляў, што яго мэтай з'яўляецца поўнае знішчэнне апазіцыі. І перад выбарамі 2010 года ён лічыў, што з гэтай задачай справіўся, што ўсё пад кантролем. Але на выбарах убачыў, што не толькі апазіцыя жывая, але і ўвесь народ пераходзіць у апазіцыю. Таму і развязаў вайну з народам, якая працягваецца да гэтага часу. Інакш дзеянні рэжыму і не назавеш. Таму апанентаў рэжыму цяпер толькі дадаецца.

- Вы знаходзіцеся ў эміграцыі, чым Вы займаецеся і ці не асцерагаецеся за сваіх калег і блізкіх у Беларусі?

- Асцерагаюся, вядома. А займаюся тым, чым у асноўным і займаўся: прыцягваю ўвагу да сур'ёзных праблем у Беларусі. Задачу сваю бачу ў тым, каб праблема дыктатуры ў цэнтры Еўропы не знікала з парадку дня сусветнай супольнасці, у тым, каб дапамагаць апазіцыі ў Беларусі. А яшчэ ўся наша каманда займаецца цяпер вывучэннем вопыту рэформаў ва Усходняй Еўропе.

- Што б Вы назвалі галоўным у дадзены момант для беларускай апазіцыі, на чым яна павінна засяродзіцца?

- Сёння апазіцыя ў Беларусі знаходзіцца ў самых цяжкіх умовах за ўвесь час кіравання Лукашэнкі. Няпроста не толькі працаваць, але нават выжываць. Тым не менш, ніхто не адмяняў сэнсу існавання апазіцыі - змены ўлады, вызвалення Беларусі ад дыктатуры. Галоўная задача сёння - займаць прынцыповую пазіцыю ў адносінах да дыктатуры, не паддавацца на ілжывыя абяцанкі дэмакратызацыі ў абмен на лаяльнасць рэжыму, дапамагаць адзін аднаму, дапамагаць усім палітвязням і іх сем'ям, пераконваць нашых сяброў не мець справу з дыктатарам. Не варта недаацэньваць ролю апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Сітуацыя можа змяніцца ў любы момант.

- Які запас трываласці ў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і якія магчымыя варыянты развіцця падзей у Беларусі?

- Прынята лічыць, што рэжым Лукашэнкі трымаецца толькі дзякуючы дапамозе Крамля. Гэта так толькі збольшага. Рэжым трымаецца і на народнай цярплівасці, і на заходніх грошах, доля якіх у гандлёвым балансе ўсё павялічваецца. Рэжым трымаецца і за кошт таго, што з ім увесь час спрабуюць пра нешта дамаўляцца, насуперак сваім жа прынцыпам яму дапамагаюць і заходнія палітыкі.

Наконт запасу трываласці: у 2010 годзе было відаць, як рэжым захістаўся палітычна і да гэтага часу ратуецца толькі рэпрэсіямі, у 2011 на валаску вісела эканоміка краіны. Дыктатура непазбежна паваліцца, іншых варыянтаў сучасная гісторыя не ведае. Пра гэта трэба памятаць і з гэтага зыходзіць не толькі апазіцыі, але і сённяшнім паслугачам рэжыму Лукашэнкі.


Навіны
па тэме


Напісаць каментар (58)

Экспарт




Курсы валют Нацыянальнага банка

Валюта  21.12.14  22.12.14
EUR13 320,0013 320,00
USD10 900,0010 900,00
RUB187,00187,00

Меркаванне


Ложь и безумие диктатур

Ложь и безумие диктатур

Валерий Костка

Finita la commedia

Finita la commedia

Леонид Моряков

Не забудьте выключить телевизор

Не забудьте выключить телевизор

Ирина Халип

Возвращение «возвращенного» Крыма

Возвращение «возвращенного» Крыма

Дмитрий Дрозд

«Русский мир» становится китайским

«Русский мир» становится китайским

Александр Томкович



Учора на сайце:

наведвальнікаў 328973
праглядаў 2000535

пн аў ср чц пт сб нд
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31

Старая версія сайта

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь:

"Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя..."

Падпіска

       

Пакіньце Ваш e-mail: