25 красавiка 2024, Чацвер, 21:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мышкавічах развіталіся з Васілём Старавойтавым

16
У Мышкавічах развіталіся з Васілём Старавойтавым

Развітанне з былым палітвязнем праходзіла ў вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.

У аграгарадку Мышкавічы Кіраўскага раёна развіталіся з былым старшынёй калгасу, двойчы Героем працы Васілём Старавойтавым. Пахаванне было арганізаванае мясцовымі ўладамі, перадае «Радыё Свабода».

На вуліцы аграгарадка выйшлі каля тысячы жыхароў, каб праводзіць свайго знакамітага старшыню.

Васіль Старавойтаў нарадзіўся 13 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Барок Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Ваяваў падчас Вялікай Айчыннай вайны, быў партызанам. Пасля вайны працяглы час знаходзіўся на камсамольскай і партыйнай працы.

У 1957-1968 гадах працаваў дырэктарам саўгаса «Раднянскі» Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

З 1968 па 1997 гады кіраваў калгасам «Рассвет», які лічыўся ўзорнай гаспадаркай не толькі ў савецкія часы, але і ў складаныя 1990-я гады, а таксама быў вядомы далёка за межамі Беларусі.

Старавойтаў актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці. Абіраўся дэлегатам XXV, XXVI і XXVII з'ездаў КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета БССР, членам бюро Кіраўскага (Магілёўскай вобласці) райкама партыі.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі, двойчы Герой Сацпрацы. У 1978 годзе прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР».

У кастрычніку 1997 года быў адхілены ад працы і арыштаваны па абвінавачванні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, эканамічных злачынствах, у хабарах і ў арганізацыі забойства кіраўніка Магілёўскага камітэта дзяржкантролю Яўгена Мікалуцкага. Праваабаронцы і апазіцыя звязалі арышт Старавойтава з тым, што ён публічна выказваўся з крытыкай у адрас Аляксандра Лукашэнкі і не падтрымаў яго кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах.

У 1999 годзе Старавойтава прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці. Працэс па яго справе атрымаў шырокі грамадскі рэзананс у беларускай, расейскай і замежнай прэсе. Старавойтаў правёў у зняволенні каля паўтары гадоў. У калоніі былы старшыня калгаса перанёс два сардэчных прыступы і мікраінсульт, пасля якога пэўны час не мог гаварыць, практычна страціў зрок.

Пасля вызвалення жыў у Мышкавічах, удзельнічаў у дзейнасці АГП.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках