19 красавiка 2024, Пятніца, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінэканомікі: Дзве трэці тэрыторыі Беларусі апусцее

67

Міністэрства эканомікі кажа пра катастрафічныя наступствы аднабокага развіцця эканомікі.

У дакладзе, апублікаваным сёння, гаворыцца пра тое, што насельніцтва сельскіх мясцовасцяў краіны скароціцца да 2032 года на паўмільёна чалавек, а 60 адсоткаў тэрыторый апынуцца крытычна незаселеныя.

Галоўную праблему спецыялісты бачаць у тым, што эканамічную сітуацыю ў рэгіёнах вызначае вузкае кола валаўтваральных прадпрыемстваў. Зніжэнне залежнасці ад іх - галоўная праблема для Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. А для гэтага неабходна стварэнне новых вытворчасцей.

Таксама ў дакладзе гаворыцца пра поўную адсутнасць развіцця патэнцыялу абласцей. Усе іх эканамічныя паказчыкі будуюцца за кошт буйных гарадоў і некалькіх (4-8) прамысловых раёнаў.

79 раёнаў з 118 адстаюць у эканамічным развіцці ад сярэднеабласнога ўзроўню.

«Гэта праблемы сённяшняга дня, кажуць спецыялісты Міністэрства эканомікі. - На іх накладваюцца рызыкі дэмаграфічнага прагнозу да 2032 года, а адпаведна, існавання асобных раёнаў».

Міністэрства эканомікі паказвае на тры галоўныя небяспекі, якія чакаюць Беларусь у бліжэйшыя 20 гадоў:

- Скарачэнне працоўнага патэнцыялу краіны больш чым на 870 тыс. чалавек, старэнне насельніцтва і рост дэмаграфічнай нагрузкі.

- Да 2032 года сельская мясцовасць страціць пятую частку насельніцтва (472 тыс. чал.). Асабліва значныя страты можа панесці Віцебская і Гродзенская вобласці, на долю якіх будзе прыходзіцца больш за 40% агульнай страты сельскага насельніцтва рэспублікі.

- Колькасць раёнаў з крытычным узроўнем колькасці жыхароў, якія забяспечваюць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё тэрыторыі (а гэта 15-20 тысяч чалавек) можа ўзрасці з 51 раёна ў цяперашняй сітуацыі да 77 да 2032 года. То бок, гэта больш за 60% тэрыторыі краіны.

Эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрв'ю сайту charter97.org назваў прычыны тых з'яў, пра якія гаворыцца ў дакладзе Міністэрства эканомікі.

«У той час, калі ва ўсім свеце развівалі малую вытворчасць, у нас рабілі ўпор на буйную. Напрыклад, у Японіі на тысячу чалавек прыходзіцца 60 - 70 невялікіх прадпрыемстваў, а ў Беларусі - каля 10. Пры гэтым, там яны з'яўляюцца звяном у доўгім вытворчым ланцужку, без якіх не можа абысціся буйная вытворчасць. Гэта - залог развіцця дробных гарадоў. У нас, наадварот, упор робіцца на буйныя прадпрыемствы, якія дасталіся нам у спадчыну яшчэ ад Савецкага Саюза. Гэтую лінію працягваюць і цяпер, ствараючы холдынгі.

Нават пры ўсім жаданні вырашыць дэмаграфічныя праблемы ў сельскай мясцовасці, мясцовыя ўлады застаюцца заложнікамі беларускай эканамічнай мадэлі і не могуць істотна паўплываць на сітуацыю», - растлумачыў Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках