Беларускія хакеісты зладзілі «паказуху» для Туркменбашы
21- 21.02.2013, 17:33
Гульцы з Беларусі прадэманстравалі «поспех» туркменскага хакея.
10 лютага ў Ашхабадзе стартаваў міжнародны турнір па хакеі на кубак кіраўніка краіны для гульцоў не старэйшых за 17 гадоў. У спаборніцтвах удзельнічаюць восем камандаў, у тым ліку тры - з Расеі, дзве - з Туркменістана, па адной - з Беларусі, Турцыі і ААЭ, піша праваабарончы сайт «Хроніка Туркменістана».
Развіццё хакея ў краіне пачалося з кастрычніка 2011 года. Былі створаныя каманды «Galkan» - Міністэрства ўнутраных спраў і «Oguzhan» - дзяржаўнага канцэрна Туркменгаз. Апошняя падчас турніру разграміла каманду з ААЭ з рэкордным лікам 31:4
Здавалася б, поспех развіцця незвычайнага для Сярэдняй Азіі віду спорту - у наяўнасці. Але, як аказалася, туркменскія хакеісты не маюць ніякага дачынення да гэтай перамогі.
Па словах чыноўніка са спартыўнага камітэта, у форме гэтых двух камандаў гуляюць 30 беларускіх хакеістаў, неафіцыйна запрошаных адмыслова для ўдзелу на дадзеным турніры.
У іх няма ні кантрактаў, ні дамоваў. Беларусаў запрасілі для «паказухі» - каб паказаць хоць нейкі вынік і парадаваць кіраўніка краіны.
Абедзве каманды ўжо выйшлі ў паўфінал міжнароднага турніру.
У мясцовай прэсе рэпартажы пра хакейныя матчы абыходзяцца без згадак імёнаў і прозвішчаў хакеістаў туркменскіх каманд.
Хакей не з'яўляецца папулярным у краіне відам спорту, таму заўзятараў на трыбунах малююць студэнты і салдаты тэрміновай службы, якіх гвалтоўна прыводзяць на гульні.
Прызавы фонд турніру складае $35000.