19 красавiка 2024, Пятніца, 11:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганебнае свята

154

У Мінабароны патлумачылі, чаму адзначаецца 23 лютага 1918-га, калі Беларусь здавалі немцам.

У суботу святкуецца Дзень абаронцаў Айчыны і, акрамя таго, 95-годдзе Узброеных Сіл Беларусі. Аднак вядома, што 23 лютага 1918 года наша краіна была пад нямецкай акупацыяй. Па просьбе «Салідарнасці» сітуацыю пракаментавалі прадстаўнік Мінабароны і даследчык.

«Чаму мы адзначаем дату, калі нашу краіну здавалі немцам?»

Журналіст Уладзімір Багданаў, які займаецца даследаваннем гісторыі Першай сусветнай вайны, уражаны традыцыяй святкавання 23 лютага ў незалежнай Беларусі і, тым больш, адзначэннем 95-годдзя Узброеных сіл.

- Я лічу, што 23 лютага - адзін з самых недарэчных і, нават сказаў бы, ганебных святаў для Беларусі. Безумоўна, павінен быць Дзень абаронцаў Айчыны. Але толькі не 23 лютага! Трэба глядзець у вочы фактам. Вядома, дата 23 лютага звязаная з гісторыяй Беларусі. Але якім чынам?

Пачнем з таго, што 4 снежня 1917 года ў мястэчку Солы пад Смаргонню немцы і бальшавікі заключылі перамір'е на Усходнім фронце. Яно ўступіла ў сілу з 15 снежня і дзейнічала два месяцы. Па заканчэнні тэрміну педантычныя немцы падняліся з акопаў і пачалі наступленне. Але іх ніхто не сустрэў. 21 лютага 1918 года немцы занялі Менск.

Парад нямецкіх войскаў 4 красавіка 1918 года ў Менску (справа - касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, па цэнтры - гасцініца «Еўропа»)

Генерал-фельдмаршал фон Эйхгорн і генерал фон Брэдаў у Менску

23 лютага, як прынята было лічыць у савецкай гісторыі, адбыўся нейкі бой пад Псковам. Аднак некаторыя крыніцы гэта абвяргаюць. Як бы там ні было, у тое ж 23 лютага немцы накіравалі Леніну тэлеграму (выставілі ўльтыматум) з патрабаваннем прыняць іх умовы на працягу 48 гадзін.

Бальшавікі не сталі столькі чакаць і ўжо раніцай 24 лютага Ленін тэлеграфаваў у Бэрлін: «Савет Народных Камісараў пастанавіў ўмовы міру, прапанаваныя германскім урадам, прыняць і выслаць дэлегацыю ў Брэст-Літоўск». 3 сакавіка быў падпісаны «Брэсцкі мір», згодна з якім Беларусь аддалі немцам.

Яны сышлі з Менска толькі ў снежні 1918-га, калі Германія капітулявала перад заходнімі краінамі. Дык чаму мы адзначаем дату, калі нашу краіну здавалі немцам?!

Дарэчы, вядома, што свята 23 лютага быў прыдуманы бальшавікамі для таго, каб людзі не святкавалі Лютаўскую буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая пачалася 23 лютага 1917 года і ў ходзе якой была рэальна скасаваная манархія. Трэба было чымсьці зачыніць гэты дзень, вось і прыдумалі дзень Чырвонай арміі. А зараз мы на яго молімся.

«Гаворка ідзе пра сакральны сімвал»

Іншае меркаванне пра сітуацыю з датай 23 лютага «Салідарнасці» выказаў начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны, палкоўнік Уладзімір Макараў.

- Уладзімір Мацвеевіч, чаму за кропку адліку гісторыі Узброеных Сіл Беларусі бярэцца менавіта 23 лютага 1918 года?

- Таму што 23 лютага асацыюецца са стварэннем і дзеяннем Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якая выратавала чалавецтва ад фашызму. Сімвалічна, што ў нашай краіне з выбраннем ў 1994 годзе прэзідэнтам Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі быў дадзены магутны імпульс па адраджэнні сэнсаў гэтай перамогі, якая прынесла ратунак чалавецтву.

З Чырвонай арміяй асацыюецца гэты найвялікшы подзвіг, а таксама вызваленне Менска 11 ліпеня 1920 года і вызваленне Менска 3 ліпеня 1944 года.

Дэкрэт аб стварэнні Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі быў падпісаны 15 студзеня 1918 года. Але дата 23 лютага - гэта сакральная дата, сакральны знак. Таму яе мы бярэм за адлік.

... Але я разумею падтэкст вашага пытання.

- Гісторыкі кажуць пра тое, што 23 лютага 1918 года Менск і Беларусь былі пад нямецкай акупацыяй.

- Вы маеце рацыю. Але гаворка ідзе пра сакральны сімвал. Бо Беларусь была, ёсць і застанецца рэспублікай, якая з'яўляецца духоўным прадаўжальнікам традыцый і Чырвонай арміі, і Савецкага саюза. Лепшых традыцый. Прадаўжальнікам традыцый дзяржавы, якая выратавала чалавецтва.

Немцы ў Менску, 1918 год

«Мы што не маем ўласнай гісторыі?»

Даследчык гісторыі Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў катэгарычна не згодны з меркаваннем прадстаўніка Мінабароны.

- Чаму мы тады не святкуем 22 чэрвеня? Бо таксама можна сказаць, што з гэтай даты пачалася Вялікая Айчынная вайна, падчас якой мы пераламалі хрыбет фашысцкай гадзіне. Добра, людзі прывыклі да 23 лютага як да Дня абаронцаў Айчыны. Так хоць бы зверху ў гэтую дату не ўкладвалі нічога, як можна казаць пра 95-годдзе Узброеных сіл? - лічыць Уладзімір Багданаў. - Мы што не маем ўласнай гісторыі? Бо ў той жа афіцыйнай ідэалогіі ёсць іншыя даты (таксама 3 ліпеня 1944 года), якія можна больш удала прывязаць да Дня абаронцы Айчыны.

З майго пункту гледжання, святкаванне Дня абаронцы Айчыны ў дзень, калі Радзіма была прададзеная ворагу, павінна абражаць пачуцці тых жа абаронцаў Айчыны.

Руслан Гарбачоў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 154

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках