29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронцу Цімашэнка прыгразілі пазбаўленнем дэпутацкага мандата

2
Абаронцу Цімашэнка прыгразілі пазбаўленнем дэпутацкага мандата

Апазіцыйнага дэпутата Вярхоўнай Рады Сяргея Уласенку, які выступае адным з абаронцаў экс-прэм'ера Юліі Цімашэнка, хочуць пазбавіць дэпутацкага мандата.

Пра гэта распавёў сам апазіцыянер, піша lenta.ru.

Паводле яго слоў, дэпутат ад кіруючай Партыі рэгіёнаў Уладзімір Мысік звярнуўся да кіраўніцтва парламента з просьбай ініцыяваць зварот у Вышэйшы адміністрацыйны суд. Мэта гэтага звароту заключаецца ў тым, каб пазбавіць Уласенку дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Тлумачачы сваё хадайніцтва, прадстаўнік партыі ўлады, як распавёў Уласенка, спаслаўся на тое, што «будучы народным дэпутатам, Уласенка сумяшчае сваю дзейнасць з адвакацкай дзейнасцю».

Пацверджання гэтай інфармацыі з боку згаданага дэпутата Мысіка (пра тое, што ён звярнуўся з хадайніцтвам) пакуль не паступала.

Уласенка, са свайго боку, заявіў, што прадстаўляў інтарэсы Цімашэнка не ў якасці афіцыйнага адваката, а ў якасці абаронцы, які дзейнічае па даверанасці партыі, і ў якасці дэпутата. «Пачынаючы з 2008 года, з моманту прыняцця прысягі народнага дэпутата, я не ажыццяўляў ніякай адвакацкай дзейнасці, таму ні пра якое сумяшчальніцтва гаворка ісці не можа», - цытуюць яго «Украинские новости».

Тым не менш, у адказ на прэтэнзіі Уласенка звярнуўся ў Раду адвакатаў з просьбай ануляваць яго адвакацкае пасведчанне. Паводле яго слоў, падача такой заявы па законе азначае, што адвакацкая дзейнасць гэтай асобы спыненая. Адмовіцца ад пасведчання, як патлумачыў апазіцыянер, ён вырашыў, каб пазбегнуць «палітычных інсінуацый».

Сяргей Уласенка, юрыст па адукацыі, да абрання дэпутатам працаваў у юрыдычных фірмах. У прыватнасці, па інфармацыі «Лiга.Досье», у перыяд з 2000 па 2006 гады ён быў старэйшым партнёрам адвакацкіх кампаній «Правіс, Рэзнікаў, Уласенка і партнёры». Пазней - партнёрам юрыдычнай фірмы «Магістр і партнёры».

Дэпутатам Вярхоўнай Рады Уласенка быў абраны ў 2008 годзе (у парламенце ён тады ўваходзіў у Блок Юліі Цімашэнка). Па выніках чарговых выбараў (2012 года) ён зноў атрымаў дэпутацкі мандат (на гэты раз Уласенка быў абраны ад партыі Цімашэнка «Батькивщина»).

Цімашэнка, інтарэсы якой прадстаўляе Уласенка, была арыштаваная пасля таго, як да ўлады на Украіне прыйшлі яе палітычныя апаненты: Віктар Януковіч і яго Партыя рэгіёнаў. Былую кіраўніка ўрада абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў пры заключэнні газавых пагадненняў з Расеяй і прысудзілі да сямі гадоў турмы. Пракуратура абвінавачвае яе і ў іншых злачынствах (у тым ліку ў арганізацыі забойства). Сама Цімашэнка адхіляе ўсе абвінавачанні, заяўляючы, што ўлады пераследуюць яе па палітычных матывах.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках