28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шантаж: прафсаюз або работа

17
Шантаж: прафсаюз або работа

(абноўлена) Адміністрацыя прадпрыемства «Граніт», размешчанага ў Мікашэвічах, пагражае звальненнем актывісту незалежнага прафсаюзу Леаніду Дубаносаву.

Як паведаміў charter97.org кіраўнік аддзялення Беларускага незалежнага прафсаюзу на рэспубліканскім унітарным прамысловым прадпрыемстве «Граніт» Алег Стахаевіч, на працоўнае месца памочніка экскаватаршчыка Леаніда Дубаносава рэгулярна прыходзіць камісія, якая ставіць мэтай знайсці парушэнні працоўнай дысцыпліны. У адзін з рабочых дзён на мінулым тыдні яго прымусілі двойчы напісаць тлумачальныя з нагоды нібыта выяўленых парушэнняў. У віну рабочаму было пастаўлена тое, што кабель ляжаў у экскаватара не так, як мае быць.

Леанід Дубаносаў працуе на «Граніце» каля дваццаці гадоў і да гэтага часу ніякіх заўвагаў з боку кіраўніцтва да яго не было. Непрыемнасці пачаліся пасля таго, як ён апынуўся адным з ініцыятараў стварэння незалежнай прафсаюзнай суполкі на прадпрыемстве. Спачатку адміністрацыя запатрабавала ад Дубаносава, каб ён добраахвотна выйшаў з шэрагаў гэтага прафсаюза. Такі ж ціск ажыццяўляўся і на іншых актывістаў. Затым начальнік гранітнага кар'ера Юрый Сушко стаў адкрытым тэкстам гаварыць, што, калі ён не выйдзе з шэрагаў незалежнага прафсаюзу, то яго проста звольняць.

Працоўны кантракт у Дубаносава заканчваецца 2 траўня, а папярэдзіць пра тое, што працягвацца ён не будзе, адміністрацыя прадпрыемства павінна за месяц да гэтай даты. З улікам таго, што рабочы вырашыў сысці ў чарговы адпачынак, кіраўніцтва «Граніту» спяшаецца менавіта цяпер накласці спагнанні на памочніка экскаватаршчыка. Нягледзячы на рэальную пагрозу звальнення, актывіст не збіраецца выходзіць з незалежнага прафсаюза, лічачы, што нічога забароненага ён не здзяйсняе.

Як адзначыў Алег Стахаевіч, хоць адміністрацыя прадпрыемства адназначна вядзе справу да звальнення Дубаносава, прафсаюз будзе працягваць падтрымліваць калегу ў адстойванні свайго права на працу і ўдзел у прафсаюзнай дзейнасці.

Нагадаем, што сітуацыя на «Граніце» прыцягнула ўвагу грамадскасці ў канцы 2011 года, калі сотні рабочых выйшлі з афіцыйнага і стварылі суполку незалежнага прафсаюзу. Такім чынам яны пратэставалі супраць нізкіх заробкаў і зняважлівых адносін да сябе з боку адміністрацыі прадпрыемства. На самых актыўных пачаўся ціск з боку кіраўніцтва «Граніту» і прадстаўнікоў спецслужб, у выніку некалькі чалавек, у тым ліку лідэр прафсаюзнай суполкі Алег Стахаевіч, былі звольненыя.

Сітуацыя на «Граніце» выклікала шырокі міжнародны рэзананс: у падтрымку мясцовага незалежнага прафсаюзу выказваліся Міжнародная арганізацыя працы, канфедэрацыі прафсаюзаў Еўропы і Расеі і нават прафсаюзы Венесуэлы.

Разам з тым, высокапастаўленыя чыноўнікі, якія з тых часоў часта прыязджаюць у Мікашэвічы, асцерагаюцца паўтарэння сітуацыі. Менавіта таму, лічыць Стахаевіч, вось ужо некалькі месяцаў сярэдняя зарплата рабочых на прадпрыемстве не апускаецца ніжэй за тысячу даляраў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках