25 красавiка 2024, Чацвер, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў заклікаюць «да адказнасці за лёс краіны»

36
Беларусаў заклікаюць «да адказнасці за лёс краіны»

Арганізатары Дня Волі заклікаюць беларусаў адчуць сябе грамадзянамі, «персанальна адказнымі за лёс сваёй краіны».

Пра гэта сказана ў звароце, які быў абвешчаны 25 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску лідэрам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух», каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктарам Івашкевічам, піша БелаПАН.

«Мы ўпэўненыя, што толькі пры еўрапейскай палітычнай і эканамічнай сістэме вы зможаце пракарміць сябе і свае сем'і ўласнымі рукамі і галавой», - гаворыцца ў звароце аргкамітэта па святкаванні Дня Волі.

Івашкевіч нагадаў, што 24 сакавіка арганізатары «выйдуць на вуліцы Менска, каб ушанаваць памяць дзеячаў БНР, якім хапіла мужнасці і рашучасці ўзяць на сябе адказнасць і абвясціць стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы».

Арганізатары святкавання Дня Волі, падкрэсліў палітык, хочуць «прадэманстраваць усяму свету, што ў Беларусі ёсць тысячы людзей, якія не выпускаюць са сваіх рук бел-чырвона-белы сцяг і працягваюць барацьбу за свабоду і незалежнасць».

«Мы хочам заявіць, што толькі ў свабоднай і незалежнай краіне мы здолеем свабодна праяўляць сваю творчую, гаспадарчую і палітычную ініцыятыву, сваёй кваліфікаванай працай забяспечыць сабе годную зарплату, адкрыць для сябе новыя перспектывы, стаць эканамічна незалежнымі ўласнікамі, забяспечыць сабе і сваім блізкім камфортнае жыццё», - адзначыў Івашкевіч.

Нагадаем, заяўка на правядзенне 24 сакавіка ў Менску вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі была пададзеная ў Менгарвыканкам 20 лютага. Мяркуецца, што збор удзельнікаў акцыі пачнецца ў 12.00 каля ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад. Адтуль людзі, якія сабраліся, рушаць у бок парку Дружбы Народаў, дзе пройдзе мітынг, які павінен скончыцца ў 15.00.

На 24 сакавіка таксама запланаваны ўрачысты сход і канцэрт у Палацы культуры Менскага трактарнага завода. Заяўка на імя адміністрацыі ДК з просьбай прадаставіць памяшканне ў арэнду пададзеная на мінулым тыдні за подпісам лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

Дзень Волі, прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года), дэмакратычная грамадскасць краіны адзначае штогод.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках