24 красавiка 2024, Серада, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асабняк для Касінца замест музея

61
Асабняк для Касінца замест музея

У Віцебску ў канцы 1-й вуліцы імя Даватара паскоранымі тэмпамі ўзводзіцца новы будынак.

Пляцоўка абнесеная плотам, але звыклага ў такіх выпадках «Пашпарта аб'екта будоўлі» на ім няма. Зрэшты, усе мясцовыя жыхары і так ведаюць: тут будуюць рэзідэнцыю для старшыні аблвыканкама, паведамляе «Радыё Свабода».

Тэрыторыя рэзідэнцыі ў так званым «ціхім цэнтры» Віцебска вельмі вялікая: пад знос ужо пайшлі парнікі ветакадэміі. На чарзе - гістарычны будынак канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, з якога летам выселілі Музей прыватных калекцый.

Віцебскі Музей прыватных калекцый быў адзіным у Беларусі. А сёння да гэтага будынка не падысці: за стогадовым плотам з чырвонай цэглы будуецца двухпавярховы асабняк. Былы музей з усіх бакоў завалены будматэрыяламі, і рабочыя-будаўнікі расказваюць усім цікаўным пра перспектывы яго зносу.

А самыя цікаўныя - гэта студэнты ветэрынарнай акадэміі. Яе інтэрнат зусім побач, і ўсіх цікавіць, што адбываецца за плотам.

«Мы туды хадзілі гуляць, хацелі сфатаграфавацца, а там - будоўля. Але няма ніякай шыльды, што гэта будуюць. І чалавек з сабакам гэтую будоўлю ахоўвае. Прыйшлі ў інтэрнат, расказваем... А усе кажуць: «Чаго вы там лазіце? Гэта ж дом губернатару будуюць!» Мы здзівіліся: якому губернатару? Аказваецца, нашаму Касінцу. Нам стала цікава, мы пайшлі да будаўнікоў, пахіхікалі з імі, яны і расказалі. Маўляў, сапраўды, дом для губернатара. Пытаемся: «Чаму такі маленькі?» Яны кажуць: «Гэта толькі два паверхі над зямлёй, а ўнізе яшчэ адзін, там басейн будзе»... Ну, мы ўжо не сталі пытацца, ці пусцяць нас туды паплаваць...», - кажа студэнтка Ларыса.

На месцы цяпліц - будоўля

Не тое, што купацца - студэнтам настойліва раяць нават не глядзець у бок будучай рэзідэнцыі. А між тым будаўнічая пляцоўка заняла і частку тэрыторыі навучальнай установы.

«Выхавальнікі ў інтэрнаце казалі, каб мы туды не хадзілі. Маўляў, там нашых парнікоў больш няма, і няма чаго там рабіць. Раней там былі парнікі ветакадэміі. Так іх знеслі. І будаўнікі казалі, што той стары дом, дзе музей быў, там яшчэ нейкія калекцыі выстаўлялі, яго таксама знясуць», - працягвае студэнтка.

Злева яшчэ стаіць гістарычны будынак былога музея

Даведацца нешта пра будоўлу немагчыма. Абавязковы для кожнага будаўнічага аб'екта «пашпарт» - шыльда з назвай аб'екта, план і будучы знешні выгляд будынка - адсутнічае.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Касінец пакуль жыве ў звычайнай кватэры дзевяціпавярхоўкі. Адзінае, што незвычайна - у пад'ездзе дзяжурыць міліцыя.

Што тычыцца Музея прыватных калекцый, то спачатку ў Віцебску меркавалі, што новая Губернатарская рэзідэнцыя будзе менавіта ў ім. Дарэчы, у гэтым будынку некалі жыў кіраўнік зямельна-сялянскага банка, а пасля Вялікай Айчыннай вайны - першыя сакратары абкама КПБ.

Будынак, дзе знаходзіўся Музей прыватных калекцый

Пра верагодны працяг савецкай традыцыі мясцовыя жыхары загаварылі, калі мінулым летам адбылося тэрміновае высяленне Музея прыватных калекцый.

Старшыня абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык адным з першых паспрабаваў высветліць прычыны: «Я пытаўся ў супрацоўнікаў, ці не здарылася ў іх чаго. Казалі, што нічога не цячэ, не развальваецца, і раптам - «аварыйны стан». Я потым і з міністрам культуры размаўляў па тэлефоне. Латушка тады сказаў: «Мы, вядома, за Музей прыватных калекцый. Але гэта не наша ўласнасць, а абласная. І мне сказалі, што будынак у аварыйным стане».

Музей прыватных калекцый у старадаўнім асабняку праіснаваў 19 гадоў. Яго адкрылі 22 ліпеня 1993 года, у першы дзень першага «Славянскага базару». А на другі дзень апошняга фестывалю экспанаты тэрмінова перавозілі ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей, вызваляючы памяшканне. Наконт рамонту нібыта «аварыйнага» музейнага будынка гаворкі не ідзе. Затое побач узводзіцца новы асабняк - рэзідэнцыя для губернатара. І ўсё, што гэтаму перашкаджае - ідзе пад знос.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках