28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BBC: Каліноўскі - апазіцыянер № 1 для дыктатара

135
BBC: Каліноўскі - апазіцыянер № 1 для дыктатара

Кіраўнік паўстання 1863 года - самы небяспечны герой для рэжыму.

Беларускія ўлады не праводзяць і не плануюць імпрэз, прымеркаваных да 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Прадстаўнікі ідэалагічных інстытутаў і «афіцыйныя» гісторыкі сцвярджаюць, што «міф пра Каліноўскага» прыдумалі бальшавікі і эксплуатуюць нацыяналісты, перадае ВВС.

У сярэдзіне студзеня на прэс-канферэнцыі для айчынных і замежных журналістаў прэзідэнт Лукашэнка заявіў, што не чуў аб імпрэзах, прысвечаных юбілею паўстання 1863 года, але не супраць удзельнічаць у іх супольна з Літвой і Польшчай, «калі такія прапановы будуць і яны не разыходзяцца з той палітыкай, якую мы праводзім у нашай дзяржаве».

Беларускія дыпламаты і чыноўнікі невысокага рангу, сапраўды, прынялі запрашэнні прадстаўнікоў улады суседніх дзяржаў і наведалі шэраг звязаных з паўстаннем месцаў.

Але ўрачыстыя сходы і памятныя вечарыны ў штаб-кватэрах апазіцыйных партый і сціплых залах у рэгіёнах прайшлі і праходзяць без прадстаўнікоў улады.

Каліноўскі ў сучасным беларускім палітычным раскладзе - апазіцыянер № 1. Бо гэта яго імем пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года апаненты Лукашэнкі называюць цэнтральную - Кастрычніцкую плошчу ў Менску, якія перажылі ліквідацыю пратэстнага намётавага мястэчка. І імем Каліноўскага названая праграма навучання выгнаных з беларускіх універсітэтаў вольналюбных студэнтаў, дзейная ў суседняй Польшчы.

Чый герой?

У Польшчы гэта паўстанне называюць студзеньскім - першы выступ паўстанцаў адбыўся ў Варшаве ў ноч з 22 на 23 студзеня. 1 лютага 1863 года да паўстання супраць царскай Расіі заклікаў узначалены Каліноўскім восені 1862 года Літоўскі правінцыйны камітэт, абвешчаны Часовым урадам.

Даводзячы, што паўстанне бараніла права падзеленай Польшчы, рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін у адной са сваіх публікацый спасылаецца на лютаўскі Маніфест ад імя «Нацыянальнага польскага ўрада», у якім сяляне і шляхта заклікаюцца «абараняць польскі край, грамадзянамі якога [яны] з'яўляюцца з сённяшняга дня».

Пераконваючы, што Каліноўскі не можа быць беларускім нацыянальным героем, Гігін цытуе радкі яшчэ аднаго, сакавіцкага маніфеста паўстанцаў: «Адна мэта аб'ядноўвае нас усіх - вызваленне Айчыны. Суродзічы ўсіх веравызнанняў і класаў, браты Літвы і Беларусі!.. Усіх тых, у кім б'ецца польскае сэрца, заклікаем наперад, пад штандар Белага Арла і Пагоні... Божа, збаў Польшчу!».

Незалежныя гісторыкі ў адказ спасылаюцца на харугвы (штандары) паўстанцаў, дзе над гербамі з польскім арлом і «Пагоняй» (вершнік з мечам, які цяпер з'яўляецца гербам Літвы і да вяртання ў 1995 годзе савецкай сімволікі быў гербам суверэннай Беларусі) значыцца: за нашу і вашу вольнасць!

А водгукам на пароль каліноўцаў на тутэйшых землях, паводле сцвярджэнняў гісторыкаў, была фраза «Люблю Беларусь». Хоць Беларусі як адміністрацыйна-палітычнай адзінкі яшчэ не існавала.

Віна савецкай улады

Сучасным абаронцам Каліноўскага даводзіцца даводзіць, што выдаваная ім «Мужыцкая праўда» напісаная лацінкай, але па-беларуску, што месца ягонага нараджэння, якое знаходзіцца сёння на тэрыторыі Польшчы, належала беларускаму Гарадзенскаму павету, што да Каліноўскага неўжывальнае слова «тэрарыст», якім ацэньваюць яго злоснікі.

Спрэчкі ўсчаліся пасля праведзенай надоечы ў Менску канферэнцыі «Польскае шляхецкае паўстанне 1863 года. Погляд на падзеі праз 150 гадоў», дзе гісторыкі з дзяржаўных інстытутаў, кіраўнікі праўладных грамадскіх структур і ідэолагі бязлітасна разбурылі «міф пра Каліноўскага».

У стварэнні такога міфа палітолаг Вадзім Гігін вінаваціць бальшавікоў.

«Згодна з іх гістарычнай канцэпцыяй, Камуністычная партыя павінна была мець у кожным народзе свайго папярэдніка. Гэта значыць таго, хто, вядома, не змог усвядоміць вызначальную ролю гарадскога пралетарыяту і прасякнуцца ідэямі марксізму, але быў «ідэйна блізкі». Адсюль нарадзілася вядомая формула пра дзекабрыстаў , што збудзілі Герцэна, а той, у сваю чаргу, апладніў народнікаў. На Украіне папярэднікамі бальшавікоў былі абвешчаныя Шаўчэнкі і Кармялюк і г.д. У Беларусі гэтая роля была падрыхтаваная Каліноўскаму», - мяркуе Гігін.

Вуліца імя Каліноўскага ў беларускай сталіцы сапраўды з'явілася за савецкай уладай - паўстагоддзя таму, да 100-годдзя пачатку паўстання супраць царскага самадзяржаўя. У постсавецкай, суверэннай Беларусі як найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода быў заснаваны ордэн Каліноўскага - тады героя называлі сімвалам нацыянальна-вызвольнага руху.

Але ў сярэдзіне 2004-га, не ўручыўшы ні разу, узнагароду афіцыйна скасавалі. А ад вуліцы Каліноўскага пару гадоў таму «адцялі», пераназваўшы, квартал.

Менчукі жартуюць, што расейскаму фундатару збудаванай тут праваслаўнай бажніцы вельмі не падабалася імя лідэра антырасейскага паўстання, які абвяшчаў: «Народзе, тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе».

Герой «на выклік»

На журфаку ў часы брэжнеўскага застою выкладчык не раіў нам, студэнтам, завіхацца ў пошуках тэкстаў «Мужыцкай праўды». Дастаткова было ведаць, што нумароў у 1862-1863 гадах выйшла сем, і ўлёткі-звароты пачыналіся словамі «Дзецюкі!». «Яны не толькі антыцарскія, яны антысавецкія», - папярэджваў нас выкладчык.

Пасля перабудовы газэты ў Беларусі выйшлі з лозунгам Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа!»

Сёння гэты лозунг - на рэдкіх і маланакладных недзяржаўных выданнях. У школьных падручніках артыкулы пра паўстанцаў скараціліся да кароткіх параграфаў, пра Каліноўскага школьнікам распавядаюць як пра юнака інтэлігентнага і адукаванага, але распарадзіўся сваім жыццём трагічна і безвынікова. А тэксты, якія заклікаюць пазбавіцца ад расейскага святара, расейскага чыноўніка, расейскага абшарніка, зноў не раяць чытаць студэнтам, што вывучаюць творчасць Каліноўскага.

«Лукашэнка з адукацыі гісторык. Але ў Беларусі гістарычныя асобы даўно ператварыліся ў герояў на выклік. Выступаючы за парадак, Лукашэнка ўспамінаў і Гітлера, і Сталіна, неяк забараніў крытыкаваць кіраўнікоў СССР. З Каліноўскім прыкладна тая ж гісторыя - перастане быць выгадным сяброўства з Расеяй - тут жа ўлада згадаеь, што побач ёсць Літва, Польшча, і агульны для нас нацыянальны герой», - мяркуе праваабаронца Людміла Гразнова.

Вядомыя беларускія пісьменнікі, лідары грамадскай думкі, гісторыкі і апазіцыйныя палітыкі ў гэтыя дні папікаюць афіцыйныя ўлады ў трансляцыі поглядаў расейскай гістарыяграфіі на існасць паўстання 1863 года і палітычна матываваным ігнараванні юбілейных дат.

«Ён быў першым, хто ўсвядоміў, што ёсць Беларусь»

Праз дзень пасля абвяшчэння аб пачатку паўстання, 2 лютага 1863 года, Кастусю Каліноўскаму, аднаму з лідэраў паўстанцаў, споўнілася 25. Ён - выпускнік юрыдычнага факультэта Петэрбуржскага ўніверсітэта, стваральнік і кіраўнік рэвалюцыйнай арганізацыі ў Горадні, аўтар і рэдактар выдаванай з 1862-га «Мужыцкай праўды».

Каліноўскага караюць смерцю праз год з лішкам у Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі. Высокі драўляны крыж на месцы пакарання смерцю - месца паломніцтва беларусаў.

«Ён быў першым, хто ўсвядоміў, што ёсць Беларусь, і першым яе палюбіў», - вызначыў ролю Кастуся Каліноўскага ў беларускай гісторыі паэт і палітык Уладзімір Някляеў, экс-спаборнік Лукашэнкі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

Выступаючы супраць расейскага самадзяржаўя, Каліноўскі і яго прыхільнікі з Літоўскага камітэта меркавалі, што літоўцы, беларусы і ўкраінцы павінны самі вызначыць пытанне аб сваёй незалежнасці і форме кіравання. Кіраўнікі яшчэ аднаго паўстанцкага цэнтра - у Варшаве, празваныя пазней гісторыкамі лібераламі, ставілі задачай аднаўленне польскай дзяржавы - Рэчы Паспалітай - у межах 1772 года, у тым ліку з дапамогай заходніх дзяржаў.

Гісторыкі некалькіх пакаленняў спрачаюцца, ці была ў паўстання рэальная перспектыва дамагчыся хоць якіх-небудзь з пастаўленых мэтаў пры супярэчнасцях у двух паўстанцкіх асяродках і магутнасці Расеі, што валодала землямі Паўночна-Заходняга краю. Энцыклапедыі розных гадоў выдання тлумачаць, што ў паўстання, кажучы сучаснай мовай, не было дастатковай сацыяльнай базы.

«Паўстанне 1863 года было адным з нешматлікіх у гісторыі ХІХ стагоддзя прыкладаў, калі фактычна купка ўзброеных людзей, абараняючы сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, паўстала супраць велізарнай імперыі. Тры еўрапейскія народы - беларусы, палякі і літоўцы - коштам жыццяў сваіх найлепшых сыноў выказалі пратэст супраць расейскага феадалізму, абсалютызму і дэспатызму, засведчыўшы прыхільнасць канстытуцыйнасці і парламентарызму», - піша ў энцыклапедыі «Краіна Беларусь» пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў.

Паводле сведчанняў сучаснікаў, адзін з кіраўнікоў паўстанцаў Рамуальд Траўгут на трывожнае пытанне жонкі, ці ёсць у паўстанні сэнс, адказаў: «Не ведаю, ці ёсць сэнс. Але ёсць патрэба».

Здушэннем паўстання кіраваў расейскі генерал Міхаіл Мураўёў. Паводле звестак гісторыкаў, пакараныя ваенна-палявымі судамі і без судоў былі 18 з паловай тысяч паўстанцаў. 128 былі павешаныя або расстраляныя, 853 адпраўленыя на катаргу, блізу 12 тысяч - на высылку або ў арыштанцкія роты.

Праз 150 гадоў пасля гэтых падзей увечары ў астатні дзень студзеня людзі паставілі свечкі па дарозе з вёскі Шарашова да вёскі Купічы ў беларускім Палессі - уздоўж гэтай дарогі на згоне 1863 царскія вайскоўцы вешалі палонных паўстанцаў.

Напісаць каментар 135

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках