Тэлеканал «Дождь»: Вядомага мадэльера кінулі ў клетку, як сабаку
95- 5.02.2013, 9:17
Расейскі тэлеканал паказаў сюжэт пра суд над Аляксандрам Варламавым.
Журналісты назвалі працэс над мадэльерам «паказальным». У рэпартажы падкрэсліваецца, што суд праходзіць у той жа зале, дзе судзілі абвінавачаных у выбуху ў менскім метро Змітра Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, а Аляксандра Варламава судзяць так, як быццам ён з'яўляецца небяспечным злачынцам.
Тэлеканал не выключае, што ў мадэльера знайшліся ўплывовыя ворагі, якія і сталі ініцыятарамі гучнай справы.
Нагадаем, працэс над Аляксандрам Варламавым пачаўся ўчора ў менскім Доме правасуддзя.
Мадэльеру ставіцца ў віну незаконнае выкарыстанне для арганізацыі платных заняткаў памяшканняў, выдзеленых ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава» Белдзяржуніверсітэтам непасрэдна ў будынку БДУ і ў ліцэі БДУ. Гэта прывяло да недаплаты арэндных і камунальных плацяжоў на суму 88,6 млн. рублёў.
Варламаў таксама абвінавачваецца ў службовых падлогах, унясенні ілжывых звестак у дакументы, згодна з якімі памяшканні, выдзеленыя ўзначаленаму ім Цэнтру сучаснага стылю і моды БДУ, выкарыстоўваліся выключна гэтай структурай. Гэта значыць, як сцвярджае дзяржабвінавачанне, Варламаў схаваў ад кіраўніцтва ВНУ факт прадастаўлення платных паслуг на выдзеленай яму базе.
Абвінавачванне таксама сцвярджае, што Варламаў у інтарэсах уласнага прадпрыемства - «Агенцтва моды Сашы Варламава», рэкламаваў яго і яго платныя паслугі за кошт сродкаў дзяржбюджэту, якія вылучаліся на рэкламу фестывалю «Млын моды».
Дырэктар ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава», былы мастацкі кіраўнік Цэнтра сучаснага стылю і моды «UNIVERSUM MODELS» упраўлення па справах культуры БДУ, былы намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» і начальнік Цэнтра маладзёжнай моды БДУ Варламаў быў заключаны пад варту 20 траўня 2011 года.