19 красавiка 2024, Пятніца, 16:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forum 18: Гета для беларускіх рэлігійных абшчын

43
Forum 18: Гета для беларускіх рэлігійных абшчын

Беларускі рэжым працягвае абмяжоўваць рэлігійныя абшчыны жорсткімі правіламі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве нарвежскай праваабарончай арганізацыі Forum 18, вытрымкі з якой прыводзіць сайт Worthy Christian News (пераклад - charter97.org).

«Адну з галоўных роляў у абмежаванні свабоды гуляе «Закон аб рэлігіі», прыняты ў 2012 годзе. Гэта самы рэпрэсіўны закон у сваім родзе ў Еўропе сёння. Яго абмежаванні ўключаюць у сябе абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю ўсіх рэлігійных абшчын і геаграфічную лакалізацыю месцаў, дзе дазваляецца іх дзейнасць», - адзначаюць праваабаронцы.

Акрамя таго, у заяве арганізацыі гаворыцца пра тое, што беларускія ўлады ўважліва адсочваюць усіх замежных грамадзян, якія вядуць рэлігійную дзейнасць. «Згодна з законам 1999 года, замежнікі могуць працаваць толькі ў межах малітоўных дамоў, якія належаць, ці ўвесь час арандуюцца рэлігійнай арганізацыяй, якая іх запрасіла. Пераход замежнага працаўніка з адной рэлігійнай арганізацыі да іншай, нават калі гэта тычыцца просты змены прыходу, магчымая толькі з пісьмовага дазволу дзяржаўнага чыноўніка па справах рэлігіі», - гаворыцца ў дакуменце.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што дзяржава часта перашкаджае набыццю дамоў рэлігійнымі суполкамі, якія знаходзяцца ў палітычнай няміласці. У іншых жа месцах дзейнасць суполак забаронена. Перашкоды для працы рэлігійных аб'яднанняў ствараюцца яшчэ на стадыі іх рэгістрацыі.

«Для любых рэлігійных абшчын у Беларусі дзяржаўныя абмежаванні пачынаюцца з моманту іх утварэння. Згодна з артыкулам 14 «Закона аб рэлігіі», усе рэлігійныя арганізацыі павінны быць зарэгістраваныя. Для рэгістрацыі неабходна, як мінімум 20 чалавек. Але для іх збору магчымасцяў няма, таму што да атрымання афіцыйнага статусу рэлігійная абшчына не можа збіраць сваіх прыхільнікаў», - гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што незарэгістраваная рэлігійная дзейнасць разглядаецца як адміністрацыйнае правапарушэнне, а невыкананне закона пагражае штрафам або пазбаўленнем волі.

Арганізацыя таксама адзначае, што беларускія ўлады часта забараняюць наведванне святарамі вязняў сумлення ў турмах.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках