Рубінаў: Прапанова апублікаваць зарплаты чыноўнікаў - папулізм
64- 5.02.2013, 16:57
Старшыня «савета рэспублікі» лічыць папулісцкай прапанову аб публікацыі звестак з дэкларацый дзяржслужачых.
Пра гэта Анатоль Рубінаў заявіў у інтэрв'ю БелТА.
Каментуючы папраўкі ў заканадаўства аб супрацьдзеянні карупцыі, у прыватнасці прапанову ўвесці абавязковае адкрытае апублікаванне звестак з дэкларацый, Анатоль Рубінаў адзначыў, што дзяржслужачыя, а таксама члены іх сем'яў штогод падаюць дэкларацыі.
«Асабіста я гатовы ў любы момант апублікаваць свае даходы. Хоць лічу гэтую прапанову папулісцкай. Ніякай таямніцы тут няма, усё і без таго кантралюецца», - падкрэсліў старшыня «савета рэспублікі».
Рубінаў нагадаў, што ў Беларусі закон аб дзяржслужбе забараняе чыноўніку займацца камерцыйнай дзейнасцю. «Апроч зарплаты, даходы ён можа атрымліваць, займаючыся толькі навукай, выкладаннем, творчасцю. Іншыя крыніцы яму забаронена мець. А калі чыноўнік хабары бярэ, то ён гэтага ўсё роўна не пакажа. Такія, на жаль, ёсць. Але іх рана ці позна вылічаюць», - сказаў Рубінаў.