20 красавiка 2024, Субота, 4:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Нямцоў: Маўчаць не збіраюся

36
Барыс Нямцоў: Маўчаць не збіраюся

Лідэр расейскай апазіцыі даў пісьмовыя паказанні па справе Аляксея Навальнага.

Допыт сустаршыні партыі «Парнас» Барыса Нямцова ў Следчым камітэце прайшоў 5 лютага.

Допыт праходзіў па сфабрыкаванай, на думку расейскай апазіцыі, справе аб крадзяжы некалькі гадоў назад сродкаў партыі «Саюз правых сілаў» (СПС), выдзеленых рэкламнай кампаніі апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Барыс Нямцоў, які праходзіць па гэтай справе ў якасці сведкі, перадаў следчаму свае пісьмовыя паказанні, але на якія-небудзь пытанні адказваць адмовіўся.

У інтэрв'ю charter97.org палітык адзначыў, што лічыць узбуджаную супраць Аляксея Навальнага крымінальную справу - палітычнай, так як ніякіх скаргаў, заяў ад сябраў СПС няма. Сам палітык за апошнія паўгода ўжо чатыры разы выклікаўся на допыты па двух крымінальных справах, узбуджаных пасля акцыі 6 траўня і супраць кіраўніка «РосПіла». За гэты час у Нямцова двойчы прайшлі ператрусы, канфіскаваную падчас іх тэхніку яму так і не вярнулі.

Вынік сённяшняга допыту ў Следчым камітэце Барыс Нямцоў лічыць «сенсацыйным». «Мае пісьмовыя паказанні - усе да адзінага слова - далучаныя да матэрыялаў справы. Гэта сенсацыя, такога проста не магло быць. Бо я ў сваіх паказаннях напісаў, што справа супраць Навальнага палітычна матываваная, што кіраўнік СК РФ Аляксандр Бастрыкін выконвае прамыя ўказанні Уладзіміра Пуціна, у тым ліку крымінальныя - запалохвае і пераследуе журналістаў, фабрыкуе крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў апазіцыі», - заявіў Нямцоў.

Публікуем пісьмовыя паказанні палітыка цалкам:

Пісьмовыя паказанні сведкі Барыса Нямцова па справе СПС-Навальнага

Па сутнасці справы хачу даць наступныя паказанні.

З 2004 г. я не быў кіраўніком Палітычнай партыі «Саюз правых сілаў», не выконваў ніякіх арганізацыйна-распарадчых функцый, не меў права подпісу.

Як падчас самой выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Дзяржаўнай Думы ў 2007 г., так і ў перыяд, які папярэднічаў ёй, я займаўся паездкамі па рэгіёнах і сустрэчамі з выбаршчыкамі. Інфармацыяй аб кантрактах, дамовах і г.д., якія складаліся ў перыяд 2007 г., не валодаю.

Адносна паведамленняў аб наяўных прэтэнзіях Следчага камітэта Расеі да Аляксея Навальнага, якія з'явіліся ў сродках масавай інфармацыі, хачу паведаміць, што мне невядома пра якія-небудзь прэтэнзіі сябраў альбо супрацоўнікаў Палітычнай партыі «Саюз правых сілаў» да Аляксея Навальнага. Упэўнены, што ён не здзяйсняў крадзяжоў або ашуканскіх дзеянняў у дачыненні да фінансаў і маёмасці СПС.

Мяркую незаконным узбуджэнне крымінальнай справы па гэтым факце ў адсутнасці пацярпелых, паколькі якой-небудзь заявы аб злачынстве з боку Палітычнай партыі «Саюз правых сілаў» не паступала. Больш за тое, дадзеная арганізацыя ліквідаваная яшчэ ў 2009 г. і не пакінула правапераемнікаў.

Мяркую распачатую крымінальную справу па факце крадзяжоў або ашуканскіх дзеянняў, якія нібыта мелі месца ў перыяд існавання Палітычнай партыі «Саюз правых сілаў» у 2007 г. палітычна матываванай - як і астатнія справы, узбуджаныя ў сувязі з жаданнем кіраўніцтва Следчага камітэта Расеі любым спосабам прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Аляксея Навальнага.

У сваім выступленні на пашыранай калегіі Следчага камітэта Расеі ў Санкт-Пецярбургу 5 ліпеня 2012 года старшыня Следчага камітэта Расеі грамадзянін А. Бастрыкін выступіў з прамовай (паказанай шматлікімі СМІ), сутнасць якой зводзілася да таго, што ў любым выпадку трэба прыцягнуць да адказнасці Аляксея Навальнага. Мяркую, што дадзеныя дзеянні з'яўляюцца, безумоўна, палітычна матываванымі і накіраваныя на абарону інтарэсаў не столькі самога гр-на Бастрыкіна, колькі яго аднакурсніка па юрыдычным факультэце ЛДУ ім. Жданава грамадзяніна Пуціна У.У. - у апазіцыі да якога я знаходжуся (як, відавочна, і Аляксей Навальны). Пры дадзеных абставінах немагчыма чакаць, што дзеянні Следчага камітэта Расеі ў дачыненні да Навальнага будуць аб'ектыўнымі і непрадузятымі, накіраванымі на ўстанаўленне ісціны

Пры гэтым хачу асабліва адзначыць, што я, з'яўляючыся патрыётам сваёй краіны, ніколі не меў нерухомасці, рахункаў, зарэгістраваных фірмаў або віду на жыхарства ні ў Чэшскай Рэспубліцы, ні ў іншых краінах НАТА і наогул за мяжой.

Акрамя таго, будучы абраным губернатарам адной з найбуйнейшых расейскіх абласцей, а затым першым віцэ-прэм'ерам краіны, я ніколі не ўдзельнічаў у крымінальных разборках з непажаданымі журналістамі ні на абочыне лесу, ні ў двухстах метрах ад яго, з прычыны чаго мне не прыходзілася з гэтай нагоды спасылацца на неналежны псіхічны стан

Хачу таксама адзначыць, што ў мяне стварылася цвёрдая ўпэўненасць, што Следчы камітэт Расеі змагаецца з апазіцыяй, але пры гэтым пакрывае сапраўдных злачынцаў. Так, у прыватнасці, я сам з'яўляюся пацярпелым па крымінальнай справе № 440007, узбуджанай 30 студзеня 2012 г. Следчым упраўленнем па ЦАА ГСУ Следчага камітэта Расейскай Федэрацыі па Маскве па ч. 1 арт. 138 УК РФ - па факце відавочна супрацьзаконнага з'яўлення на Інтэрнэт-сайце www.lifenews.ru публікацыі пад загалоўкам «Life News публікуе таемныя перамовы Нямцова з апазіцыянерамі», якая змяшчае шэраг аўдыёфайлаў з маімі асабістымі перамовамі па мабільным тэлефоне з шэрагам асоб (усяго больш за 30 аўдыёфайлаў ). Аднак, як мне паведамілі з пракуратуры ПУАА г. Масквы: «Па выніках расследавання крымінальнай справы, папярэдняе следства неаднаразова прыпынялася па падставе, прадугледжанай п. 1 ч. 1 арт. 208 КПК РФ, у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага, апошні раз 05.08.2012»

Такім чынам, усе сілы ведамства, якое ўзначальваецца гр-нам Бастрыкіным, кінутыя на барацьбу з апазіцыянерамі рэжыму яго аднакурсніка па ўніверсітэце, але пры гэтым за год устанавіць рэальных злачынцаў Следчы камітэт Расеі не хоча і не ў стане.

Улічваючы ўсё вышэй сказанае, я не буду даваць далейшыя паказанні па гэтай крымінальнай справе - арт. 51 Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі.

Акрамя таго, я не буду даваць падпіску аб невыдаванні, паколькі лічу працэс у дачыненні да Навальнага палітычным, ніякага дачынення да барацьбы з крыміналам ён не мае. Маё маўчанне па гэтай справе - садзейнічанне палітычным рэпрэсіям. Маўчаць я не збіраюся».

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках