17 красавiка 2024, Серада, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жабракі, але - вясёлыя

4
Жабракі, але - вясёлыя

Праз 30 гадоў пасля таго, як Ігар Палівода напісаў цыкл «Вясёлыя жабракі» на вершы Робэрта Бёрнса, гэтая праграма была нарэшце запісаная ў студыі.

Справядлівасць перамагла. Але пытанні да ініцыятару аднаўлення праграмы засталіся. А паколькі з Барысам Бэрнштэйнам мы знаёмыя ўжо не адзін дзясятак гадоў, то дазволілі сабе гаварыць з ім на «ты» і без залішняй дыпламатыі.

- Чаму для аднаўлення «Вясёлых жабракоў» была запрошаная такая колькасць выканаўцаў? Бо ўсё магло быць зроблена куды меншымі сіламі...

- Ды іх вельмі мала, на мой погляд! «Вясёлыя жабракі» - гэта не чыста музычны праект, а ў першую чаргу праект чалавечы! Трыбут, даніна таленавітаму музыку, павагу да яго памяці.

Але перш чым адказаць на тваё пытанне, скажу пра тое, кім асабіста для мяне быў Ігар. Ягоны аўтарытэт быў вельмі высокім у нашай музычнай тусоўцы. Ёсць лідары, так бы мовіць, афіцыйныя, а ёсць яшчэ і прыхаваная табліца рангаў. Дык у ёй Ігар быў на адным з першых месцаў. Мы вельмі шмат чаму вучыліся ў яго, хоць і самі былі, што называецца, не аборай хлеб кроілі. Але рэйка, якую трымаў Ігар, была высокая! З пункту гледжання ягонага таленту, патрабавальнасці да сябе і павагі да прафесіі.

Ён быў непамяркоўны да ўсякага тандэту, да ўсялякага недастаткова сур'ёзнага на ягоны погляд стаўлення да таго, чым мы ўсе займаемся. Я атрымаў ад яго столькі прачуханак за гэтую несур'ёзнасць, што аж гай шумеў...

Мне было часта вельмі сорамна перад ім за непрыгожа напісаныя ноты, непрадуманасць аранжыроўкі. Напрыклад, я спрабаваў укараніць мой улюбёны на той час джаз-рок ва ўсё, з чым мне даводзілася працаваць, у тым ліку і ў беларускую музыку. А гэта яго моцна раздражняла. «Чувак (у гэтым выпадку гэта слова з ягоных вуснаў было праявай незадаволенасці), ты калі-небудзь чытаеш тэксты песень, калі аранжуеш? Дык пачытай! І ушалопай, пра што песня! І калі ўшалопаеш, гэта і падкажа табе, як яе падаць музычна, у якім стылі. А ты, прабач, лепіш свае любімыя сінкопы дзе трэба і дзе не трэба. Так нельга! Ці ты не музыкам будзеш, а рамеснікам!». Тады я стаяў як апляваны і нават злаваўся на яго, а цяпер выдатна разумею, пра што ён казаў і вельмі ўдзячны лёсу за выкладзеную ім мне прафесійную навуку!

- Але вашаму сяброўству гэта не замінала?..

- Ён далёка не ўсім так казаў. Думаю, што я, мабыць, чымсьці заслужыў тое, што ён, хоць і рэзка, але па-сяброўску паказаў мне на гэта. Дзякуй табе, Ігарок!

Такі ж уплыў, думаю, ён зрабіў на многіх нашых музыкаў таго часу. Проста ён сам менавіта так жыў і працаваў. Вось што таксама прымусіла мяне ўзяцца запісаць гэтую праграму - гэта неабходнасць выканаць свой абавязак майму настаўніку. І не толькі разам з музыкамі нашага пакалення, але і запрасіўшы таленавітую моладзь. Каб паказаць ім, з якой музыкай яны могуць мець справу, як працягнуць самыя лепшыя, глыбокія музычныя традыцыі, не толькі беларускія, але і агульначалавечыя. Вось чаму я мяркую, што 30 чалавек - гэта няшмат.

Няма ўжо майго шчырага сябра і пышнага музыкі Аркадзя Эскіна, але я запрасіў у наш праект ягоную дачку Марыну, каб праз яе ўдзел адчуць і плячо Аркадзя, і яго асабістае стаўленне і павагу да Ігара.

Флейтыст Эдзік Грыгаран з Краснадара. Мы з ім сустрэліся ў Пецярбургу, на гастролях, і я яго з Ігарам там жа і пазнаёміў. Яны неяк адразу пацягнуліся адзін да аднаго і потым размаўлялі ўжо без мяне. Я знайшоў Эдзіка праз інтэрнэт і прапанаваў яму найграць завяршальную, улагоджвальную канцоўку ў фінале. Мы доўга з ім абмяркоўвалі, як гэта зрабіць, што сыграць. Эдзік пайшоў на студыю Краснадара і запісаў там два розных дублі. А калі запіс скончыўся, то з яго адмовіліся браць грошы! Яны сказалі, што гэтая музыка настолькі добрая, што, улічваючы аўтарытэт Эдзіка ў гэтым горадзе, яны хацелі б унесці свой уклад у справу тым, што зробяць запіс бясплатна.

Вось гэта і ёсць тлумачэнне таго чаму, навошта і чым мы займаліся гэтыя апошнія паўтара гады.

- Пачынаць, як я разумею, было страшнавата: праца мелася быць аб'ёмная. А ў які момант ты адчуў, што ўсё атрымаецца?

- Страшнавата не было! Проста спачатку я не вельмі разумеў як, з кім і ў якім ключы пачынаць. Але калі мы з Валодзем Ткачэнкам сталі гэта абмяркоўваць штодня ў скайпе (праз розніцу часавых зон я бег да кампутара кожны дзень пасля працы, нават не паспеўшы пераапрануцца), то паступова ўсё больш і больш вымалёўвалася ўся карціна. Ад Валодзі зыходзіць такі спакой і надзейнасць, што хвалявацца - гэта лішняе.

Тое, што ўсё атрымаецца, я не пераставаў адчуваць ніколі. Але ў адзін момант зразумеў, што атрымаецца не проста файна, а вельмі файна! Гэта тады, калі атрымаў дарожку гітарнага сола ў «Трубакладчык» ад Жэні Бэргэра з Ізраілю. Ён сыграў гэта на такім узроўні, што ў мяне аж ногі затрэсліся і ўзнікла вялізнае натхненне, якое не спынялася да самага астатняга дня. Чалавек, не знаёмы ні са мной, ні з Паліводам, які мае цьмянае ўяўленне пра «Песняроў» у цэлым, лёгка адгукнуўся на прапанову і выканаў просьбу з такім бляскам і з такім пачуццём стылю, што свет для мяне перакуліўся! Я ў чарговы раз зразумеў, што мала добра граць - трэба быць чалавекам найперш!

- На стварэнне праграмы, акрамя выдаткаванага часу, сышлі і цалкам рэальныя грошы. Чаму пастанавілі не рабіць гэты праект камерцыйным? Бо дыскаў з запісамі праграм «Песняроў» у Менску цяпер практычна не знайсці.

- Рабіць такую музыку на камерцыйнай аснове - гэта значыць загубіць усю справу. Сама гэтая музыка абсалютна некамерцыйная - сапраўдная глыбокая музыка. Яна павінна быць, на мой погляд, лёгка даступная ўсім, хто цікавіцца сапраўдным мастацтвам, тым, хто працуе над сабой і самаўдасканальваецца.

І яшчэ: калі робіш некамерцыйны праект, цябе не звязваюць ніякія абавязанні што да творчасці. Мы былі абсалютна вольныя ў самавыяўленні, і гэта таксама вельмі важна. Так, нейкія грошы давялося сабраць для аплаты студыі. Я палічыў сваім абавязкам аплаціць аранжаванні, звядзенне і майстарынг, стварэнне сайта і вэб-дызайна. Сабраныя мною 5000$ пайшлі на аплату ўсяго гэтага. Смяхотная сума, калі прыняць да ўвагі маштаб таго, што мы зрабілі.

Я не звяртаўся за дапамогай да багатых людзей, каб не адчуваць ніякага ціску з іх боку ў творчым плане. Збіраў сродкі, звяртаючыся па дапамогу да сяброў, простых нармальных людзей, якія давяралі мне, майму аўтарытэту і не ставілі ніякіх умоў. Усе музыкі і вакалісты пісаліся бясплатна, у тым ліку і мы, чатыры мушкецёры.

- У свой час фірма «Мелодыя» адмовілася запісваць праграму, патлумачыўшы гэта, калі не памыляюся, тым, што «Вясёлыя жабракі» не маюць дачынення да беларускай культуры. Ці не думаеш ты, што і сёння ў ваш адрас прагучаць дакладна такія ж аргументы?

- Позна іх прыводзіць. Праект гатовы, выкладзены ў інтэрнэце для бясплатнага праслухоўвання і запампоўкі. Беларускі кампазітар Ігар Палівода (з гэтым, спадзяюся, ніхто спрачацца не будзе?) напісаў выдатную музыку, выдатныя беларускія артысты яе выканалі і гэтым зрабілі ўнёсак у беларускую культуру. Хіба гэтага мала?

- Ад зробленага «Песнярамі» Мулявіна засталося яшчэ некалькі не запісаных у студыі праграм, у прыватнасці, знакавая «Песня пра долю». Ці не ўзнікала жаданне папрацаваць і над імі?

- Я ставіў перад сабой канкрэтную мэту: «Вясёлыя жабракі». Аднавіць справядлівасць у дачыненні да гэтай музыкі, і сваё абяцанне я выканаў. Ператвараць гэта ў прафесію «рэстаўратара» не хачу: ёсць у свеце яшчэ вельмі шмат добрай музыкі і шмат творчых ідэй, якія мяне хвалююць.

А людзям, што называецца, і карты ў рукі. Хай тыя, хто захопіцца аднаўленнем «Песні пра долю», гэтым і зоймуцца. Я буду толькі рады, калі ў іх атрымаецца! І, дарэчы, хачу адзначыць, што дзякуючы намаганням аркестра імя Жыновіча і асабіста Вольгі Брылон ужо выкананая яе канцэртная версія. І, наколькі я ведаю, з вялікім поспехам. Вельмі рады за іх!

- У гісторыі беларускай музыкі былі прыклады супольных музычных праектаў, якія аб'ядноўвалі ўдзельнікаў розных калектываў. Гэта «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут»ды іншыя. Ці можна «Вясёлых жабракоў» залічыць да такога кшталту праграм?

- Куды каго залічваць - хай разбіраюцца музыказнаўцы. Я пра гэта менш за ўсё думаў. Думаў пра тое, каб зрабіць якасна і самабытна тое, што задумвалася самім Ігарам 30 гадоў таму.

- На сайце palivoda.net сёння можна свабодна і бясплатна запампаваць «Вясёлых жабракоў». Кропка быццам бы пастаўленая. Ці - не зусім? ..

- У творчым плане - так. Нават неяк шкада расставацца, калі шчыра. Але ёсць адзін момант, пра які не магу не сказаць табе, ды і ўсім тым, хто гэта чытае... Мне вельмі не хацелася гаварыць пра гэта самому і афіцыйна, але, мабыць, давядзецца.

Канцавым акордам праекта планавалася выпусціць падарункавы дыск не для продажу. І вось гэты наш «акорд» завіс. Шчыра прызнаюся: у нас на сённяшні дзень для тыражавання дыска няма сродкаў. І таму я хачу звярнуцца па дапамогу да вас - усіх неабыякавых і ўсіх, хто паважае нашу працу людзей. Калі ў вас ёсць жаданне зрабіць свой унёсак у гэтую высакародную справу, мы будзем вам вельмі і вельмі ўдзячныя! Мы не адкрываем ніякіх дабрачынных рахункаў. Проста напішыце, калі ласка, ліст на адрас Мікалая Няронскага bassniko@gmail.com. І асабіста дамоўцеся з ім, як будзе зробленая гэтая дапамога.

Шчыра дзякую, калі хто адгукнецца на мой заклік, і тады гэты заключны акорд будзе нашым агульным акордам у гонар памяці выдатнага беларускага кампазітара Ігара Паліводы!

З Барысам Бэрнштэйнам гутарыў журналіст Зміцер Падбярэзскі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках