20 красавiка 2024, Субота, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чарговая частка крэдытна-энэргетычнага серыяла

3
Чарговая частка крэдытна-энэргетычнага серыяла

«Голас Амерыкі» аналізуе апошнюю сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расеі.

Партнёры ў «саюзнай дзяржавы» доўжаць торг, спадзеючыся на ўласную выгаду, мяркуе радыёстанцыя.

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, дазвольце Вас павітаць гэтым разам у Петэрбургу», - так, паводле афіцыйнай стэнаграмы, пачалася сустрэча ў Канстанцінаўскім палацы Стрэльны Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Сустрэчы папярэднічала пасяджэнне Найвышэйшага дзяржаўнага савета (НДС) «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

«Упэўнены, што дыскусія будзе цікавай і змястоўнай», - прадоўжыў Уладзімір Пуцін. Аляксандр Лукашэнка на гэта адказаў: «Ёсць дзясятак пытанняў вельмі важных, якія не магчыма развязаць па-за Дзяржсаветам, Найвышэйшым Дзяржсаветам, таму мы і сустрэліся ў гэтым цудоўным горадзе».

Па заканчэнні паўтарагадзіннай сустрэчы Лукашэнка ўзнагародзіў Пуціна ордэнам Дружбы народаў з фармулёўкай «За значны асабісты ўнёсак у развіццё інтэграцыйнага супрацоўніцтва і ўмацаванне прыязных стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй». У адказ Пуцін запрасіў беларускага калегу зладзіць шпацыр па набярэжных Нявы.

У часе пасяджэння Найвышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы» Менск папрасіў у Масквы крэдыт у суме 2 мільярды даляраў. Расейскія ўлады паабяцалі разгледзець просьбу. Таксама ў рамках пасяджэння стораны абвясцілі пра намер падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы, супольны бюджэт на 2013 год і шэраг дакументаў.

Адзіная валюта: «Ніхто не хацеў саступаць»

Спецыяліст у пытаннях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, выкладчык факультэта міжнародных стасункаў СПДУ Ігар Грэцкі нагадвае, што стасункі паміж Пуціным і Лукашэнкам з самага пачатку былі досыць складанымі. Менавіта з прыходам Уладзіміра Пуціна ў Крэмль Расея кожны год няўхільна падвышала кошт газу для партнёра ў «саюзнай дзяржаве».

Наўздагон за «газавымі» войнамі рушыла вайна «малочная», а пікам супрацьстаяння сталі ўзаемныя тэлевізійныя абвінавачванні. Расейскія гледачы ўбачылі серыял «Хросны бацька», а беларускія тэлевізійнікі зачапілі паездку Пуціна ў жоўтай «Лада - каліне». У дадатак, у Беларусі былі надрукаваныя фрагменты дакладу Барыса Нямцова «Пуцін. Вынікі».

Сённяшні стан «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі Ігар Грэцкі расцэньвае як вельмі супярэчлівы.

«Саюзная дзяржава» дзейнічае ў тым сэнсе, што паміж Расеяй і Беларуссю не існуе межаў, паміж намі няма візавага кантролю, добра развіваецца кааперацыя паміж дзвюма краінамі, у нас ужо ёсць агульныя органы для міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, - пералічвае ён. - Але будаўніцтва («саюзнай дзяржавы») ідзе вельмі павольна, і ёсць мноства праблем».

За галоўную праблему Ігар Грэцкі ўважае перспектывы ўвядзення адзінай валюты, размовы аб якой ідуць з сярэдзіны 90-х гадоў.

«Я магу нагадаць, што яшчэ ў 2000 годзе было падпісанае пагадненне аб увядзенні адзінай валюты з 1 студзеня 2005 года. Але дагэтуль расейцы і беларусы жывуць у краінах з рознымі валютамі», - адзначае суразмоўца «Голоса Америки».

Корань супярэчнасці, мяркуе экспэрт, - у колькасці банкаў-эмітэнтаў. Масква намагае, каб эмісія адзінага рубля праводзілася выключна ў расейскай сталіцы. Пазіцыя Менска ў тым, каб абедзве ўдзельніцы «саюзнай дзяржавы» мелі роўную колькасць банкаў-эмітэнтаў на сваёй тэрыторыі. Маскву гэта не задавальняе, бо ў гэтым выпадку яна не будзе валодаць поўным кантролем над эмісіяй.

Улічваючы гэта, а таксама неадпаведнасць шэрагу прававых нормаў Расеі і Беларусі, перспектывы «саюзнай дзяржавы» бачацца Ігару Грэцкаму даволі туманнымі.

Стварэнне СП: «раніцай - грошы, увечары - крэслы»

Палітычны аглядальнік з Беларусі Раман Якаўлеўскі ў сваім тэлефонным камэнтары «Голосу Америки» адзначыў, што такія сустрэчы на найвышэйшым узроўні зазвычай праводзяцца для таго, каб зняць назапашанае напружанне.

Што ж да крэдыту, то палітолаг упэўнены, што Масква будзе плаціць Лукашэнку за тое, што ён ідзе на расейскіх умовах у сферы інтэграцыі.

«А ўмовы гэтыя ў задавальненні апетытаў расейскіх капіталаў у Беларусі. У прыватнасці, напярэдадні гэтай сустрэчы напаўафіцыйна казалася, што наўзамен фінансавай дапамогі, якая выдаецца Менску, Расея пакрысе, але няўхільна бярэ пад поўны свой кантроль шэраг сэгмэнтаў беларускай эканомікі», - адзначае Якаўлеўскі.

Экспэрт тлумачыць, што гаворка, у прыватнасці, ішла аб нафтаперапрацоўчым заводзе ў Наваполацку, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад заходняй мяжы краіны, і прадукцыя якога больш чым на 70% экспартуецца ў Еўразвяз.

Раман Якаўлеўскі нагадвае, што ўжо ўзятыя расейскія крэдыты Беларусь вяртае не грашыма, а «натурай» - напрыклад, дазволам кантролю за транспартаваннем прыроднага паліва праз «Белтрансгаз».

Кіраўнік Мінфіна Расеі Антон Сілуанаў у кулуарах петэрбуржскай сустрэчы нагадаў, што ў мінулыя гады Масква чакала ад Менска пачатку прыватызацыі дзяржмаёмасці на 2,5 мільярды даляраў.

«Гэтага не было зроблена. Калі ў гэтым годзе ўсё ж Беларусь здолее рэалізаваць маёмасць на гэтую суму, то крэдыт не спатрэбіцца», - сказаў расейскі міністр фінансаў.

«Мы ў Беларусі ўжо не ўпершыню чуем, што расейскія крэдыты будуць выдавацца пры безумоўным выкананні графіка прыватызацыі шэрагу прадпрыемстваў, - заўважыў Раман Якаўлеўскі. - Зараз прыдумана нешта новае - стварэнне СП. Але мы разумеем, што гэтыя супольныя прадпрыемствы, фактычна, будуць знаходзіцца пад расейскім кантролем. Як гэтая ідэя будзе прасоўвацца, ніхто сказаць не можа, бо Лукашэнка ўжо падчас правядзення выстаўляе новыя ўмовы і не надта спяшаецца з стварэннем супольных прадпрыемстваў».

Палітолаг таксама заўважае, што, мабыць, Беларусь звяртаецца да Расеі з просьбай аб крэдыце не астатнім разам.

«І я б звярнуў увагу, што праблема не толькі ў крэдытах. Вельмі важныя для Лукашэнкі пастаўкі нафты не ўзгодненыя на цэлы год - Расея дае патроху - кожны квартал. Гэта значыць, трымае Лукашэнку «на ланцугу». І я думаю, - высноўвае Раман Якаўлеўскі, - умовы крэдытаў будуць больш жорсткімі за кошт фактычнага набыцця жыццёва важных прадпрыемстваў, то бок «фамільнага срэбра».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках