25 красавiка 2024, Чацвер, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Аракелян: «Законы не працуюць ні ў эканоміцы, ні ў шоў-бізнэсе»

5
Павал Аракелян: «Законы не працуюць ні ў эканоміцы, ні ў шоў-бізнэсе»

Калярытнага музыканта Паўла Аракеляна па праву можна лічыць гонарам беларускага джазу.

Ён граў з мноствам славутых айчынныых і замежных артыстаў ад Святаслава «Света» Хадановіча і «Камераты», да Сяргея Манукяна і Дэбары Браўн. Апошнім часам ён гастралюе ў складзе «Крамбамбулі», не забываючыся на сольную творчасць: ён мае ўласны праект «Аўтсайдэры» і дае канцэрты разам зь сястрой Аленай Аракелян. На жаль, віртуозную ігру на саксафоне Аракеляна ў Мінску пачуеш рэдка. Сёньня Павал адказвае на пытаньні charter97.org.

- Павал, чаму так рэдка выступаеш у Менску?

- Арганізацыяй нашых канцэртаў тут проста няма каму заняцца. Былі спробы зладзіць выступы, але выходзіла хранова: то рэклямы не было, то гук быў дрэнны, то ўсё разам. І немагчыма потым гэтых арганізатараў знайсьці, каб зь імі разабрацца. Прыйшоў да высновы, што лепей самому гэтым займацца, знайсьці грошы й спонсараў. На гэта трэба месяц выкінуць. Мала, што на гэта сыходзіць час, дык яшчэ і ў мінусе можна апынуцца. Так што па выніку можна змарнаваць месяц на арганізацыю ды яшчэ й застацца вінным.

- Ты ўжо прызнаны музыкант, маеш статус аднаго зь лепшых джазмэнаў і саксафаністаў краіны, але пры гэтым ты не запатрабаваны ў гэтай краіне, я так разумею?

- Ёсьць такая рэч, як праца, калі запрашаюць паіграць у рэстарацыі ці на карпаратыве, аднак гэта не канцэрт, на які можа патрапіць слухач, набыўшы квіток. Я сам не адчуваю ніякай запатрабаванасьці, і статус на гэта ніяк не ўплывае. Нават для гэтай працы запатрабаваныя больш танныя музыкі, моладзь, нават аматары, але гэта асобная тэма. А каб прыцягваць спонсарскія грошы, трэба таксама мець асаблівы талент, якога ў мяне няма. Нават сорамна, калі прапануюць: вазьмі грошы ды запішы дыск ці зрабі канцэрт. Я, хутчэй за ўсё не вазьму.

- Ты сам пра сябе можаш сказаць, што ты пасьпяховы музыкант?

- Хутчэй за ўсё не. Не хапае пэўных рысаў характару, каб свой узровень пераўтварыць у вартыя заробкі. А па-другое, у нас, як і ў кожнай іншай галіне, не працуюць законы, у прыватнасьці, у эканоміцы і ў шоў-бізнэсе. Таму музыкі высокага ўзроўню тут не патрэбныя. Тут працуе закон «чым таньней, тым лепш» ці нават «чым больш пантоў, тым лепш».

- Ведаю, што ты пэўны час нават грузчыкам працаваў, каб зарабіць на жыцьцё. Вельмі нагадвае савецкія часы, калі шмат выдатных музыкаў не маглі уладкавацца паводле абранай прафесіі.

- Так, было такое, быў і грузчыкам. Працу ў сваёй сфэры знайсьці сабе можна. Самае запатрабаванае – гэта кавэр-бэнд. Можна граць Антонава, Пугачову, сучасныя поп-гіты, і з гэтага зарабляць. Але для мяне лепш грузчыкам пайсьці працаваць. Можа я і не маю рацыі, але для мяне музыка зьяўляецца важнай часткай майго жыцьця і не хацелася б стаць звычайным лабухам, каб гэта было толькі прафэсіяй, прычым ня самай лепшай. Калі ўжо абіраць, дык лепш стаць айцішнікам, юрыстам ці доктарам, чым музыкам, які грае Антонава.

- Ты жывеш у Менску, але ці можаш ты назваць гэты ня родны табе горад зручным для жыцьця?

- Беларусь і Менск я лічу сваёй Радзімай, хоць і не нарадзіўся тут. Але не сказаў бы, што гэта месца зручнае для працы і для жыцьця. Мяркую, што ў рэгіёнах для прадстаўнікоў творчых прафэсій справа выглядае яшчэ горш.  Думаю, калі б зьмянілася палітычная сытуацыя, і ўсё запрацавала на рынку па тых жа законах, што і ў сьвеце, то і праца б зьявілася. Канечне, працы будзе заўжды меней, чым, скажам, у Ню-Ёрку, але нашмат болей, чым сёньня.

- Абсалютна натуральна ў такім разе задумацца ўсур’ёз – ці зьязджаць адсюль? Ты ўжо задаваў сабе такое пытаньне?

- Задаваў. І я б наважыўся, калі б была магчымасьць зьехаць працаваць, падтрымліваць сям’ю ці наогул перавезьці яе. Мяне тут шмат што і хто трымае, але з працай тут сапраўды цяжка, амаль што немагчыма. Ты тут нават ня можаш смарэалізавацца. Я маю на ўвазе некамэрцыйныя праекты, якія трэба зрабіць ды пусьціць у вольнае плаваньне. Падобныя задумы назапашваюцца, але не даводзяцца да завяршэньня, бо няма грошай на студыю і нават часу. І ты ня робіш тое, дзеля чаго ты абраў гэтую прафэсію.  

- Ты прызнаваўся ўжо, як на цябе істотна паўплывалі падзеі сьнежня 2010 года, калі ты ўпершыню ўсьвядоміў сябе беларусам. Але якія пачуцьці ў цябе былі пасьля, і што ты думаеш цяпер наконт магчымасьці пераменаў у краіне?

- Прызнаюся, што я расчараваўся. Найперш у палітычных дзеяньнях, у палітыках і палітыцы. Цяпер я бачу, што для кагосьці палітыка – гэта бізнэс і тых, хто называе сябе палітыкамі, сытуацыя, якая склалалася, цалкам задавальняе. Куды больш важнай задачай для сябе бачу тое, каб змагацца за захаваньне беларускай культуры і, дай Божа, як будзе магчымасьць, зрабіць яшчэ й трошачкі свайго. Ня ведаю, як і калі зьменіцца сытуацыя, і хто прыйдзе да ўлады, але каб у гэты момант было бачна, што мы штосьці зрабілі, каб гэта можна было ўзьняць і парадавацца.

- Ці можа Беларусь прапанаваць нечага цікавага астатняму сьвету?

- Канечне можа! Беларусь, як і кожная краіна, што не далучаная да сусьветнага мэйнстрыму, багатая на самародкаў. І тое, што зроблена такімі людзьмі, не падпарадкоўваецца ніякім правілам і законам, ад таго і можа ўяўляць вялікі інтарэс. Кубінская музыка, напрыклад, хлынула і накрыла ўсе Злучаныя Штаты. Я не лічу сябе вялікім знаўцам у беларускай культуры, але лічу, што ў беларускай паэзіі, напрыклад, ёсьць чалавек, пра вершы якога мусіць ведаць увесь сьвет. Гэта Анатоль Сыс, паэзія якога мяне неймаверна ўразіла. У музыцы гэта этна-трыё «Троіца», якое робіць абсалютна ўнікальны прадукт, які зь цікавасьцю будзе прымацца ў якой заўгодна краіне сьвету. Толькі ў нашай сытуацыі зь беларусамі працаваць рызыкоўна прадусару з Галяндыі ці са Штатаў, бо яму трэба ўкласьці грошы ў абслютна невядомы у яго краіне гурт, і ня ведаць пры гэтым, ці дадуць музыкам візу, ці не затрымаюць іх на мяжы і гэтак далей. Працуючы ў той жа Вільні па агульназразумелых законах, музыкант можа мець у дзясяткі разоў больш паездак, бо сама сыстэма перасоўваньня простая: сеў у цягнік ці самалёт ды паехаў-паляцеў.

- Такое ўражаньне, што ты на сваю сольную кар’еру апошнім часам падзабыўся, ці гэта толькі так падаецца?

- Можа быць і так, бо зараз вельмі шмат часу працую зь Лявонам Вольскім, і гэта праца, якая мне вельмі падабаецца. Зрэшты, я ніколі не імкнуўся да таго, каб зрабіць зь сябе зорачку. Калі запрашалі, тады й адгукаўся. Гэтак жа было і з «Крамбамбуляй», супрацоўніцтва зь якой па выніку зацягнулася.

- Гэта ты так сам зь сябе кпіў, калі назваў уласны праект «Аўтсайдэры»? Чаму, напрыклад, ня «Лідэры»?

- Таму што, калі ў Беларусі нехта імкнецца паказаць нешта новае, то ён будзе «аўтсайдэрам». Канечне, доля іроніі тут была. Можа быць, тут так і сталася, што як назвалі карабель, так ён і паплыў (сьмяецца). Але назву ўсё ж у бліжэйшы час зьмяняць не плянуем.

- У сольнай творчасьці для цябе зараз праект №1 гэта «Сыс»?

- Я на 100% разумею, што гэта не прынясе ніякага рэнамэ, ні грошай, нічога. Але я ведаю, што мушу яго зрабіць. Я пазнаёміўся з творчасьцю Сыса ў складаны час свайго жыцьця, калі быў у глыбокім запоі і месяц сядзеў дома, кідаў піць. Не выходзіў нават у краму, каб не было спакусаў. Не было такой задачы, каб стварыць паводле вершаў кампазыцыі, проста пачуцьці і перажываньні выліліся ў музыку. І лічу, што тое, што атрымалася, проста неабходна захаваць і запісаць, каб людзі пачулі гэтую паэзію. На жаль, зараз народ мала чытае, тым больш беларускай літпратуры. Мы паказвалі частку гэтай праграмы на мерапремстве, прысьвечаным Караткевічу, і я ўбачыў, што некаторыя ўпершыню для сябе адкрылі Сыса, сярод іх былі нават расейцы, якія ня ведаючы мовы адчулі, што ў гэтых радках схаваны глыбокі зьмест.

- А сам ты зараз спрабуеш пісаць тэксты?

- Раней пісаў па-ангельску, але зараз гэтага не раблю. Ёсьць тэксты па-расейску, але гэта хутчэй дзіцячыя песенькі. Ні ангельская, ні беларуская не зьяўляюцца для мяне роднымі мовамі, я іх ня ведаю настолькі, каб на іх пісаць. Назіраю за тым, як працуе з тэкстамі Лявон Вольскі, і разумею, што мне трэба яшчэ доўга вучыцца. І, найперш, вучыцца думаць па-беларуску.

Размаўляў Сяргей Будкін, спэцыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках