25 красавiка 2024, Чацвер, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навука «Хаўера»

191
Навука «Хаўера»

Падчас і пасля снегавой віхуры спрэс незнаёмыя людзі дапамагалі адзін аднаму.

Вядома, падраздзяленні МНС, дарожныя службы, энэргетыкі, ДАІ, нават вайскоўцы Мінабароны ліквідуюць наступствы шторму «Хаўер» другі дзень, адрозна ад унутраных войскаў, якія адмовіліся выйсці на расчыстку снегу, бо іхная праца - калечыць людзей падчас мірных дэманстрацый. Але шмат у чым перажыць ураган беларусам дапамагла салідарнасць.

«Выехаў з Менска ў пятніцу 15 дня ў кірунку Гомельскай вобласці. Праехаўшы за Дукору 30 кіламетраў, затрымаліся ў навале. Вымушаныя былі павярнуць назад у кірунку да Менска. Быў проста жах. Вярнуліся дадому 16-га пад 9 раніцы. Адкопваўся алюмініевым вяслом ад надзіманага чоўна. Быў жах. МНС вінаваціць не буду - тэхніка працавала слаба - але працавала. Увесь снегавы палон прабавіў з «Альфа-радыё». Гэта быў сапраўдны штаб надзвычайных сітуацый. Колькім людзям дапамаглі. Столькі просьбаў аб дапамозе ў эфіры - і ўсім дапамагалі. Столькі людзей адгукнуліся на людское гора: дзесьці забіралі з заснежаных трас цяжарных жанчын, падвозілі ваду і прадукты харчавання, паліва і г.д. Усе імкнуліся адзін аднаму дапамагчы.

Я грэшным чынам думаў, што мы, як нацыя, даўно скончыліся. Як я рады, што памыляўся. У мяне свая фірма, я добра зарабляю, але тое, што робіце вы, простыя грамадзяне Беларусі, прымушае мяне перад вамі ўкленчыць. Сам дапамагаў, як мог, поўзаў плазам, выкопваючы снег з-пад самаходаў, якія ляжаць «на чэраве». Брудны, амаль абмарожаны, але шчаслівы, што здолеў хоць некаму дапамагчы. Удачы ўсім. Будзьце шчаслівыя, нягледзячы ні на што», - напісаў Аляксандр, адзін з чытачоў charter97.org.

Менчукі дзякавалі незнаёмцам, якія іх падвозілі дадому.

«Дзякуй хлопцу незнаёмаму на джыпе «Фольксваген», які давёз нас дадому і нават грошай не ўзяў. Прамерзлі 2 гадзіны на прыпынку на вуліцы Каліноўскага, а ён - малайчына, не адмовіўся адвезці. Добры чалавек! Дзякуй Чалавеку», - напісала чытачка Таццяна.

«Вялікая падзяка Рагавому Мікалаю Рыгоравічу, які забраў мяне і кіроўцу ад запраўкі ў Валадзьках і давёз у Слуцк (наш аўтамабіль на эвакуатары туды зацягнулі). Нізкі паклон гэтаму чалавеку!»- падзякавала чытачка Алена.

Людзі таксама абураліся бяздзейнасцю сілавікоў.

«Унутраныя войскі, дарэшты ачмурэлыя ад свайго быдласвята, не пакідаюць «радаваць»: перайшоў вуліцу, на ўтаптаным скрыжаванні стаяць трое. Добра я - здаровы, малады... Прайшоў і забыўся ... АЛЕ! За мной рухалася паджылая васпані, яна, цяжка вухкаючы і нічога не просячы, проста хацела прайсці на цвёрдую глебу, дзе гэтыя сукі атабарыліся. Ніводзін! Ніводзін з іх рукі не падаў, затое задзёрліва рагаталі з «петросятинки», - напісаў у «Фэйсбуку» карыстальнік Зміцер.

Яшчэ адзін чытач нашага сайта распавёў наступную гісторыю:

«Мой брат таксама ўночы людзей бясплатна падвозіў, чалавек 15 развёз, і таксама нейкія гісторыі вусцішныя: то пенсіянеры, то жанчына цяжарная... Кажа, дарогі былі ўжо пракіданыя, але транспарту ніякага, а людзей на прыпынках плойма... Крыўдна, бо можна ж было ўсё гэта разумна арганізаваць, і выходны абвясціць, і развязанне транспартнай праблемы неяк прадумаць. Але гэта ж трэба думаць! І пастановы прымаць, адказнасць браць на сябе...»

Карыстальнік «Фэйсбука» Андрэй распавёў гісторыю, якая здарылася ўчора ўначы:

«Пад 12 гадзін наважыў я пайсці на вуліцу. Думаю, прагуляюся з фотаапаратам, паздымаю снегавыя гурбы. У раёне сквера Талбухіна стаяць тралейбусы. Пешаходы ідуць проста па дарозе. Транспарту няма, моцна мяце. Паставіў штатыў, фоцік начапіў і бачу бакавым зрокам зусім п'янага чалавека. Нават дзіўна было, як ён на нагах трымаецца. Але ідзе, і дзякаваць Богу. Хвілін трыццаць я фатаграфаваў, азалеў. Дадому наважыў пайсці не ўздоўж Кедышкі, а праз двары. Збочыў за рог і рушыў наўскасяк праз снег. Гляджу, чалавек ляжыць тварам дадолу, толькі спіна бачная з-пад снегу. Падымаю яго за каўнер - гэта хлопец п'яны, што ішоў паўз мяне паўгадзіны таму. Рукі без пальчатак, твар у снезе. Мармыча мне, што ў яго дачка дома, і мама яго чакае.

Я яго на спіну ўскінуў і пацягнуў у бліжэйшы пад'езд. Хвілін 40 цягнуў праз снег. Пастаім тры хвіліны, я яму рукі трохі сагрэю і зноў на сябе. Карацей, паклаў я яго ў пад'ездзе каля батарэі ў бліжэйшым доме і пайшоў дадому. Дома выявілася, што я згубіў свой мабільны тэлефон. Я калі гэтага чалавека цягнуў па снезе, падаў шмат разоў. Вось мой тэлефон і выпаў у сумёт. Пад дзве гадзіны ночы наважыў патэлефанаваць на свой мабільны. Толькі набраў, адказвае дзяўчына і прыемным голасам вітаецца са мной. Кажа мне, што мой тэлефон так прыгожа ў гурбе звінеў, што нельга было не заўважыць. Бягу ў гэты дворык. Стаяць хлопец з дзяўчынай, чакаюць мяне. Падзякаваў я ім за тое, што яны менавіта гэты начны маршрут абралі. Іду дадому і бачу, чалавек ляжыць у снезе. Думаю, ну і карма ў мяне сёння - п'яных цягаць на сабе. Падымаю яго за каўнер - стары знаёмы. Той, каго я ў пад'ездзе пакінуў грэцца паўгадзіны таму. Мармыча мне, што дачка дома, і мама чакае. А ён - Саша з Валгаградскай. Карацей - я яго на плечы і панёс у бліжэйшы пад'езд. А ўсё на кодавых замках... Выявілася, найбліжэйшы пад'езд - гэта мой пад'езд. Яшчэ хвілін 20 сілавых практыкаванняў. Я яго паклаў ля батарэі і ўзяў з яго слова, што ён, пакуль не працверазее, з пад'езду не выйдзе».

Марына ў «Фэйсбуку» назвала паводзіны беларусаў падчас учорашняга ўрагану прыкладам згуртаванасці.

«Яшчэ крыху і цыклон «Хаўер» мог бы здзейсніць Белую Рэвалюцыю! Такога згуртавання народа даўно ніхто не памятае! Сёння я таксама - у адной руцэ торт (як сцяг!), у другой дзве торбы прадуктаў - адважна ішла па гурбах ад пр-та Незалежнасці, дзе цяпер спыняецца наш 99-ы аўтобус, да свайго дома. Сыны аблаялі, што не патэлефанавала. А я нават неяк і пра тэлефон забылася, бо «Хаўер» дапамог уявіць тую самую Антарктыду вакол сябе, куды Расея хоча паслаць беларусаў на чале з вусатым... Так што мы зараз павінны дзякаваць цыклону за генеральную рэпетыцыю...», - напісала жанчына.

Некаторыя менскія таксісты ўсё ж развозілі людзей задарма.

«Шмат якія таксісты ўчора дапамагалі развозіць людзей задарма», - напісала карыстальніца «Фэйсбука» Кацярына.

Шмат якія менчукі сёння з раніцы самі выйшлі на прыбіранне снегу.

«Жыхары вайсковага гарадка ва Ўруччы разам выйшлі на ачыстку снегу. Прыемна, Што ўсё больш і больш мужчын і хлопцаў выходзяць на падмогу», - напісала карыстальніца «Фэйсбука» Ася.

У Інтэрнэце менчукі таксама прапаноўвалі азалелым людзям гарбату, ежу, начлег, дапамогу ў раскопванні аўтамабіляў:

«Уручча, вул.Астрашыцкая 17. Сагрэем, гарачая гарбата +375293687902».

«Фрунзенскі р-ён. Магу пакінуць жанчын і дзяцей... Мужчынам гарбата і кава... знаходзімся ля метро Спартыўная (насупраць царквы) + 375 33 3771703... тэлефануйце ў кожны час... праз 2 гадзіны магу сустрэць сама...

«Калі хтосьці затрымаўся з дзецьмі (асабліва) у раёне Бараўлян цяпло + утулак + начлег тэлефанаваць у кожны час 8-029-123-83-40».

«Каму патрэбная дапамога ў Валожынскім р-не, на трасе М7. Магу ўзяць на начлег у Валожыне сям'ю з маленькімі дзецьмі. Тэлефануйце 302-74-00 Vel».

«Начлег для дзяцей і бацькоў у Слабадзе (Курган Славы) 8-029-775-48-99».

«Раён Трактарнага завода. Гатовы дапамагчы, але свой самаход наўрад выедзе. Гатовы сесці на хвост і надаць пасільную дапамогу (ёсць трос, маленькі тэрмас, аплачу бензін, каму трэба будзе, але сваёй каністры няма 8029-7929548».

«Уральская/Мендзялеева/Мендзялеева. Калі хто захрас. Ёсць рыдлёўка, гарбата (029) 199-03-64 Vel».

Напісаць каментар 191

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках