20 красавiка 2024, Субота, 10:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: Беларусы на перадавой барацьбы за еўрапейскія каштоўнасці

97
Саннікаў: Беларусы на перадавой барацьбы за еўрапейскія каштоўнасці

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» выступіў на Брусэльскім форуме.

У бэльгійскай сталіцы з 15 да 17 сакавіка праходзіць міжнародны Брусэльскі форум.

У ім бяруць удзел вядомыя і ўплывовыя палітыкі з Еўропы і ЗША. Нашу краіну на форуме прадстаўляе лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.

16 сакавіка, у Дзень беларускай салідарнасці, палітык выступіў на форуме. Прыводзім тэкст ягонага выступу (пераклад - charter97.org):

- Я выступаю сёння тут з асаблівым хваляваннем і, перш за ўсё хачу скарыстацца гэтай магчымасцю, каб падзякаваць вам за падтрымку. Два гады таму ў гэты ж час я знаходзіўся ў турме КДБ у Менску. У турме, сумна вядомай яшчэ з часоў сталінскіх чыстак. Гэтыя функцыі яна выконвае і ў дыктатарскай Беларусі. Мой адвакат больш мімікай, чым словамі здолеў паведаміць мне, што на Брусэльскім форуме казалі пра Беларусь і пра палітвязняў. Пра тое, што Крэйг Кэнэдзі прасіў перадаць мне падтрымку ўдзельнікаў форуму і выказаў надзею, што я хутка здолею далучыцца да вас. Гэта было надзвычай важна для мяне і надало мне сілы. Дзякуй вам яшчэ раз і дзякуй, Крэйг.

Год таму ў калоніі я быў пазбаўлены доступу да якой-небудзь інфармацыі. Мяне трымалі ў ізаляцыі. Нейкім цудоўным чынам праз турэмны тэлеграф мне перадалі што сябры казалі пра мяне ў Брусэлі, хоць тады было вельмі мала надзей на тое, што я буду вызвалены.

І ведаеце, не толькі я чакаў, што свет жорстка адрэагуе на тое, што зрабіў дыктатарскі рэжым у Беларусі - на сілавое здушэнне апазіцыі і на рэпрэсіі, якія адбываліся пасля гэтага. Зняволеныя спадзяваліся, што рэакцыя Еўропы будзе адпаведнай.

Я ведаю, пра што я кажу, таму што да таго часу я прайшоў праз чатыры турмы і тры калоніі. У Беларусі няма правасуддзя. Я бачыў жаданне зняволеных пачуць пра рашучы адпор з боку Еўропы і еўраатлантычнай супольнасці, ад дэмакратычнага свету. Гэта было звязана з надзеяй на тое, што і ў Беларусі з'явіцца правасуддзе, таму што Беларусь - таксама Еўропа.

Я магу толькі паўтарыць словы Цімаці Гартана Эша, які сказаў, што ён кажа, як перакананы еўрапеец. Гэта не проста словы, таму што мая прэзідэнцкая кампанія была заснаваная на прынцыпах інтэграцыі Беларусі ў Еўропу. І яна атрымала падтрымку людзей. Рэакцыя была, я б сказаў, вельмі актыўнай. Таму што мы адданыя тым жа самым каштоўнасцяў. Каштоўнасцям, якія падзяляе Еўропа і еўраатлантычная супольнасць. У Еўропе гэтыя каштоўнасці абароненыя, а ў Беларусі здзек з іх уважаецца за дабрадзею. Я думаю, што менавіта пра гэта два гады таму казаў тут Том Стопард. Ён спрабаваў засцерагчы ад таго, каб ненармальная сітуацыя ўспрымалася як нармальная, і папярэдзіць, каб да яе развязання не спрабавалі падыходзіць так, як быццам яна нармальная.

Сёння звычайныя беларусы знаходзяцца на пярэднім фронце барацьбы за тыя каштоўнасці, на якіх пабудаваная Еўропа і еўраатлантычная супольнасць. Я стараюся выкарыстоўваць кожную магчымасць для таго, каб нагадаць пра тых з іх, хто сёння знаходзіцца за кратамі. І сёння я хачу назваць іх імёны. Гэта Зміцер Дашкевіч, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Мікалай Дзядок, Эдуард Лобаў, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Аляксандр Малчанаў, Андрэй Гайдукоў і Павел Севярынец. Гэтыя людзі змагаюцца за нашыя агульныя каштоўнасці. Я думаю, што свет робіць недастаткова для іх вызвалення.

Калі я кажу пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў Еўропе, я павінен сказаць, што і дыктатар таксама знаходзіцца ў Еўропе. І ён дастаткова актыўны тут, у еўраатлантычнай супольнасці. І даволі часта ён эфектыўна дзейнічае ў еўрапейскім кантэксце. Напрыклад, шантажуючы нашых суседзяў - Латвію, Літву і Польшчу дамовай аб малым памежным руху і патрабуючы палітычных саступак ад іх. У свеце асуджаюць вядомы закон аб забароне ўсынаўлення расейскіх дзяцей амерыканцамі, але мала хто ведае, што Лукашэнка такой забаронай шантажуе італійскі ўрад.

Людзі з «чорнага спісу» нядаўна сталі падарожнічаць у Еўропу. Існуе лобі, якое гатова абслугоўваць Лукашэнку ў Еўропе, выступаць яго піяр-агентамі, напрыклад у мінулым годзе гэта была Bell Pottinger Group з Вялікабрытаніі. Апошні такі выпадак звязаны з Jamestown Foundation, які паслаў у Беларусь так званых аналітыкаў, якія затым размясцілі станоўчыя матэрыялы пра Лукашэнку.

Сёння фундаментальныя каштоўнасці свабоднага свету знаходзяцца пад пагрозай. Дыктатары вельмі эфектыўна супрацоўнічаюць адзін з адным, на жаль. Часам яны больш эфектыўныя, чым дэмакратычны свет. Гэта тое, пра што ўвесь час кажа дэмакратычная апазіцыя, і да гэтага трэба прыслухоўвацца. Напрыклад, сірыйцы, якія жывуць у Англіі звярталіся з заклікам да чальцоў парламента Вялікабрытаніі не з нагоды Сірыі, пра якую мы шмат гаворым на сённяшнім форуме - яны патрабавалі ўзмацніць ціск на Лукашэнку, які дапамагае рэжымам Башара Асада і Махмуда Ахмадзінэжада. Значная падтрымка надаецца аднымі дыктатарамі іншым.

Сёння ў Беларусі, верагодна, самая складаная сітуацыя, але Еўропа і еўраатлантычная супольнасць маюць дастаткова досведу для таго, каб зрабіць патрэбныя высновы і распрацаваць стратэгію, якая не будзе заснаваная на заспакаенні дыктатара.

Нядаўна вядомы нямецкі палітык Ута Цапф у сваім інтэрв'ю зрабіла важную заяву. Яе добра ведаюць у Беларусі. На працягу 15 гадоў яна ўзначальвала працоўную групу Парламенцкай Асамблеі АБСЕ па Беларусі. Яна вядомая тым, што спрабавала выкарыстоўваць кожную магчымасць для дыялогу з уладамі. Яна была інструментам для прызнання так званага лукашэнкаўскага «парламента» і пазбаўлення легітымнасці Вярхоўнага Савета, разагнанага дыктатарам, месца ў ПА АБСЕ. Дык вось яна заявіла, што яна нічога не дасягнула. Гэта вельмі незвычайнае, але вельмі адважнае прызнанне.

Калі ў яе спыталі, як яна можа ахарактарызаваць Лукашэнку, Ута Цапф сказала, што ён злачынец. Са злачынцам нельга весці дыпламатыю.

Мы павінны памятаць пра гэта і абараніць нашы еўрапейскія каштоўнасці. Мы павінны быць больш рашучымі.

Сёння павінны быць зроблены рашучыя намаганні для вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Замест гэтага нам прапануюць нейкія захады для таго, каб зноў наладзіць кантакты дыктатара з еўрапейцамі. Гэта памылка, таму што палітвязняў знішчаюць у турмах. Я быў вызвалены, таму што былі ўведзеныя санкцыі. Я казаў, што ў мяне не было вялікіх надзей на вызваленне. Але пасля ўвядзення санкцый мяне і майго сябра Зміцера Бандарэнку вызвалілі. Новых санкцый не ўвялі, і палітвязні, у тым ліку былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі засталіся ў турме. Для нас прыярытэт - вызваленне палітвязняў.

Другое: нельга дапамагаць дыктатарскаму рэжыму. Паспрабуйце дапамагчы беларускім дэмакратам, паспрабуйце дапамагчы незалежным СМІ. Паспрабуйце дапамагчы грамадзянскай супольнасці. Паспрабуйце дапамагчы сем'ям рэпрэсаваных. Мы маем патрэбу ў гэтым.

Будзьце рашучымі, я маю на ўвазе еўрапейцаў. Прыміце аднабаковае пастанову аб бясплатных еўрапейскіх візах для беларусаў. Гэта зменіць сітуацыю.

Я казаў, што становішча ў Беларусі складанае, але я аптыміст. І ведаеце чаму? І ў турме, і пасля вызвалення я адчуваў беспрэцэдэнтную салідарнасць з намі ва ўсім свеце - у Еўропе, у Злучаных Штатах і, вядома, у самой Беларусі. І гэтая падтрымка і салідарнасць, якая зыходзіла ад звычайных людзей, грамадзянскай супольнасці - дастатковая прычына для аптымізму. І ў мяне ёсць матэрыяльнае пацверджанне гэтай салідарнасці. Немагчымае стала магчымым. У турме я атрымаў ліст ад вялікага еўрапейца. Я не павінен быў яго атрымаць. У ім выказвалася падтрымка асабіста мне, дэмакратычнаму руху і правам чалавека ў Беларусі. Тое, што ліст дайшоў да мяне, было цудам. Цяпер ён са мной, дзе б я ні быў. Вы можаце пазнаць подпіс. Гэта ліст ад вялікага еўрапейца, як я ўжо сказаў, - Вацлава Гаўла. На лісце штамп турэмнага цэнзара.

Для мяне гэта было не проста знакам або сімвалам. Гэта абавязак Еўропы, яе сумлення, быць прыхільнай курсу на дэмакратыю ў Беларусі. Еўрапейскай Беларусі.

Фота і відэа - The German Marshall Fund of the United States

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках