29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь - пляма на сумленні Еўропы

36
Беларусь - пляма на сумленні Еўропы

Канферэнцыя па пытаннях бяспекі GLOBSEC праходзіла з 18 па 20 красавіка ў Браціславе.

Ад Беларусі ў мерапрыемстве прымалі ўдзел лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы палітвязень Андрэй Саннікаў, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Кобец, лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі, аналітык цэнтра BISS Дзяніс Мельянцоў і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

У ходзе форуму лідар «Еўрапейскай Беларусі» абмеркаваў сітуацыю ў нашай краіне з вядучымі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, журналістамі. У прыватнасці, Андрэй Саннікаў правёў шэраг сустрэч і перамоваў з камісарам Еўразвяза Штэфанам Фюле, прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Ілвесам, былым прэм'ер-міністрам Славакіі Мікулашам Дзурындам, памочнікам дзяржсакратара ЗША Томасам Кантрымэнам, спецыяльным прадстаўніком ААН у Афганістане, былым міністрам замежных спраў Славакіі Янам Кубішам, дэпутатам Еўрапарламента Чарльзам Тэннакам, вядомым грамадскім дзеячам Славакіі Паўлам Дэмешам, намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Косава Петрытам Сялімі, іншымі палітыкамі і кіраўнікамі няўрадавых арганізацый і найбуйнейшых аналітычных цэнтраў.

«Я ўпершыню на GLOBSEC і павінен сказаць, што гэты форум я вельмі добра запомню. Перш за ўсё, таму што ў гэты час было падпісанае гістарычнае пагадненне паміж Сербіяй і Косава пры пасярэдніцтве Еўразвяза. Для мяне гэта вельмі абнадзейлівы факт, бо сведчыць пра тое, што Еўразвяз здольны ў кароткія тэрміны вырашаць складаныя задачы. Менавіта такі паход і патрэбны да Беларусі. Акрамя таго, упершыню на форуме прысутнічаў і выступіў найслынны геапалітык Збігнеў Бжэзінскі. Я не першы раз слухаю і размаўляю з Бжэзінскім, але гэта яго выступленне зрабіла вялікае ўражанне на мяне і іншых удзельнікаў форуму. Ён вельмі дакладна расставіў акцэнты ў дачыненні да падзей і працэсаў, якія адбываюцца ў свеце, пазначыў галоўныя праблемы і акрэсліў шляхі выхаду са складаных сітуацый. Але больш за ўсё мяне ўразіла яго аптымістычнае бачанне развіцця падзей у нашым рэгіёне. Ён, дарэчы, згадваў Беларусь. Я б параіў знайсці ў сетцы і праслухаць яго выступ», - сказаў Саннікаў.

Праграма GLOBSEC была вельмі насычанай і ўсёабдымнай. На канферэнцыі абмяркоўваліся найбольш вострыя праблемы сучаснасці ў розных рэгіёнах свету, у розных сферах дзейнасці, гучала і тэма Беларусі, дыктатарскага рэжыму, які існуе ў нас.

«Міністр замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак сказаў, што Беларусь з'яўляецца «плямай на сумленні Еўропы». Удалося пагаварыць аб сітуацыі ў Беларусі і аб еўрапейскіх падыходах з еўракамісарам Штэфанам Фюле. Размова адбылася шчырая, і я рады быў пачуць, што Штэфан Фюле падкрэсліў, што Еўразвяз не адыходзіць ад сваіх прынцыпаў і ніколі не будзе «ставіць калёсы наперадзе каня». Гаворка, натуральна, ішла пра вызваленне палітвязняў, і гэтую тэму я ўздымаў у размове з усімі, спрабуючы данесці да сваіх суразмоўцаў, наколькі цяжка сёння прыходзіцца нашым сябрам і калегам у лукашэнкаўскім канцлагеры. На мой погляд, у апошні час Еўропа прадпрымае недастаткова намаганняў для іх вызвалення. На жаль, у Еўразвязе намецілася тая самая небяспечная тэндэнцыя, якую мы назіралі і раней. Называецца гэта ўсё прыгожым словам «інгейджмент», што на справе азначае спробу кааперацыі з дыктатурай. Ніколі гэта не давала вынікаў, а прыводзіла да росту рэпрэсій. За 19 гадоў кіравання Лукашэнкі можна было гэта вельмі добра зразумець. І добра, што існуюць палітыкі і грамадскія дзеячы, якія выдатна гэта разумеюць і якіх дастаткова было на GLOBSEC. Як сказаў адзін з іх, спасылаючыся на палітыку Рэйгана і Тэтчэр, «нас ніколі не будзе задавальняць так званая стабільнасць, якая існуе ў дыктатарскіх краінах», - сказаў Андрэй Саннікаў.

«Я паразмаўляла з бачнымі палітыкамі, якія ў свой час рэальна змагаліся з дыктатурамі ў Чэхаславакіі, на Балканах, Польшчы, Венгрыі, а не аналізавалі яе. Пераканалася, што погляды ў нас абсалютна ідэнтычныя і на іх падтрымку можна разлічваць. Людзі, якія сутыкнуліся з жахамі дыктатуры, разумеюць, што супрацьстаяць дыктатарам можна толькі абапіраючыся на прынцыпы і каштоўнасці, а не падрываючы іх. Сёння мы бачым, як Паўночная Карэя шантажуе цывілізаваны свет. Тое ж самае робіць Лукашэнка, выкарыстоўваючы эканамічны шантаж у дачыненні да некаторых краін Еўразвяза для ўтрымання ўлады. І паддаючыся гэтаму шантажу, гуляючы па правілах дыктатара, еўрапейскія палітыкі страчваюць не толькі свой твар і рэпутацыю, але і пазбаўляюць будучага цэлыя народы.

GLOBSEC - форум вельмі высокага ўзроўню, 24 гадзін у суткі нават не хапала. Атрымалася правесці перамовы і ўзяць інтэрв'ю ў многіх цікавых людзей. У бліжэйшы час яны з'явяцца на сайце charter97.org», - сказала Наталля Радзіна.

«Салідарнасць, якая дазволіла вызваліць Цэнтральную Еўропу ад таталітарызму, існуе. І ўдзельнікі GLOBSEC, якія атрымалі гэты вопыт, добра разумеюць нас і не разумеюць тых, хто сёння гаворыць пра гандаль каштоўнасцямі, называючы гэта «дыялогам» з дыктатарам. Фундаментальныя прынцыпы, на якіх будаваўся Еўразвяз, маюць на ўвазе адваротнае. Менавіта на Беларусі выпрабоўваецца сіла і воля еўрапейскіх палітыкаў. За іх спінамі тысячы дысідэнтаў, іх самаахвяраванне ў імя росквіту будучых пакаленняў. Паражэнне прынцыповай палітыкі ў адносінах да Беларусі прывядзе да куды больш сур'ёзных наступстваў, чым эканамічныя праблемы Грэцыі і Кіпра. Гэта час аб'яднацца ўсім тым, хто ўсведамляе адказнасць еўрапейскага праекта. Звяржэнне дыктатуры ў Беларусі дапаможа Украіне і зменіць будучыню Расеі», - упэўнены каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Кобец.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках