28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Дэмеш: Лукашэнку павінен аналізаваць псіхіятр

102
Павал Дэмеш: Лукашэнку павінен аналізаваць псіхіятр

(абноўлена) З беларускім дыктатарам немагчыма дамовіцца і весці дыялог.

Пра гэта ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару charter97.org Наталлі Радзінай заявіў былы кіраўнік Міністэрства замежных спраў Славакіі, сябра Рады Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі, эксперт Нямецкага Фонду Маршала Павал Дэмеш.

- Спадар Дэмеш, мы бачым, што сёння Еўропа зноў гатовая наступіць на граблі і пачаць дыялог з Лукашэнкам. Наколькі гэта можа быць рэзультатыўна, улічваючы, што ўсе мінулыя спробы перамоваў з дыктатарам заканчваліся ўзмацненнем рэпрэсій у Беларусі?

- Для знешняй палітыкі Еўразвяза Беларусь з'яўляецца адным з самых цяжкіх кейсаў. Гэта нестандартная краіна, з якой вельмі цяжка развіваць міжнародныя адносіны, і гэта адзіная дзяржава, якая была выключаная з Рады Еўропы за парушэнні правоў чалавека.

Чыноўнікі Еўразвяза імкнуцца шукаць новыя падыходы, якія б дапамаглі вырашыць сітуацыю. Але Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо 19 гадоў і дакладна ведае моцныя і слабыя бакі Еўразвяза. Ён добра разумее, што ў ЕЗ 27 краін, і ўсё вырашаецца на базе кансенсусу. І калі нейкая адна краіна супраць нейкага рашэння, яно не рэалізоўваецца.

За гэты перыяд Лукашэнка паказаў, што ён не толькі дасведчаны, але і амаральны палітык. Сваю амаральнасць ён прадэманстраваў, калі ў краіне зніклі лідары апазіцыі. Ён да гэтага часу не патлумачыў, што адбылося з яго палітычнымі апанентамі. Калі глядзець на стаўленне Лукашэнкі да палітычнай апазіцыі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі палітвязняў катавалі ў турмах, становіцца ясна, што ў Беларусі няма стандартнай юрыдычнай сітуацыі - усё вырашае Лукашэнка. Калі памілаванне ажыццяўляе прэзідэнт, дзе логіка? Ні ў адной еўрапейскай краіне няма сістэмы, калі зняволены павінен пісаць прэзідэнту прашэнне, а ён ужо вырашыць: вызваліць ці не.

Лукашэнка ўвесь час змяняе падыходы, таму непрадказальны. Калі ты дамаўляешся з кімсьці, то чакаеш, што чалавек будзе трымаць слова. Што да Лукашэнкі, то ён прагматык, які здольны змяніць сваё рашэнне і не трымае слова. Калі праз 20 гадоў нехта будзе аналізаваць яго ўзаемаадносіны з ЕЗ, то ён прыйдзе ў жах.

З Лукашэнкам немагчыма дамовіцца і весці нармальны дыялог. Для мяне ўся яго логіка - геапалітычныя «арэлі» паміж Расеяй і ЕЗ. Ён добра ведае ментальнасць расейцаў, як працуе Расея, яе сантыменты ў дачыненні да Беларусі, ведае дакладна, як працуе ЕЗ. Лукашэнка балансуе паміж двума геапалітычнымі рэальнасцямі. У яго толькі адна мэта - утрымацца ва ўладзе. Каштоўнасці, на якіх трымаецца Еўропа, для яго нічога не значаць.

Мноства экспертаў аналізуюць палітыку Лукашэнкі, але штосьці я не бачыў псіхіятраў, якія б аналізавалі яго псіхічнае здароўе. Ужо напісана шмат кніг з аналізам «ізаляцыі», «дыялогу» і гэтак далей, але трэба было б напісаць пра псіхічнае здароўе Лукашэнкі.

- Дык які дыялог можа быць з псіхічна ненармальным?

- Я б не хацеў параўноўваць дыялог і псіхіятрыю. У ЕЗ ёсць два тыпы людзей. Адны думаюць, што трэба весці дыялог, таму што гэта дае больш шанцаў на змену сітуацыі. Але я ўпэўнены, што пакуль Аляксандр Лукашэнка будзе прэзідэнтам Беларусі, дыялог не зменіць сітуацыю. Лукашэнка ўжо паказаў усю сваю сутнасць. Чакаць ад яго змены падыходаў да ўнутранай і міжнароднай палітыкі, з майго пункту гледжання, немагчыма.

На працягу 19 гадоў нямала палітыкаў з ЕЗ і ЗША спрабавалі растлумачыць Лукашэнку, дзе поўнач і поўдзень, дзе ўсход і захад. Але дыктатар добра сябе адчувае ў Менску і думае, што Беларусь - гэта калгас, а ён яе старшыня, якому не трэба ні на што паказваць. Таму ён не будзе нічога мяняць.

Лукашэнка - дыктатар. Ён не будзе мяняць палітыку, пакуль на яго не будзе аказаны большы ціск. Гэта значыць, што дыялог з Лукашэнкам не прывядзе да лібералізацыі сітуацыі. Упэўнены, што адносіны з Беларуссю, пакуль ёй кіруе Лукашэнка, трэба весці з пазіцыі сілы. Аргументы аб маралі не дзейнічаюць.

Апошнім расчараваннем Захаду былі падзеі 19 снежня 2010 года, таму што Лукашэнка дазволіў зарэгістравацца ўсім кандыдатам і даў ім выступіць на тэлебачанні. Людзі спадзяваліся на перамены. Але Лукашэнка паказаў, што з ім усё можа змяніцца толькі ў горшы бок.

Мне здаецца, дастаткова аргументаў для тых, хто сёння выступае за дыялог, каб зразумець, што гэта нічога не зменіць.

- Што б вы адказалі на асцярогі еўрапейскіх палітыкаў, якія заяўляюць, што ў выпадку ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, ён сыдзе ў Расею?

- Я думаю, што Лукашэнка баіцца Расеі больш, чым ЕЗ. Расея заўсёды дзейнічае з пазіцыі сілы. Для Лукашэнкі ясна, што калі Расея націсне яшчэ больш, то ён памрэ як палітык. Для яго Расея - самы галоўны вораг, таму што ён можа пазбавіцца ўлады. Таму для яго адзінае выйсце - падлашчвацца то з Расеяй, то з ЕЗ. Ён жыве ў страху, чакаючы пагрозы страты ўлады то з Усходу, то з Захаду, таму трымае баланс. Як толькі баланс парушыцца і нешта пераважыць - Лукашэнку тут жа прыйдзе канец.

- Павал, вы шмат гадоў займаецеся Беларуссю: і ў Нямецкім Фондзе Маршала, і цяпер у Еўрапейскім фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Што, на ваш погляд, сёння важна рабіць, каб Беларусь стала нарэшце дэмакратычнай краінай?

- Сёння ў ЕЗ адбываюцца нечаканыя працэсы, звязаныя з эканомікай і палітыкай. Назіраецца крызіс, еўрапейцы занятыя пытаннем захавання еўразоны. Але вельмі важна, каб Беларусь была на ментальнай карце еўрапейскіх палітыкаў. Для Лукашэнкі выгадна, каб палітыкі ў ЕЗ не казалі пра Беларусь.

Нам трэба знайсці новыя інструменты падтрымкі тых, хто імкнецца змяніць сітуацыю ў Беларусі: незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі. Быць больш салідарнымі з людзьмі, якія змагаюцца за сваю краіну.

У апошнія гады аказваць падтрымку Беларусі стала цяжэй, бо Лукашэнка паставіў гэтую падтрымку па-за законам. Алесь Бяляцкі трапіў у турму менавіта за замежную дапамогу. Зараз ЕЗ змяніў інструменты падтрымкі, каб гэта не шкодзіла людзям.

Пакуль Еўропа не мае новых падыходаў да Беларусі, таму што не мае выразнай стратэгіі.

- Вы добра ведаеце, што такое дыктатура. Што беларусы могуць пераняць са славацкага вопыту?

- У Славакіі не было дыктатуры таго тыпу, як у вас. Пры Мечыяры ў нас працавалі замежныя арганізацыі, у іх былі свае офісы і яны маглі адкрыта атрымліваць падтрымку. Гэта не працуе ў Беларусі. Таму параўноўваць мечыярызм з лукашызмам нельга. Мечыярызм быў лёгкай версіяй аўтакратыі.

Трэба распрацоўваць стратэгію супрацоўніцтва паміж грамадзянскай супольнасцю і палітыкамі, якія імкнуцца змяніць сітуацыю. Мы правялі ў Славакіі дэмакратычны круглы стол, дзе былі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, прафсаюзы і палітыкі. Мы разам вырашалі, што рабіць кожнаму, размеркавалі ролі. Патрэбен кансенсус у справе барацьбы за свабоду краіны. Як гэта зрабіць - іншае пытанне. Многія беларускія палітыкі і грамадскія лідары выехалі з краіны. У нас такога не было.

Ваша задача - знайсці супрацоўніцтва паміж тымі, хто застаўся ўнутры краіны, і тымі, хто працуе за мяжой. Гэта новая задача для вас, якая мае вялікае значэнне, таму што ўплывае не толькі на насельніцтва краіны, але і дае імпульсы Захаду. У сітуацыі, калі няма згоды, Лукашэнка толькі ўмацоўвае свае пазіцыі.

Я бачу, што сітуацыя ў Беларусі настолькі жорсткая, што адкрыта змагацца ўнутры краіны практычна немагчыма. Пасля выбараў 2010 года жорсткасць рэжыму толькі ўзмацнілася. Ён знішчае кожнага іншадумца. Таму застаюцца маленькія крокі, праз якія можна паказаць сваю мужнасць і сваё імкненне да свабоды. Праводзіць масавыя акцыі пратэсту ў Беларусі сёння нерэальна. Калі будзеш пратэставаць, то апынешся ў турме.

Таму я не буду казаць беларусам, якія жывуць у краіне, што ім рабіць. Толькі яны самі ведаюць, што і як можна зрабіць у барацьбе за свабоду. Для тых, хто жыве за мяжой, сітуацыя зусім іншая. Яны жывуць у вольным свеце. Значыць, ім трэба больш думаць, як уплываць на дыскусію пра палітыку Захаду ў дачыненні да Беларусі. Трэба, каб журналісты, актывісты і палітыкі мелі больш выразны і ясны голас. Ніколі раней за мяжой не было столькі аўтарытэтных, адукаваных беларусаў, як цяпер.

Я думаю, што ў вас сёння больш шанцаў уплываць на дыскусію не толькі ў Брусэлі, але і іншых сталіцах ЕЗ. Заўсёды трэба думаць пра перыяд, у якім вы жывяце і дзейнічаеце.

Для ЗША сёння шмат іншых задач у свеце. Яны думаюць, што Беларусь - еўрапейская краіна і чакаюць, што Еўропа будзе мець новыя падыходы. Амерыка больш жорсткая ў сваім стаўленні да Беларусі, яно не змянілася нават з прыходам Барака Абамы. ЗША амаль ізалявалі Беларусь: няма амбасадара, дыпламатычныя сувязі на вельмі нізкім узроўні. Еўропе трэба знайсці эфектыўныя падыходы, як зрабіць Беларусь вольнай. Ваша сітуацыя ўнікальная. Мы чакаем, што беларусы, якія жывуць у ЕЗ, прыйдуць да нас з новымі ідэямі.

Напісаць каментар 102

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках