19 красавiка 2024, Пятніца, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Polska Times: Беларусь будзе адпрацоўваць ядзерны ўдар па Варшаве

200
Polska Times: Беларусь будзе адпрацоўваць ядзерны ўдар па Варшаве

Ваенныя манеўры «Захад-2013» усё больш трывожаць Захад.

Войскі НАТА будуць у Польшчы адпрацоўваць сцэнарабароны Эстоніі, а Беларусь і Расея - адбіваць меркаваную атаку з тэрыторыі Польшчы: каля польскай мяжы яны адпрацуюць варыянт прэвентыўнага ядзернага ўдару па Варшаве, піша Polska Times (пераклад - charter97.org).

Напружанасць у адносінах паміж Расеяй і НАТА расце з пачатку года. Альянс рыхтуецца да правядзення манеўраў Steadfast Jazz 2013, якія пройдуць на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі, у той час як беларусы і расейцы распачнуць вучэнні «Захад-2013».

Адначасова Менск і Масква ахвотна звяртаюцца да ваеннай рыторыкі.

«Мы не збіраемся нікому пагражаць. Мы не разглядаем ніякую дзяржаву ў якасці свайго суперніка. Мы дзейнічаем адкрыта і паслядоўна, робячы акцэнт на калектыўнай абароне. Гаворка ідзе пра здольнасць да абароны, так бы мовіць, агульнага войска Беларусі і Расеі, а таксама рэгіянальнай групоўкі войскаў на заходнім участку», - тлумачыў спецыфіку манеўраў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу расейскае міністэрства абароны дало зразумець, што яму не падабаецца ўсё большы ўдзел Польшчы ў НАТА.

«Мы павінны прыняць да ўвагі патэнцыял НАТА. Мы бачым, што многія яго інфраструктурныя праекты ажыццяўляюцца ў Польшчы. Гэта турбуе нас па многіх прычынах, у прыватнасці таму, што НАТА спрабуе пераканаць нас у тым, што пагрозу трэба бачыць на поўдні, у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Але ў той жа час мы бачым, што ваенныя падрыхтоўкі вядуцца ва ўсходняй частцы НАТА, на тэрыторыі новых удзельнікаў. Мы павінны гэта ўлічваць у нашай ваеннай дактрыне», - цытуе партал Defense24.pl словы Аляксандра Грушко, намесніка міністра абароны Расеі.

Ніхто гэтага афіцыйна не пацвярджае, але цяжка не прызнаць манеўры «Захад-2013» у якасці спробы канкурэнцыі з НАТА.

Пры гэтым, сумесныя вучэнні беларускія і расейскія войскі праводзяць з 2004 года, тады як войскі краін Паўночнаатлантычнага альянсу не праводзілі сумесных манеўраў з 1993 года.

Сцэнар «Захаду-2013» невядомы. Паводле неафіцыйных каналаў інфармацыі, у вучэннях прымуць удзел каля 20 тысяч вайскоўцаў (у манеўрах НАТА іх будзе каля 3 тысяч). Сярод варыянтаў вучэнняў разглядаецца прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве. Спецыялісты не выключаюць таксама спробаў парушэння польскай кіберпрасторы. У мінулым Польшча таксама была сведкай пагроз расейскімі ракетамі «Іскандэр», якія знаходзяцца ў Калінінградскай вобласці.

«У Расеі ёсць прычыны для турботы ў тым сэнсе, што поле НАТА знаходзіцца ўсё бліжэй да яе межаў. А месца арганізацыі манеўраў - гэта заўсёды форма палітычнай дэкларацыі», - прызнае Станіслаў Казей, кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.

Формаў супрацоўніцтва НАТА з Польшчай становіцца ўсё больш. Тут размешчаныя ракетныя сістэмы Patriot, сюды пераводзяцца амерыканскія знішчальнікі F-16 і верталёты Геркулес. Па-ранейшаму актуальныя планы будаўніцтва ў Польшчы антыракетнага шчыта ПРА - да 2018 года.

Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра сцэнар вучэнняў і сілы, якія ўдзельнічаюць у іх, недастаткова, аднак ёсць здагадка, што яны будуць нагадваць вучэнні «Захад-2009», якія выклікалі вялікі рэзананс. Тады ў вучэннях прынялі ўдзел больш за 12 тысяч вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названыя абароннымі, закліканымі падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне. Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжаны напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.

Напісаць каментар 200

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках