Масавы падзеж жывёлы на свінакомплексе пад Баранавічамі?
114- 30.04.2013, 15:31
Буйны свінакомплекс «Усходні» зноў трапіў у скандал, звязаны з масавым морам жывёлы.
Пра чарговае надзвычайнае здарэнне паведаміў чытач сайта charter97.org.
«На свінакомплексе «Усходні», які належыць Баранавіцкаму камбінату хлебапрадуктаў, вялікі падзеж жывёлы. Па неправеранай інфармацыі, з 70 тысяч галоў, 30 тысяч ужо пахавалі. Сумар ужо прыязджаў. Сёння прыязджае Пракаповіч», - напісаў чытач.
Сітуацыю на свінакомплексе пракаментавала дырэктар Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў Наталля Манько. Яна адразу заявіла пра тое, што абвяргае інфармацыю, якая паступіла, прычым зрабіла гэта як толькі пачула, што з ёй размаўляюць журналісты charter97.org. Дырэктар камбіната нават не даслухаў да канца, што менавіта ў яе хочуць спытаць. Наталля Манько паведаміла, што на камбінаце праводзіцца расследаванне. Чаму яно прысвечана, дырэктар прадпрыемства патлумачыць не змагла.
«Я ўсё абвяргаю. Гэта ўсё няпраўда. У нас на камбінаце каля 88 тысяч галоў жывёлы. Сітуацыя пад кантролем. Мы праводзім расследаванне», - сказала яна.
Наталля Манько не стала адмаўляць, што на прадпрыемства прыязджалі прадстаўнікі прафсаюзнага кіраўніцтва і чыноўнікі.
«Гэта звязана з пасяўной кампаніяй. Учора, напрыклад, камбінат наведвалі прадстаўнікі прафсаюзаў», - заявіла дырэктар хлебакамбіната.
У заключэнне размовы Наталля Манько ўжо не была настолькі ўпэўненая ў сабе. Яна сказала, што пацвердзіць інфармацыю пра падзеж жывёлы «пакуль не можа», і паведаміла, што ёй ужо тэлефанавалі сёння з гэтай нагоды. Акрамя таго, яна чамусьці адмовілася называць журналісту сайта сваё імя.
На свінакомплексе «Усходні» ўжо здараліся НЗ, звязаныя з масавым морам жывёлы. Напрыклад, у 2009 годзе там загінула каля 2 тысяч парасятаў. Ноччу ў цэху дагадоўвання свінняў перасталі працаваць вентылятары, і ад высокай тэмпературы жывёлы проста задыхнуліся.