29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацька загінулай пасля аперацыі дзяўчыны: Гэта было амаль забойства

199
Бацька загінулай пасля аперацыі дзяўчыны: Гэта было амаль забойства

Бацька дзяўчыны, якая загінула ў Менску падчас пластычнай аперацыі, абвінавачвае ў яе смерці чатырох работнікаў медыцынскага цэнтра.

Юрый Кубараў пахаваў сваю дачку Юлю ў мінулы чацвер. Дзяўчыне было 23 гады, і яна памерла, не прыходзячы ў прытомнасць, праз чатыры тыдні пасля пластычнай аперацыі ў медыцынскім цэнтры «Экамедсэрвіс». Бацька кажа: супрацоўнікі цэнтра не заўважылі своечасова, што апарат штучнага дыхання не працуе, піша onliner.by.

Юрый Ягоравіч пагадзіўся пагаварыць з журналістамі. Вось што ён распавёў:

«Сёння мне SMS дасылаў заснавальнік «Экамедсэрвіса», прапаноўваў сустрэцца. Але я не хачу з ім бачыцца, няма пра што нам гаварыць. Пачуць спачуванні? Навошта?.. Справа ж не ў велічыні кампенсацыі, а ў тым, каб астатнія дзяўчыны задумаліся. Справа ў халатнасці супрацоўнікаў «Экамедсэрвіса». Я хачу, каб яны адказвалі за свае дзеянні. Юлю элементарна можна было выратаваць. Я разумею, бываюць выпадкі, калі нават медыцына нямоглая, а тут проста «свалачызм». Яны хацелі зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні.

Мы спачатку, у першы дзень, грашылі на анестэзіёлага, думалі, што ён дозу не разлічыў. Потым думалі, можа, арганізм Юлі не вытрымаў. Але калі даведаліся, што гэта амаль як забойства... Я абвінавачваю ўсіх чацвярых медыкаў, якія праводзілі аперацыю, - хірурга, анестэзіёлага, медсястру і медсястру-анестэзіёлага. Быў бы сярод іх хоць бы адзін нармальны чалавек, сказаў бы: «Хлопцы, нешта мы тут спрабуем схаваць», патэлефанаваў бы ў «хуткую»... А выйсці - і тут жа ўцячы? Я нават твараў не памятаю гэтых сясцёр. Яны ўцяклі маментальна ў прамым сэнсе слова. Анестэзіёлаг яшчэ быў там пару гадзін, але ж ён нічога не рабіў. Аперацыя замест паўтары гадзіны расцягнулася на тры гадзіны, і, я так разумею, людзі проста хацелі дадому. Ім было напляваць, што будзе з пацыентам. Яны не выклікалі «хуткую» ні да, ні пасля... Мы кажам: «Чаму наша дачка так дыхае?» А нам у адказ: «А як яна яшчэ будзе дыхаць, калі ў яе нос закладзены?» А гэта была, па сутнасці, агонія.

Нават калі б яны забылі нажніцы ўнутры - гэта было б яшчэ неяк... А гэта проста злачынства! Гэта не чалавечы фактар, а антычалавечы. Чаму яны гэта схавалі? Зразумела як белы дзень, што яны не хацелі смецце з хаты выносіць, думалі, так рассмокчацца. А ўсе ўжо ішло на хвіліны...

А бо ў той дзень Юліна аперацыя была адзінай, можна было спакойна прызначыць яе і на 9, і на 10 раніцы... Але ж усе гэтыя лекары паралельна працуюць у дзяржустановах. Хірург, які аперыраваў, - гэта загадчык аддзела пластычнай хірургіі адной з менскіх бальніц. Так што ён і ў прыватнай, і ў дзяржаўнай клініцы мог такое зрабіць. Толькі ў дзяржаўнай год б трэба было чакаць, а ў Юлі вяселле праз тры месяцы. Як жа яна магла год чакаць? А тое, што і ў дзяржаўнай лякарні плаціць трэба, гэта, я думаю, для вас не сакрэт. Не па чэку, вядома. Таму мы думалі, што ў «Экамедсэрвісе» усё будзе выдатна...

Мне сказалі, што судзіцца з імі будзе вельмі цяжка. Я думаў, багатая фірма, таму будзе цяжка. А потым мне растлумачылі кампетэнтныя органы. Усё апынулася яшчэ прасцей. Тыя дзядзечкі, якія судзяць, альбо самі хворыя, альбо іх сваякі, і рана ці позна ім прыйдзецца звяртацца да лекараў. Таму з лекарамі вельмі складана судзіцца. Лягчэй санітарку за шакаладку пасадзіць, чым капнуць глыбей.

Я разумею, што многія так і застануцца беспакаранымі. Але хай хоць бы нешта...

Мы цяпер усё жыццё сябе будзем вінаваціць, што не паклалі хірургу $100 у кішэню. Можа быць, тады б ён па-чалавечы паставіўся, свае абавязкі (а не нашы капрызы) выканаў бы! Але ж гэта проста «свалачызм», калі ты ведаеш, але не робіш тое, што трэба. Мы заплацілі нармальныя грошы. Мы ж не па «хуткай», а не па ветэранскай... І ўсё роўна... Лепш бы я гэтыя грошы не зарабіў».

Атрымаць каментар у кіраўнікоў «Экамедсэрвіса» журналістам не ўдалося - яны не падымалі слухаўку.

Напісаць каментар 199

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках