25 красавiка 2024, Чацвер, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскіх праваабаронцаў прымушаюць рэгістравацца як «замежных агентаў»

5
Расейскіх праваабаронцаў прымушаюць рэгістравацца як «замежных агентаў»

Пракуратура запатрабавала ад праваабарончых арганізацый «Мемарыял» і «Агора» зарэгістравацца ў адпаведнасці з прынятым нядаўна новым законам аб НКА.

Маскоўская гарадская пракуратура ўгледзела ў дзеяннях праваабарончага цэнтра «Мемарыял» парушэнні закона аб некамерцыйных арганізацыях і запатрабавала ад яго кіраўніцтва зарэгістраваць арганізацыю ў якасці «замежнага агента».

Прадстаўленне пракуратуры было ўручана кіраўніку арганізацыі Аляксандру Чаркасаву, якому ў месячны тэрмін прапануецца ліквідаваць парушэнні. Сам ён заявіў, што мае намер абскардзіць патрабаванне пракурораў, перадае BBC.

«Мы будзем глядзець, як нам абскарджваць гэты дзівосны тэкст, - сказаў Чаркасаў. - Мы казалі, што не збіраемся прызнаваць сябе «замежнымі агентамі», таму што тады мы паведамілі б пра сябе загадзя ілжывыя звесткі».

Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» займаецца, у прыватнасці, абаронай правоў чалавека на Паўночным Каўказе і ўваходзіць у склад аднайменнага гісторыка-асветніцкага і праваабарончага таварыства.

Масавыя праверкі некамерцыйных арганізацый у Расеі пачаліся ў канцы сакавіка. Улады неаднаразова заяўлялі, што праверкі носяць планавы характар.

План праверак, па дадзеных генпракуратуры Расеі, быў зацверджаны яшчэ ў снежні 2012 года. Сілавыя і падатковыя органы заяўлялі, што праверкі закрануць тысячы НКА па ўсёй Расеі.

Лідары праваабарончых арганізацый заявілі, што лічаць дзеянні ўладаў ціскам на грамадзянскую супольнасць.

Банальнае апытанне

У аўторак пракуратура Татарстана запатрабавала ад праваабарончай асацыяцыі «Агора» зарэгістравацца ў якасці «замежнага агента», палічыўшы яе дзейнасць палітычнай.

На думку кіраўніка асацыяцыі Паўла Чыкава, прэтэнзіі нагляднага органа не з'яўляюцца абгрунтаванымі, паколькі арганізацыя ніколі не хавала крыніцы фінансавання.

Засцярогу ад пракуратуры таксама атрымала Ніжагародская праваабарончая арганізацыя «Камітэт супраць катаванняў».

Між тым кіраўніцтва маскоўскага прадстаўніцтва міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch у аўторак пабывала ў пракуратуры Масквы і адказала на пытанні ў рамках комплекснай праверкі НКА.

«Гэта было банальнае апытанне кіраўніцтва прадстаўніцтва. Задавалі пытанні, звязаныя з дзейнасцю прадстаўніцтва, з нашымі публікацыямі. Вынікі праверкі нам невядомыя», - сказала намеснік кіраўніка маскоўскага офіса HRW Таццяна Лакшына.

Кіраўнік расейскага аддзялення міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Сяргей Нікіцін заявіў, што яго выклікаюць у пракуратуру 6 траўня.

Немагчыма ўжываць

Закон аб «замежных агентах» уступіў у сілу ў лістападзе 2012 года.

Арганізацыі, занятыя палітычнай дзейнасцю, якія атрымліваюць замежнае фінансаванне, абавязаны рэгістравацца ў мінюсце як замежныя агенты.

За невыкананне гэтага патрабавання нядаўна дабаўлены артыкул 19.34 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае для юрыдычнай асобы штрафы ад 300 тыс. да 500 тыс. рублёў, а для яе кіраўніка - ад 100 тыс. да 300 тыс.

Міністр юстыцыі Аляксандр Канавалаў, адказваючы 16 студзеня ў Дзярждуме на пытанні дэпутатаў, патлумачыў, што прыняты імі летам мінулага года закон аб НКА, які ўступіў у сілу ў лістападзе, немагчыма прымяняць на практыцы.

Тым не менш, на мінулым тыдні суд аштрафаваў асацыяцыю «Голас» на 300 тыс. рублёў (10 тыс. даляраў), а яе выканаўчага дырэктара Лілію Шыбанаву - на 100 тыс. рублёў за адмову рэгістравацца ў якасці «замежнага агента».

Прадстаўнікі «Голаса» заявілі, што маюць намер аспрэчваць рашэнне аж да Канстытуцыйнага суда, і прызналі, што штрафы спусташальныя для бюджэту арганізацыі.

Фота: kasparov.ru

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках