26 красавiка 2024, Пятніца, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскіх актывістаў будуць судзіць за фота ў Інтэрнэце

10
Віцебскіх актывістаў будуць судзіць за фота ў Інтэрнэце

На сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава 30 красавіка складзены пратакол аб парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Міліцыянты выклікалі яго ў Кастрычніцкі РАУС, каб зафіксаваць правапарушэнне, якога яны ў вочы не бачылі - пратакол складзены на падставе здымкаў, выкладзеных у Інтэрнэце, піша ПЦ «Вясна».

Ян Дзяржаўцаў распавёў, што ў пастарунку гаворка ішла пра акцыю 26 красавіка, у гадавіну аварыі на Чарнобылі, якую яны ўдваіх правялі з аднапартыйцам Віталём Каваленкам. Яны выйшлі на вуліцу Замкавую і да помніка П. Машэраву з плакатамі «Будаваць АЭС без згоды народа можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар, пабудуеш Астравец - пажнеш Чарнобыль».

Верагодна, нехта з мінакоў выклікаў міліцыю. Аднак міліцэйская машына пад'ехала ўжо тады, калі актывісты згарнулі плакаты і збіраліся сыходзіць. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі, што дэманстрацыя плакатаў будзе кваліфікаваная як несанкцыянаваная акцыя, але намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Віцебскага аблвыканкама Андрэй Іваноў спецыяльна папрасіў паказаць, што на іх напісана - маўляў, «каб паглядзець, ці няма там заклікаў да звяржэння дзяржаўнага ладу».

«Міліцэйскі аператар з машыны здымаў нас на відэа: што мы размаўляем з Івановым, і што плакаты ў нас згорнутыя. Потым нас да прыпынку праводзіў міліцэйскі патруль, каб мы не разгарнулі плакаты ў іншым месцы. Але ў Кастрычніцкім РАУС мне сказалі, што ёсць шмат сведак таго, як мы пікетавалі. Я ж сказаў, што гэта не было пікетам, бо мы не выказвалі якіх-небудзь палітычных лозунгаў або нейкіх патрабаванняў. На плакатах былі напісаныя нашы думкі - што мы супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Я лічу, што чалавек мае права на свабоднае выказванне сваіх думак, але міліцыя, напэўна, з гэтым не згодная», - распавёў Ян Дзяржаўцаў.

Актывіст кажа, што іх акцыю здымалі на мабільныя тэлефоны. І ўжо ў абед 26 красавіка фатаграфіі з'явіліся на розных інтэрнэт-сайтах. Па словах міліцыянтаў, гэта таксама стане доказам у судовым працэсе.

У Кастрычніцкім РАУС Яну Дзяржаўцаву сказалі, што перададуць дакументы ў суд 6 траўня. Другога ўдзельніка «чарнобыльскай» акцыі, Віталя Каваленку - брата вядомага актывіста Сяргея Каваленкі - міліцыянты таксама шукаюць, каб уручыць позву і скласці пратакол.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках