29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцыйны Першамай у Менску: піва, гарэлка, шашлыкі

132

Міжнародны дзень салідарнасці працоўных у Менску дазволілі адзначаць толькі праўладным прафсаюзам і БРСМ.

Мітынгі праўладных арганізацый прайшлі ў парку імя Янкі Купалы і ля стэлы «Менск - горад-герой». Па словах арганізатараў, у першым з іх прынялі ўдзел 30 тысяч менчукоў. На ім выступілі чыноўнікі і кіраўнікі ФПБ. Кіраўнік праўладных прафсаюзаў Леанід Козік па традыцыі казаў пра «вялікія дасягненні», якімі адзначыўся для беларусаў мінулы год, і запалохваў «бардаком, крызісам і забастоўкамі», якія адбыліся ў Еўропе.

Фота: onliner.by

«Мы не хочам, каб на вуліцах беларускіх гарадоў палілі аўтамабілі, як гэта адбываецца ў Парыжы, мы супраць шматлюдных забастовак, як у Іспаніі, мы пярэчым супраць крызісу ў банкаўскай сферы, як на Кіпры», - сказаў Леанід Козік.

Звычайным удзельнікам мерапрыемства, большасць з якіх былі сагнаныя на яго «па разнарадцы», мітынг запомніўся багаццем спіртных напояў, з-за якіх да прамоваў чыноўнікаў, якія выступалі са сцэны, ніхто асабліва не прыслухоўваўся.

Незалежным прафсаюзам ў Менску, як і ў большасці гарадоў Беларусі, улады забаранілі праводзіць мерапрыемствы ў абарону правоў працоўных. Шэсце апазіцыі дазволілі толькі ў Брэсце.

Адзначым, што Міжнародная арганізацыя працы неаднаразова канстатавала факты грубага парушэння беларускімі ўладамі правоў прафсаюзаў. У 2007 годзе за парушэнне правоў прафсаюзаў Беларусь выключылі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўразвяза. Для вяртання ў сістэму прэферэнцый урад павінен выканаць шэраг рэкамендацый МАП. У іх ліку - неўмяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасць прафсаюзаў, спыненне пераследу грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці, удзел усіх прафсаюзных аб'яднанняў у вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны і іншыя.

Замест гэтага ў мінулым годзе ціск на актывістаў незалежных прафсаюзаў толькі ўзмацніўся. Іх звальнялі з працы, пазбаўлялі прэмій, падвяргалі рэпрэсіям. Незалежным прафсаюзам не давалі магчымасці працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах.

Таксама 2012 год адзначыўся і прыняццем рэпрэсіўных законаў у адносінах да рабочых у некаторых сферах вытворчасці. Самым вядомым з якіх стаў дэкрэт Лукашэнкі №9, які забараніў звальняцца з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца.

Фота: svaboda.org

Напісаць каментар 132

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках