Адміністрацыя Пуціна адмовілася даць Колю Лукашэнку ордэн
246- 21.05.2013, 22:40
Адміністрацыя Уладзіміра Пуціна не стала разглядаць прапанову аб узнагароджанні малодшага сына Лукашэнкі ордэнам Дружбы народаў.
У сакавіку ў Магілёве 133 чалавекі падпісаліся пад зваротам да правіцеляў Беларусі, Расеі і старшыні «савета рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Анатоля Рубінава з просьбай узнагародзіць малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая ордэнам Дружбы народаў. Ініцыятарам звароту выступіў актывіст прафсаюза РЭП Аляксей Паўлоўскі.
Прапанова з адміністрацыі прэзідэнта Расеі перададзеная ў адміністрацыю беларускага кіраўніка.
У адказе, які паступіў Паўлоўскаму з упраўлення прэзідэнта Расеі па працы са зваротамі грамадзян і арганізацый, паведамляецца, што ліст з подпісамі «ў мэтах забеспячэння вашага канстытуцыйнага права на зварот у дзяржаўныя органы і органы мясцовага самакіравання накіраваны на разгляд у адміністрацыю прэзідэнта Беларусі».
Такое рашэнне прынятае ў адміністрацыі расейскага прэзідэнта на падставе Федэральнага закона «Аб парадку разгляду зваротаў грамадзян Расейскай Федэрацыі».
Як паведаміў БелаПАН Аляксей Паўлоўскі, з адміністрацыі Лукашэнкі, як і ад старшыні «савета рэспублікі» ніякіх адказаў да гэтага часу не прыйшло, хоць з моманту адпраўлення ліста мінула амаль два месяцы. У гэтым актывіст бачыць парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і мае намер звяртацца ў Генеральную пракуратуру.
«Ліст з подпісамі ішоў у Расею каля месяца, і столькі ж часу ішоў адказ у Магілёў. А з Магілёва да Менска ліст ідзе адзін дзень, але беларускія высокія адрасаты праігнаравалі зварот грамадзян, нягледзячы на тое, што сярод іх былі і члены БРСМ, і «Белай Русі», - сказаў Паўлоўскі.
Раней Паўлоўскі паведамляў, што ідэя ўзнагародзіць Мікалая Лукашэнку паўстала пасля дэманстрацыі кадраў наведвання ў сакавіку Лукашэнкам і яго малалетнім сынам шэрагу замежных дзяржаў. «Адна справа, калі кіраўнік дзяржавы наведвае краіну прызначэння ў адзіночку - гэта банальна, а вось калі з дзіцем - іншая справа! Гэта больш эфектыўна дапамагае наладжваць сяброўскія міждзяржаўныя адносіны. І гэта заўважаюць усе! Бо калі з дзіцем - нязручна адмовіць у дапамозе», - гаварылася ў звароце.