Часопіс «Arche» аднаўляе выхад
5- 24.05.2013, 11:12
Галоўны рэдактар «Arche» Валерый Булгакаў вярнуўся ў Беларусь.
«Мы атрымалі дакументы аб перарэгістрацыі сёння раніцай», - паведаміў выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара, кандыдат гістарычных навук Алесь Пашкевіч.
Ён замяніў на пасадзе Валерыя Булгакава, калі над ім у мінулым годзе навісла пагроза крымінальнай справы і ён пакінуў краіну. Раней часопісу чатыры разы адмаўлялі ў перарэгістрацыі, піша «Наша Нiва».

«Галоўным рэдактарам зноў будзе Валерый Булгакаў, я - намеснікам», - адзначыў Пашкевіч.
Новы нумар часопіса будзе адпраўлены ў друк неадкладна. Ён будзе прысвечаны гісторыі Другой сусветнай вайны. «Arche» не выходзіў з чэрвеня 2012 года, і да пачатку лета абавязкова павінен з'явіцца чарговы выпуск.
У гэтым годзе часопіс адзначыць 15-годдзе.
Нагадаем, у верасні галоўны рэдактар «Arche» Валерый Булгакаў быў затрыманы ў Гродне на прэзентацыі кнігі Яна Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі». Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У друкарні, дзе выходзіў часопіс, упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў правяло праверку. Булгакава аштрафавалі на 500 тысяч рублёў. Баючыся яшчэ і крымінальнага пераследу, ён пакінуў Беларусь.

22 сакавіка стала вядома, што ніякай справы супраць «Arche» заведзена не было. У сярэдзіне красавіка Булгакаў вярнуўся ў краіну. Але па-ранейшаму пад арыштам знаходзяцца 5000 кніг, канфіскаваных у яго восенню.