«Укантакце» забаранілі па памылцы
7- 24.05.2013, 12:43
Супрацоўнік Раскамнагляду не там паставіў галачку.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік арганізацыі Уладзімір Пікаў, перадае BBC.
«Гэта памылка, выпадковасць. Наш супрацоўнік не там паставіў галачку, што прывяло да трапляння IP-адраса ў рэестр. Мы выдалім «Укантакце» з рэестра, і ён павінен быць даступны ўсім карыстальнікам», - сказаў Пікаў.
Як правіла, у рэестр Раскамнагляду трапляюць сайты, на якіх размешчаная дзіцячая парнаграфія, а таксама матэрыялы, якія прапагандуюць, на думку ведамства, самагубствы і наркотыкі.
Падобныя памылкі здараліся і раней: у рэестр, у прыватнасці, траплялі сацыяльная сетка «Аднакласнікі» і пошукавік Google. Раскамнагляд таксама называў гэтыя выпадкі тэхнічнымі памылкамі.
Паступаюць паведамленні, што ў некаторых рэгіёнах, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу і Забайкаллі, доступ да сеткі «Укантакце» быў адразу ж заблакаваны правайдэрамі.
Рэестр забароненых у Расеі сайтаў быў створаны ў лістападзе 2012 года. У яго ўносяцца рэсурсы, якія, на думку ўладаў, змяшчаюць дзіцячую парнаграфію, прапаганду наркотыкаў або суіцыду. Рашэнне аб забароне сайтаў прымаюць у Раскамнаглядзе, Расспажыўнаглядзе або Федэральнай службе па кантролі за абаротам наркотыкаў.
З моманту пачатку працы рэестра ў яго трапілі шэраг буйных рэсурсаў. У прыватнасці - энцыклапедыя «Луркамор'е» і відэахостынг YouTube. Пасля выдалення матэрыялаў, да зместу якіх узніклі прэтэнзіі, гэтыя сайты выключылі са спісу.
Расейская апазіцыя лічыць рэестр інструментам цэнзуры і заяўляе, што ўлады выкарыстоўваюць яго для падаўлення іншадумства ў сетцы.