МЗС незадаволены дамінаваннем Расеі ў АЭП
34- 24.05.2013, 16:42
Афіцыйны Менск заклапочаны дамінуючай роляй Расеі ў Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).
Пра гэта заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч.
«Вельмі складана вырашаюцца пытанні, і ёсць дамінаванне Расеі (у АЭП - ІФ), мы пра гэта ім кажам», - сказаў ён у пятніцу журналістам у Менску.
Ён адзначыў, што бачыць дамінаванне пазіцыі расейскага боку ў сітуацыях, калі гаворка ідзе, напрыклад, пра перагляд ставак мытных пошлін.
«Па тых жа стаўках мытных пошлін - Расея ўступіла ў СГА і заняла ў цэлым такую пазіцыю: іх трэба зніжаць. Але там ёсць магчымасць і павышэння. І калі беларускі бок уносіць такую прапанову, яна разглядаецца месяц ці два. Калі расейцы ўносяць прапанову па зніжэнні ставак пошлін, яна праходзіць на працягу трох тыдняў», - заўважыў Міхневіч.
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з пераглядам ставак увазных пошлін на авіятэхніку.
«У нас пакуль няма ў АЭП цалкам абароненага, надзейнага сярэднемагістральнага самалёта. Патрэбны нейкі пераходны перыяд, калі мы сумесна такі самалёт створым, кампаніі нашы павінны развівацца. Гэта важна і нам, і казахстанскаму боку. І вось гэтыя пытанні праходзяць значна больш павольна», - сказаў першы намеснік міністра.
«Мы, праўда, дамагліся зараз, што пэўны час гэтыя імпартныя самалёты будуць увозіцца без усялякіх пошлін і дадатковых абцяжаранняў, але пытанне вырашалася значна больш павольна, усе былі ў нервовым стане», - у той жа час адзначыў ён.
Гаворачы ў цэлым пра работу Еўразійскай эканамічнай камісіі, Міхневіч падкрэсліў, што гаворкі пра канфрантацыю партнёраў не ідзе.
«Гэта не значыць, што мы ў нейкай канфрантацыі знаходзімся, гэта кажа пра тое, што рэгламент працы камісіі яшчэ недасканалы, парытэт ў самой камісіі трох краін таксама нераўназначны. Значыць, трэба думаць, як гэта вырашыць. Мы яшчэ толькі ў пачатку шляху , усё гэта прытрэцца. Хаваць гэтага таксама не трэба, трэба, каб усе разумелі, чым мы незадаволеныя, чым заклапочаныя», - сказаў Міхневіч.