Арганізатары «Еўрабачання» паказалі, як Ланская спявала на самой справе (Відэа)
170- 14.06.2013, 9:27
- 277,368
У інтэрнэт трапіла выкананне ўдзельнікаў конкурсу ў Швецыі a capella.
На фоне іншых удзельнікаў Алёна Ланская праспявала не так ужо і страшна. Але 5-кілаграмовая сукенка і бесперапынныя танцы далі пра сябе ведаць, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
«Ужо на другім куплеце яна стала нібы задыхацца. Але ў цэлым я не магу сказаць, што яна фальшывіла. Праспявала практычна ўсё чыста. Пеўняў не давала. Зразумела, што рухі і хваляванне перашкаджалі ў некаторых месцах, але гэта ўсё апраўдана», - каментуе выкананне Алены Ланской педагог па вакале беларускай удзельніцы «Дзіцячага Еўрабачання-2011» Лідзіі Заблоцкай, кіраўнік вакальнай студыі «Натхненне» пры гімназіі № 1 горада Магілёва Таццяна Галіноўская.
Фінал «Еўрабачання-2013» прайшоў 18 траўня ў Мальме. Пераможцам міжнароднага музычнага конкурсу стала Эмілі дэ Форэст з Даніі. Па выніках галасавання яе песня «Only Teardrops» набрала 279 балаў. Другое месца заняў Фарыд Мамедаў з Азербайджана, на трэцім - украінка Злата Огневіч.
Алёна Ланская, якая з песняй «Soleyoh» прадстаўляла на конкурсе нашу краіну, заняла 16 месца. Максімальную ацэнку - 12 балаў - Беларусь атрымала толькі ад Украіны.
У гэтым годзе ўдзел Алены Ланской у міжнародным музычным конкурсе запомніўся велізарнымі выдаткамі (на падрыхтоўку спявачкі выдаткавалі каля мільёна даляраў) і 500 літрамі гарэлкі, якую беларуская дэлегацыя так і не змагла давезці да Мальме.
Беларусь прымае ўдзел у конкурсе «Еўрабачанне» з 2004 года. Самае лепшы вынік, які паказваў выканаўца з нашай краіны - шостае месца Змітра Калдуна c песняй «Work your magic» у 2007 годзе.
За дзесяць гадоў удзелу ў конкурсе «Еўрабачання» беларусы ні разу не выступалі з песняй на роднай мове.