Італьянскі шэф-повар пра менскія рэстараны: «Гэта ганьба!»
250- 14.06.2013, 16:41
- 180,337
Маэстра італьянскай кухні ў жаху ад менскіх рэстаранаў.
«Як вы, беларусы, дазваляеце сябе гэтым карміць?» - абурана спытаў ён у карэспандэнта open.by.
Пры згадванні сталічнага беларускага грамадскага харчавання, маэстра кухні Прафесійнай асацыяцыі італьянскіх-шэф павароў, шэф-повар з 30-гадовым вопытам працы Габрыэль Занардэлі (на фота) павышае голас і пачынае размахваць рукамі... нават больш, чым гэта прынята ў італьянцаў.
- Як вы гэта церпіце?! - адразу пытаецца ён у журналістаў, якія ўжо падрыхтаваліся пачуць хвалу нацыянальнай кухні. Журналісты бянтэжацца і апускаюць галовы.
- Я часта бываю ў Беларусі, у краінах СНД, - пачынае Габрыэль. - Праводжу семінары. Але ў вашыя рэстараны я больш не хаджу. Тут яшчэ горш, чым у Маскве.
Заходзіш з дзяўчынай увечары ў адзін з лепшых менскіх рэстаранаў - а там цёмна, накурана, бульбай смярдзіць... Ганьба! З кухні не павінны даносіцца пахі! Няўжо вашых повараў гэтаму не вучаць?!
Падыходзіць афіцыянтка, дае меню і адразу папярэджвае, што чакаць трэба будзе ад паўгадзіны і больш. Як гэта так?! Повар не паважае ваш час?
Ну, добра. Бяру меню - гэта ў вас такі гросбух вельмі цяжкі - і пачынаю гартаць. О, думаю, тут як раз на паўгадзіны працы. Пакуль прагледзеўшы кожную з тысячы назваў... Як, думаю, яны паспяваюць столькі прыгатаваць?
Пачынаю пытацца ў афіцыянта, і тут высвятляецца: гэтага няма, гэта - было, але ўжо таксама няма, гэта прывязуць заўтра, а гэта... «Гааааля, у нас гэта ёсць? А, не, таксама няма».
Мне сорамна перад дзяўчынай, з якой я прыйшоў. Але гэта толькі пачатак. Потым мне прыносяць замову, дзе ў кожнай страве па кілаграме часныку. І кропу! Гэта вы так есць прывыклі? Не, можа быць, вам так смачна? Але ж часнык, лук, кроп - гэта ўсё вельмі агрэсіўныя кампаненты. Яны ж наглуха забіваюць вашыя смакавыя рэцэптары, і вы перастаеце адчуваць смак стравы!
І так у кожным рэстаране: шмат цыбулі, часныку, кропу, солі і перцу! Я разумею, раней гэтыя спецыі выкарыстоўваліся як антыбіётык, каб прадэзінфікаваць ежу. Але цяпер 2013 год. Чаму вы дазваляеце карміць сябе гэтым? Чаму вы можаце есць салату з лясных грыбоў з пяском? Яны што, прама з лесу да вас у талерку трапілі? Іх нават не мылі?
Я проста адстаўляю талерку і пачынаю крычаць. Я ж італьянец. І сыходжу, не заплаціўшы. Але чаму вы так не робіце? Адкуль у вас гэта беларускае «Ну, што ж зрабіць?». Трэба прыходзіць у рэстаран і адразу пачынаць крычаць - тады вас будуць паважаць.
- Можа, вам проста не падабаецца наша беларуская кухня?
- Не, не, не! У мяне беларуская жонка і беларуская цешча. Я ведаю вашу хатнюю кухню. Гэта смачныя дранікі, пельмені, галубцы! Я ведаю іх смак. Але тое, што вы рыхтуеце дома і тое, чым вас кормяць у рэстаране - гэта розныя рэчы.
- У 2014 годзе ў Менску будзе праходзіць Чэмпіянат свету па хакеі, прыедзе шмат турыстаў... Што трэба змяніць нашым рэстаратарам, каб сустрэць іх на належным узроўні?
- Я б раіў вашым поварам прайсці майстар-клас у іх бабуль. Беларуская кухня добрая, ёю можна зацікавіць замежніка, але стравы павінны быць прыгатаваныя смачна. Больш прастаты! Зрабіце акцэнт на адзін складнік, але каб ён быў свежым і смачным.
Я разумею, што ў вас невялікі выбар якасных прадуктаў, мала што можна знайсці. Але нават з таго, што ў вас ёсць, можна добра прыгатаваць. У вас вельмі смачнае малако, напрыклад. Гэтым трэба карыстацца! Так што наперад, да бабулі на кухню, і сачыце за кожным яе жэстам.
Хай будзе больш піцэрый. Піцу любяць па ўсім свеце. Але навучыцеся і яе гатаваць правільна. Гэта няпраўда, што сапраўдная італьянская піца павінна быць з тонкім цестам! Чаму вы ўсё ў гэтым так упэўнены? У Італіі піцы розныя. Я, напрыклад, не люблю, каб цеста было вельмі тонкім - тады піца хутчэй астывае, і вы яе падаеце ўжо халоднай. Гэта непрыгожа ў адносінах да вашага кліенту.
Але я вам скажу так: пакуль вы, беларусы, церпіце тое, што адбываецца ў вашых рэстаранах, пакуль вы плаціце за дрэнную ежу, нічога не зменіцца. Вам трэба забыць Савецкі Саюз. Ужо даўно няма такога, што трэба есць, што даюць, таму што іншага няма. Зараз шмат усяго. Навучыцеся паважаць сябе!