20 красавiка 2024, Субота, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Бяссмертны: Рэгіён страчвае праз корак у выглядзе рэжыму Лукашэнкі

28
Раман Бяссмертны: Рэгіён страчвае праз корак у выглядзе рэжыму Лукашэнкі

Вельмі цяжка прагназаваць, чым скончыцца візіт Лукашэнкі ў Кіеў, сцвярджае былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны.

У інтэрв'ю сайту charter97.org Раман Бяссмертны адзначыў, што сітуацыя ў дзвюхстаронніх стасунках непрыемная для абедзвюх старон. Акрамя таго, нябачным удзельнікам дыялогу з'яўляецца Масква.

Палітык таксама мяркуе, што беларускі рэжым утаймоўвае развіццё ўсяго рэгіёну - ад Чорнага да Балтыйскага мора і з'яўляецца «коркам».

- Раман Пятровіч, Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Кіеў. Што чакаць ад гэтага візіту?

- Мне вельмі цяжка прагназаваць, я магу казаць толькі аб агульных характарыстыках сітуацыі. Яна непрыемная для абедзвюх старон. Непрыемная для Украіны, бо сёння таварнае абарачэнне абедзвюх дзяржаў у частцы чорнага рынку дасягнула такіх аб'ёмаў, што пакідае быць непрыкметным і пачынае ўплываць на сур'ёзныя сэгмэнты рынку.

Афіцыйна кажуць, што рынак светлых паліўна-змазных матэрыялаў складаецца ў Украіне на 36% з беларускіх. Няпраўда. Ён сёння ўжо перасягнуў 50%. Амаль палова ў гэтым - нелегальны імпарт. Што да таварнага абарачэння малочнай прадукцыі - махавік раскручаны на чорным рынку так, што трэба нешта рабіць і даваць адказы на пытанні. А адказы можна даць толькі ў выпадку, калі будзе адрэгуляванае пытанне межаў. Усё ўперлася ў гэта. З аднаго боку называецца ўяўная запазычанасць (прычым яе сумы скачуць), з другога боку - вісіць пытанне аб абмене ратыфікацыйнымі лістамі. Гэтае пытанне можна было даўно развязаць і адрэгуляваць гандлёвае абарачэнне. Сёння сітуацыя такая, што абедзве стараны ў гэтым зацікаўленыя, але трэба мець на ўвазе, што нябачным удзельнікам гэтага дыялогу з'яўляецца Масква.

Знаходжанне Беларусі ў Мытным саюзе, кволы, але курс Украіны на еўраінтэграцыю - сведчанне таго, што рознаскіраванасць у развіцці інтэграцыйных працэсаў Украіны і Беларусі фактычна робіць магчымым прысутнасць трэцяй стараны.

- Украіна і Беларусь у рознай ступені, але ўдзельнічаюць ва Усходнім партнёрстве...

- Сёння самае галоўнае пытанне для Украіны, каб хоць неяк заяўляць аб сваім рэальным удзеле ў еўрапейскай палітыцы - гэта ўдзельнічаць ва Усходнім партнёрстве. Адпрацаваны фармат адназначна ўскладаў на Украіну найважнейшую ролю ў працэсах УП. Было зразумела, што ўсе дзяржавы УП мелі пэрспэктыву толькі ў фарватэры руху Украіны ў бок еўрапейскай інтэграцыі. Цяпер пазіцыя ўкраінскіх уладаў фактычна давяла УП да памірання. Можна выстаўляць прэтэнзіі да Лукашэнкі, Аліева, але гэта ўсё вытворныя ад пазіцыі Януковіча. Я выдатна разумею, што еўрапейскія палітыкі пагадзіліся на гэты праект перш за ўсё для таго, каб Украіна рэальна дэманстравала рух у Еўропу ці педалявала сітуацыю. Сёння напярэдадні Віленскага саміту - гэта самае галоўнае пытанне, як здолее паводзіцца Украіна ў пытаннях УП, наколькі прадукцыйным будзе дзейнасць гэтага праекта.

Важна звярнуць увагу на адзін момант. Калі ўзяць гістарычную рэтраспэктыву, то людзі, якія насяляюць Украіну, мелі пэрспэктыву толькі тады, калі складвалася прастора, умоўна кажучы, ад Вільні да Сімферопаля. Гэта прастора мела нейкія еўрапейскія характарыстыкі і парамэтры толькі тады, калі складала супольнасць. І калі гэта адбудзецца, то ўсе гэтыя краіны будуць мець выгады ад прысутнасці ў ЕЗ. Калі не, то больш за ўсіх ад гэтага пацерпіць Беларусь, на другім месцы - Украіна. Краіны Балтыі ж выдатна дадуць рады аўтаномнаму знаходжанню у ЕЗ.

- А ад супольнага толькі здабудуць?

- Безумоўна. Ранейшую гісторыю нікуды не падзенеш - ні сярэднявечча, ні знаходжанне ў складзе СССР. Гэта адбілася на этнасах, эканоміцы гэтых дзяржаў, унутранай гуманітарнай сфэры. Таму відавочна, што ўхапіўшыся за ідэю УП, еўрапейцы і самі гэтыя дзяржавы не разумелі, што далі Украіне, Беларусі, Малдове выдатны шанец увайсці ў еўрапейскую сям'ю. Я не магу сказаць, чаму гэтым пытанням не надаецца належная ўвага украінскімі ўладамі, але тое, што гэты праект з украінскага боку кульгае - несумненна.

- На саміт у Вільні мерацца запрасіць кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, які знаходзіцца ў спісе неўязных беларускіх чыноўнікаў. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- Стасункі паміж цывілізаванымі дзяржавамі Еўропы і такімі краінамі, як Беларусь ці цяперашняя ўкраінская ўлада, у кожным выпадку будуюцца на прынцыпе «дрэнная згода лепшая за добрую сварку». Еўрапейцы разумеюць, што нейкім чынам трэба ўплываць. Таму стасункі еўрапейскіх дзяржаў з такімі краінамі будуць развівацца сінусоідай - моманты пацяплення будуць змяняцца момантамі абвастрэння стасункаў. У кожным выпадку трэба мець нейкія дачыненні, уплываць.

Таму для мяне не было сюрпрызам, што пасля абвастрэння стасункаў, якое надышло пасля злачынных дзеянняў Лукашэнкі ў 2010 годзе, трэба было шукаць спосаб, як весці дыялог. Можна было звесці стасункі да тэхнічных кансультацый, але ўсё адно весці нейкую размову. Вядучую ролю ў гэтым адыгралі літоўскія палітыкі, каб на момант дыялогу зняць гэтыя пастановы. Яны не здымаюцца зусім, а на пэўны перыяд, і, я думаю, гэта слушна хоць бы ў дачыненні да Украіны. Тым больш, што калі выпадзе за руку прывесці Януковіча ў ЕЗ. А на саміце адбываецца менавіта так: яго бяруць за руку, прыводзяць туды, і адчыняюцца дзверы для 46-мільённай нацыі. Наступствы гэтага - каласальны пазітыўны ўплыў на Украіну. Неразвязанасць гэтага пытання ў Вільні азначае правісання краіны ў еўрапейскай і ўнутранай палітыцы, што будзе мець вынікам эканамічныя хібы.

- Ці можна разглядаць Лукашэнку як правадніка Масквы ў стасунках Крамля і Кіева?

- Не, я ніколі не ўважаў, што Лукашэнка фармуе сваю палітыку з Кіевам як пасярэднік, праваднік Масквы. Ён выкарыстоўвае Маскву, як і Кіеў, у рэалізацыі сваіх інтарэсаў. Ён выконвае ўмовы існавання так званай саюзнай дзяржавы, Мытнага саюза настолькі, наколькі гэта яму трэба. Пры гэтым ён кладзе дзяржаву да ног Крамля. З гэтага пункту гледжання Януковіч выглядае больш самастойным і патрыятычным. Што б ні казалі, ён не пускае расейскі ўплыў у краіну. Уласна, ён з Масквой вядзе такую ж палітыку, як і з ЕЗ. Ён мяркуе, што Украіна - гэта ягоная дзяржава, каганат.

- Вы згадалі рэгіён Міжмор'я. Калі ўзяць вось Украіна, Беларусь, Літва - пра які супольны праект можна казаць?

- У гэты момант адпрацаваць нейкі цэласны праект немагчыма. Можна адпрацаваць «каромысел» Кіеў - Вільня, нават у плане рынку, перш за ўсё энэргетычнага рынку. Нават сёння гэты «каромысел» можна будаваць, выкарыстоўваючы Варшаву. Што такое ў гэтай сістэме Беларусь і чаму я кажу пра гэты «каромысел»? Ён важны для развязання пытання таталітарнага рэжыму ў Беларусі.

Не магу я згадзіцца з тым, што ў сэрцы Еўропы знаходзіцца гэты «запаведнік». Таму я будую для сябе гэтую сістэму з пункту гледжання знаходжання механізму, які адпрацуе ўсе магчымыя варыянты ліквідацыі гэтага таталітарнага рэжыму. Рэгіён страчвае праз тое, што ёсць гэты корак у выглядзе рэжыму Лукашэнкі. Для мяне больш чым зразумела, што Масква яго карыстае ў рэалізацыі сваіх інтарэсаў. Гэта стварае дадатковы чыннік ціску на краіны Балтыі, Украіну. Лукашэнка выкарыстоўвае гэты чынніе шантажу. І калі ўзяць пытанні энэргетыкі, транспарту - іх не развязаць дзеля існавання гэтага рэжыму. Я ўжо не кажу пра спэктры гуманітарных пытанняў - тут наогул блакада.

Што адбываецца з чалавечым чыннікам у рэгіёне? Балтыйцы уважаюць сябе за еўрапейцаў, яны шчаслівыя, што назаўжды сышлі ад Расеі. Не ад СССР, а ад Расеі. Беларусы, пахіліўшыся, цягнуць плуг, на якім сядзіць Лукашэнка. Яны саромеюцца блізкасці з украінцамі, уважаючы сябе за аславяненых літоўцаў. Яны мараць як мага бліжэй быць да Літвы і ўцячы ад хаўрусу з Расеяй. Украіна зразумела, што выратаванне тапельцаў - клопат саміх тапельцаў. Таму ўзнікае рэжым Януковіча, для якога не патрэбная ні Масква, ні Брусэль. Усё гэта фактычна стварае сістэму кансэрвацыі сітуацыі ў Беларусі і Украіне.

А бо калі ўзяць гэтую тэрыторыю, яна нават у асабовых стасунках мела б вялікія пэрспэктывы, калі проста наладзіць чалавечы дыялог Беларусь - Украіна - Літва - Польшча. Калі ўзяць усе вымярэнні ад чалавечага да дзяржаўнага, рэжым Лукашэнкі - гэта праблема для Еўропы. Таму, калі я кажу аб гэтай супольнасці дзяржаў, то разумею, што рана ці позна рэжым Лукашэнкі ўпадзе, але для таго, каб адбудаваць дачыненні, трэба ў інфармацыйным плане пабудаваць нейкую сістэму каардынатаў. Тое, што адбываецца ў Малдове, навука Грузіі далі на ўсё адказ. Рана ці позна прыходзіць дзень праўды - гэта дзень выбараў. Пры забеспячэнні сумленнасці ён прыводзіць усякі рэжым ў адэкватны стан.

Фота з сайта ru.tsn.ua

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках