23 красавiка 2024, aўторак, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейская стратэгія пераменаў для Беларусі

28
Еўрапейская стратэгія пераменаў для Беларусі

Еўропе варта спыніць флірт з Лукашэнкам і стварыць больш магчымасцяў для грамадзян Беларусі.

Пра гэта гаварылі вядомыя беларускія палітыкі, якія прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі ў польскай сталіцы.

Яна пачалася ў Варшаўскім універсітэце 15 ліпеня і прадоўжыцца тры дні. Гэта дзесятая па ліку Усходнееўрапейская канферэнцыя «Праз бар'еры». Яе адкрыў дырэктар Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта і стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі.

У мерапрыемстве прымаюць удзел вядомыя беларускія і польскія палітыкі і грамадскія дзеячы, у тым ліку - лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Артур Новак, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.

У першы дзень працы канферэнцыі адбыўся круглы стол на тэму «Беларусь сёння: стабілізацыя супраць дэстабілізацыі». Яго вёў Казімеж Вуйціцкі - гісторык і журналіст, прафесар Цэнтра Усходне-Еўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі беларускую палітыку ЕЗ.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў падкрэсліў, што Еўропе неабходная адзіная стратэгія ў дачыненні да нашай краіны.

«Беларуская тэматыка не проста прысутнічае на гэтай канферэнцыі. Ёй прысвечаныя некалькі мерапрыемстваў.

Спачатку была сесія па Беларусі ў пераходны перыяд, я вёў секцыю па «Усходнім партнёрстве», удзел Беларусі ў якім сёння шырока абмяркоўваецца. Адбыўся круглы стол па праблемах Беларусі. Беларусі будуць прысвечаныя і асобныя даклады, у прыватнасці, адзін з іх азагалоўлены «Дапамога Польшчы ў дэмакратызацыі Украіны і Беларусі». Вельмі важна, што беларуская тэма не проста не сыходзіць, яна падымаецца на сур'ёзны акадэмічны ўзровень. У сувязі з гэтым хацелася б падзякаваць за ўвагу да нашай краіны Варшаўскі ўніверсітэт, які яе праводзіць, і дырэктара канферэнцыі, дырэктара Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Яна Маліцкага.

Што да круглага стала, то прайшла добрая дыскусія. Як было відаць, усе ўдзельнікі былі ў асноўным адзіныя ў тым, што Беларусі неабходныя перамены і, нягледзячы на тое, што мы прытрымліваемся розных пазіцый, у агульным, спрабавалі данесці асноўную думку, што Беларусь - гэта еўрапейская краіна, што збліжэнне з Еўропай выгадна Беларусі, што дыктатура з'яўляецца перашкодай на шляху збліжэння, што неабходныя рэформы, што не заўсёды ёсць разуменне з боку еўрапейскіх партнёраў, патрэбная дапамога моладзі, грамадзянам Беларусі. Я казаў пра тое, што да дыктатуры варта ставіцца як да дыктатуры, ніякіх авансаў ёй нельга даваць. Еўропе варта спыніць флірт з Лукашэнкам і стварыць больш магчымасцяў для грамадзян Беларусі. Польшча можа служыць у гэтым прыкладам. Тут пасля 2010 года пашырыліся магчымасці для навучання беларускіх студэнтаў, з'явілася праграма паслядыпломнай адукацыі. Ужо сёння ЕЗ можа ў аднабаковым парадку ўвесці бясплатныя візы для беларусаў.

Шэраг пытанняў тычыліся сталасці грамадзянскага грамадства і яго магчымасці мабілізавацца і адстойваць свае правы. Усе ўдзельнікі пагадзіліся з тым, што грамадзяне Беларусі выступаюць за перамены. Я, напрыклад, лічу, што ў Беларусі пераважная большасць - супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Цікавыя дадзеныя прывёў Андрэй Вардамацкі: згодна з сацапытанням самы нізкі адсотак гатоўнасці прыняць удзел у акцыях пратэсту, каля 5%, быў зафіксаваны ў снежні 2010 года, г.зн. менавіта ў той перыяд, калі ў Беларусі прайшла адна з самых масавых акцый пратэсту. Гэтыя дадзеныя сведчаць пра тое, што сацыялагічныя даследаванні пры дыктатуры не могуць служыць барометрам грамадскіх настрояў, а таксама пра тое, што ў любы момант незадаволенасць рэжымам можа выліцца ў значныя пратэстныя дзеянні.

Спрыяльная сітуацыя для змены палітычнай сістэмы ў Беларусі існуе даўно. Для змен патрэбныя разуменне таго, што трэба рабіць, і стратэгія гэтых дзеянняў, накіраваная на змену рэжыму, і паразуменне з Еўразвязам», сказаў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю сайту charter97.org пасля заканчэння круглага стала.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч крытыкаваў Еўрапейскі Звяз за не заўсёды паслядоўную палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Менска.

«Калі ў Беларусі заканчваюцца грошы, то яе ратуе Расея. Але што самае цікавае - гэта робіць час ад часу і Еўропа. Ён спачатку ставіць 4 ўмовы, потым 12, а потым прыязджае Хаўер Салана і ці ледзь не цалуецца з Лукашэнкам», - падкрэсліў ён, адказваючы на пытанне пра тое, што дапамагае беларускаму рэжыму заставацца ва ўладзе.

Лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч параўнаў сітуацыю ў Беларусі з падзеямі, якія прывялі да «арабскай вясны» і змены рэжымаў у некаторых краінах Паўночнай Афрыкі.

«У Беларусі праблема яшчэ і ў тым, што выбараў няма, перамагчы можна толькі за кошт рэвалюцыі, як гэта спрабавалі некалькі разоў зрабіць. Я думаю, што пры жорсткім аўтарытарным рэжыме, апелюючы толькі да маральных прынцыпаў, не вывядзеш вялікую колькасць людзей на плошчу. Рэвалюцыі ў Паўночнай Афрыцы былі эканамічнымі рэвалюцыямі. У нас пратэсты ўсё-такі былі маральнымі, людзі выходзілі не за хлеб. І яшчэ: у Грузіі і Украіне ў парламенце былі апазіцыянеры, а ў нас гэтага няма. Таму рэалізаваць такі сцэнар няпроста. Я думаю, што ў нас можа здарыцца і рэвалюцыя, але я хацеў бы, каб яна была не крывавая», - заявіў ён.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках