20 красавiка 2024, Субота, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Перамены ў Беларусі могуць адбыцца дастаткова хутка

77
Deutsche Welle: Перамены ў Беларусі могуць адбыцца дастаткова хутка

Для радыкальных пераменаў патрэбная толькі малая нагода.

Такая адна з высноваў удзельнікаў дыскусіі аб сітуацыі ў краіне, якая прайшла ў Варшаве, перадае Deutsche Welle.

Сітуацыю ў Беларусі і перспектывы дыялогу Менска з ЕЗ абмяркоўвалі 15 ліпеня беларускія і польскія палітыкі на 10-й Усходнееўрапейскай канферэнцыі «Праз бар'еры», арганізаванай Цэнтрам даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. У інтэрв'ю ўдзельнікі дыскусіі ў польскай сталіцы, якую яе арганізатары назвалі «Беларусь сёння: стабілізацыя супраць дэстабілізацыі», адзначылі, што падзеі ў краіне нельга разглядаць у ізаляцыі ад таго, што адбываецца ў іншых дзяржавах-удзельніцах праграмы Еўразвяза «Усходняе партнёрства».

«Пуцінізацыя» постсавецкай прасторы

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які атрымаў палітычны прытулак у Велікабрытаніі, у ходзе дыскусіі выказаў упэўненасць у тым, што негатыўны ўплыў беларускай дыктатуры расце і распаўсюджваецца на ўвесь рэгіён, у тым ліку і на Расею. На думку Саннікава, у ЕЗ павінны разумець, што для кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў аўтарытарная мадэль нашмат прывабней, чым дэмакратычная, паколькі выключае кантроль грамадства.

Кіраўнік «Руху за свабоду» Аляксандр Мілінкевіч у сувязі з гэтым звярнуў увагу на агульныя тэндэнцыі, якія вызначаюць развіццё падзей у Грузіі, Малдове і на Украіне і ўсё больш аддаляюць краіны «Усходняга партнёрства» ад Еўразвяза. Мілінкевіч назваў гэтыя працэсы «алігархічнай прыватызацыяй палітычнай улады - пуцінізацыяй». Небяспека, як падкрэсліў беларускі палітык, заключаецца ў тым, што ў процівагу Брусэлю, які жадае супрацоўніцтва, на постсавецкай прасторы з цэнтрам у Расеі расце ідэалагічная канфрантацыя з ЕЗ.

Па такім жа шляху ідзе і Беларусь, лічыць лідар «Руху за свабоду». Але ён перакананы, што дэстабілізацыя абстаноўкі ў краіне можа прывесці не толькі да змены ўлады. Гэты сцэнар нясе рэальную пагрозу страты незалежнасці Беларусі, якая абапіраецца выключна на расейскі вектар развіцця, папярэдзіў Аляксандр Мілінкевіч. І дадаў, што стабільнасць успрымаецца як замацаванне дыктатуры, хоць «Лукашэнка - не ўся Беларусь, і многія праблемы складаюцца не толькі ў яго праўленні».

У той жа час Андрэй Саннікаў мяркуе, што галоўная рызыка страты незалежнасці зыходзіць ад «улады дыктатара, які распараджаецца краінай па сваім меркаванні». Рэальнай гарантыяй незалежнасці Саннікаў назваў дэмакратычныя сілы і дэмакратычныя змены Беларусі. «Мяне не палохае тое, што будзе пасля Лукашэнкі, - заявіў лідар «Еўрапейскай Беларусі». - Калі пачнуцца перамены, мы знойдзем самы кароткі шлях для эфектыўнага развіцця дзяржавы».

Малая нагода для карэнных змен

Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW) ў Варшаве, доктар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі ў сваю чаргу заўважыў, што стабільнасць у Беларусі - гэта «вопыт ўтрымання мінулага, які не прадугледжвае механізмаў змены ўлады і рэформы яе сістэмы».

Па словах Вардамацкага, для карэнных змен у дэмакратычных грамадствах неабходныя сур'ёзныя падставы, а ў адсутнасці дэмакратыі, як у Беларусі, для пераходу да «нестабільнасці», да абвальных зменаў патрэбная толькі малая нагода - па прыкладзе падзей «арабскай вясны».

З меркаваннем сацыёлага пра тое, што змены могуць адбыцца дастаткова хутка і нечакана, пагадзіўся і польскі публіцыст, у мінулым карэспандэнт Gazety Wyborczej у Маскве і Кіеве Марцін Вайцэхоўскі. Ён падкрэсліў, што для змены рэжыму патрэбныя два фактары: рэальная альтэрнатыва ўладам і грамадская незадаволенасць. «Пакуль няма ідэі, хто і якім чынам можа змяніць сітуацыю, але відавочна, што беларуская сістэма, якая праіснавала 19 гадоў, губляе сваю эфектыўнасць», - канстатаваў Вайцэхоўскі.

Андрэй Саннікаў упэўнены ў наяўнасці другога фактару - незадаволенасці грамадства і гатоўнасці большасці беларусаў да пераменаў. Прычыну гэтага ён бачыць у пераходзе рэжыму Лукашэнкі ў наступленне на льготы грамадзян, якія засталіся, і патрабаванні ад іх зараз не толькі пакоры, але і вялікіх грошай, якія «выціскаюцца з беларусаў».

«Як прайсці ў Еўропу?»

Да аднаўлення кантактаў ЕЗ з прадстаўнікамі рэжыму Саннікаў ставіцца адмоўна. Каментуючы выпрацоўку новай стратэгіі Еўразвяза, якую восенню павінен прыняць Еўрапарламент на аснове дакладу дэпутата ад Літвы Юстаса Палецкіса, лідар «Еўрапейскай Беларусі» папярэдзіў, што ЕЗ не павінен заляцацца з беларускім дыктатарам і мець ілюзіі адносна магчымасці яго перавыхавання.

Між тым Аляксандр Мілінкевіч адзначыў значнасць распрацоўкі «дарожнай мапы» палітыкі Бруселя ў дачыненні да Менска, паколькі Беларусь застаецца ў сферы ўвагі еўрапейскіх палітыкаў, нягледзячы на ўласныя праблемы Еўразвяза. Аднак, па выразе сацыёлага Андрэя Вардамацкага, ЕЗ, у адрозненне ад Расеі з яе маштабнай дапамогай Беларусі, «прыкладае больш дэкларатыўна-вербальных намаганняў», а не рэальных дзеянняў. «Расея, з якой у Беларусі няма мяжы, дае магчымасць людзям зарабляць грошы, а ЕЗ у беларусаў асацыюецца ў асноўным з чэргамі і кучай папер у амбасадах», - панаракаў Вардамацкі.

З тым, што дапамога еўрапейцаў павінна засяродзіцца на стварэнні лепшых умоваў для вучобы і паездак беларусаў у Еўропу, пагадзіліся ўсе ўдзельнікі дыскусіі ў Варшаве. На думку Марціна Вайцэхоўскага, нягледзячы на розныя погляды з нагоды таго, якой павінна быць палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі, вельмі важным застаецца адзінства беларускай апазіцыі ў падтрымцы еўрапейскага вектару развіцця краіны.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках