Някляева завочна вызвалілі ад адбыцця пакарання
25- 25.07.2013, 10:17
- 29,894
Суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі заняў 40 секунд.
Cуд Ленінскага раёна Менска вызваліў Уладзіміра Някляева ад адбыцця пакарання.
З дадзенай пастановай суда Някляеў сёння быў азнаёмлены ў кабінеце суддзі Вольгі Коцур, перадае карэспандэнт агенцтва «Інтэрфакс-Захад».
Сёння павінна было адбыцца пасяджэнне суда Ленінскага раёна Менска па паўторнаму разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Някляева, які быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады.
Някляеў выйшаў з кабінета суддзі з уручанай яму пастановай суда аб вызваленні ад адбыцця пакарання. Ён паведаміў журналістам, што суд па разглядзе яго крымінальнай справы адбыўся 23 ліпеня.
Аднак пакуль Някляеў не ведае, ці захоўваецца ў яго судзімасць. «Мае адвакаты кажуць, што калі чалавек не адбываў пакаранне ў турме, то судзiмасць не захоўваецца, але ў судзе кажуць, што яна будзе захаваная на працягу яшчэ двух гадоў. Таму я не ведаю, ці вернутыя мне ўсё грамадзянскія правы», - падкрэсліў экс-кандыдат у прэзідэнты.
Някляеў заявіў «Радыё Свабода», што пакуль не адчувае сябе свабодным чалавекам. Палітык кажа, што яго перавялі з асобнай камеры ў агульную. «У Беларусі ўсе грамадзяне ў пэўным сэнсе зняволеныя і закладнікі, нават рабы», - заявіў Някляеў.
Нагадаем, 20 траўня 2011 года Уладзімір Някляеў быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Прысуд вынесла суддзя суда Фрунзенскага раёна Менска Жанна Жукоўская. Экс-кандыдат у прэзідэнты быў прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
22 ліпеня 2011 года калегія Менскага гарадскога суда пакінула прысуд Фрунзенскага суда без зменаў.
10 чэрвеня 2013 года Уладзіміру Някляеву ў чарговы раз было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нападу на яго 19 снежня 2010 года.