28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катажына Пелчынская-Наленч: Умовы застаюцца ранейшымі

29
Катажына Пелчынская-Наленч: Умовы застаюцца ранейшымі

Палітыка Польшчы і Еўразвяза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі не змянілася.

Пра гэта намеснік міністра замежных спраў Польшчы Катажына Пелчынская-Наленч заявіла ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару charter97.org Наталлі Радзінай.

- Спадарыня міністр, ужо паўтара года вы займаеце гэтую высокую пасаду. Адносіны з Беларуссю ўваходзяць у зону вашай адказнасці. Якой вы бачыце сітуацыю ў нашай краіне і якая на сённяшні дзень палітыка Польшчы ў дачыненні да дыктатуры Лукашэнкі?

- Пазіцыя Польшчы ў дачыненні да Беларусі застаецца ранейшай, паколькі за апошнія гады сітуацыя ў Беларусі не мяняецца радыкальным чынам. Мы бачым, што ўскладняецца эканамічная сітуацыя, але гэта праблема ўладаў краіны, а ў палітычным вымярэнні ўсё застаецца больш-менш такім, якім было тры гады таму. Таму польская палітыка не мяняецца.

Ёсць некалькі складнікаў нашай палітыкі. Па-першае, вельмі важнымі з'яўляюцца цесныя сувязі паміж польскім і беларускім грамадствам. Польская дзяржава робіць усё магчымае, каб выдаваць больш віз беларускім грамадзянам. У мінулым годзе было выдадзена 350 тысяч віз, хоць два гады таму іх было на 50 тысяч менш. Дынаміка пазітыўная, хоць колькасць польскіх консулаў не павялічваецца. Польшча хацела б, каб іх было больш, але, на жаль, няма згоды беларускага боку. Мы выдаем каля паловы ўсіх шэнгенскіх віз, якія выдаюцца беларускім грамадзянам. Кожны другі, хто заязджае ў Шэнгенскую зону, робіць гэта па польскай візе.

Па-другое, мы лічым важнымі кантакты на тэхнічным узроўні, у галіне культуры і рэгіянальнага супрацоўніцтва, паміж няўрадавымі арганізацыямі. Мы спрыяем такому супрацоўніцтву і спадзяемся, што яно будзе развівацца.

Польшча таксама фінансуе стыпендыі для беларускіх студэнтаў, якія па палітычных меркаваннях не могуць вучыцца ў Беларусі. Гаворка ідзе пра праграму імя Кастуся Каліноўскага.

І чацвёрты складнік нашай палітыкі - гэта прадастаўленне аб'ектыўнай інфармацыі беларускаму грамадству. Мы спадзяемся, што гэтаму спрыяе і тэлеканал «Белсат», і радыё «Рацыя». Яны з'яўляюцца інструментам, які дазваляе прадастаўляць беларускім грамадзянам інфармацыю на беларускай мове аб тым, што сапраўды адбываецца ў Беларусі, у Польшчы, у ЕЗ.

У Польшчы таксама працуе сайт charter97.org. Мы хочам супрацоўнічаць з усімі няўрадавымі арганізацыямі, якія зацікаўленыя ў больш цесных кантактах паміж польскім і беларускім грамадствам. Польшча - дэмакратычная краіна, якая адкрытая для сваіх суседзяў.

Вядома, ужо некалькі гадоў паміж Польшчай і Беларуссю не адбываецца сустрэч на высокім узроўні. Гэта адлюстроўвае сур'ёзныя праблемы, якія сапраўды існуюць паміж нашымі краінамі.

Перш за ўсё, Польшча лічыць, што выбары ў Беларусі не з'яўляюцца дэмакратычнымі, у краіне ёсць палітычныя зняволеныя.

- Вы - спецыяліст па Расеі, уваходзілі ў польска-расейскую камісію па цяжкіх пытаннях, займаліся расейскай праблематыкай ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў. Як вы ацэньваеце працэсы, якія адбываюцца сёння ў Расеі ў дачыненні да свабоды слова, грамадзянскай супольнасці і апазіцыі?

- У апошнія месяцы сітуацыя ў Расеі змянілася. Мы назіраем больш жорсткі кантроль дзяржавы за няўрадавымі арганізацыямі. Так лічыць не толькі Польшча, гэта меркаванне ўсяго Еўрапейскага Звяза, якое адлюстравана ў афіцыйных заявах Кэтрын Эштан і Штэфана Фюле.

Мы лічым, што ўнутраныя справы Расеі не могуць вырашацца звонку, за іх нясуць адказнасць расейскія ўлады і грамадства. Але наш польскі вопыт сведчыць, што вельмі важнай часткай мадэрнізацыі і развіцця з'яўляецца грамадзянская супольнасць. Вольная грамадзянская супольнасць - гэта наймацнейшы інавацыйны фактар, які спрыяе развіццю краіны. Гэта наш вопыт, але нам здаецца, што ён можа быць карысны і для іншых краін. Больш жорсткі кантроль за няўрадавымі арганізацыямі ў Расеі затармозіць працэс мадэрнізацыі краіны. І гэта будзе праблема, якую расейская дзяржава і грамадства павінны разумець і вырашаць.

- Польскіх вайскоўцаў сёння турбуе правядзенне на мяжы з Польшчай маштабных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў і размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы. А МЗС гэта турбуе?

- Беларуска-расейскае супрацоўніцтва ў галіне бяспекі не з'яўляецца чымсьці новым, яно адбываецца многія гады. Ваеннае супрацоўніцтва паміж краінамі становіцца ўсё больш і больш цесным. Мы гэта ведаем і лічым, што гэта суверэннае рашэнне краін.

Расейская прысутнасць у Беларусі таксама не навіна. Польшча, вядома, назірае і за гэтымі вучэннямі, і за супрацоўніцтвам Беларусі і Расеі ў ваеннай галіне, паколькі гэта з'яўляецца важным фактарам нашай бяспекі, але мы не лічым, што гэта нясе пагрозу. Нам толькі вельмі важна, каб і гэта супрацоўніцтва, і гэтыя вучэнні былі як мага больш празрыстымі. Неабходны абмен інфармацыяй паміж Польшчай, Беларуссю і Расеяй на гэтую тэму, таму што гэта з'яўляецца фактарам, які спрыяе ўзаемнаму даверу. Паміж Польшчай і Расеяй праходзяць кансультацыі. Вучэнні і супрацоўніцтва з Беларуссю таксама з'яўляюцца тэмай гэтых кансультацый.

- Пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, калі ў Беларусі прайшлі масавыя рэпрэсіі, Еўразвяз заняў прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, патрабуючы неадкладнага вызвалення палітвязняў. Але сёння пры тым, што палітвязні застаюцца ў турмах, ЕЗ пачаў звычайныя для сябе гульні з дыктатарам, вырашыўшы аднавіць чарговы «дыялог». На прынцыповых пазіцыях стаяць нешматлікія краіны, уключаючы Польшчу. Вы маеце намер саступіць большасці ці ўсё ж гатовыя пазмагацца за прынцыпы?

- Палітыка Еўразвяза - гэта заўсёды кансенсус зараз ужо 28 краін. Падыход, разуменне сітуацыі, меркаванні гэтых краін вельмі розныя. Гэта тычыцца не толькі Беларусі, але і іншых суседзяў ЕЗ і стратэгічных партнёраў. Але Польшча дакладна з'яўляецца той краінай, якая больш за ўсё зацікаўленая Беларуссю ў ЕЗ. Многім краінам Еўразвяза не вельмі цікавая Беларусь. У іх уяўленні гэта далёкая краіна дзесьці ў канцы Еўропы (калі наогул у Еўропе). Узровень зацікаўленасці вельмі-вельмі нізкі.

Для Польшчы Беларусь - вельмі важная краіна. І не толькі таму, што гэта наш сусед, але і таму, што ў нас вельмі шмат агульнага ў гісторыі і культуры. Нягледзячы на ўсе праблемы, нашы народы вельмі блізкія. Беларусь для нас важны партнёр, і мы вельмі актыўна ўдзельнічаем у фармаванні палітыкі ЕЗ у дачыненні да вашай краіны.

Я не думаю, што за апошнія гады палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі памянялася нейкім радыкальным чынам. Працягваюць дзейнічаць санкцыі, вельмі ясна сфармуляваныя ўмовы. Умовы застаюцца ранейшымі, і тут я ніякіх сур'ёзных змен не бачу. Час ад часу ў ЕЗ праходзіць дыскусія, якім чынам можна змяніць акцэнты, але гэта толькі акцэнты, а не асновы гэтай палітыкі. Падобная дыскусія праходзіць не толькі з нагоды Беларусі.

- Здыманне санкцый з міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, які быў адным з ініцыятараў таго кашмару, які адбываўся 19 снежня 2010 года, таксама акцэнты?

- Санкцыі былі часова прыпыненыя не ў дачыненні да чалавека, які нейкім чынам адказны за тое, што адбывалася ў 2010 годзе. Санкцыі былі прыпыненыя ў дачыненні да міністра замежных спраў. Гэта трэба разглядаць больш з інстытуцыйнага, а не з персанальнага пункту гледжання. Нягледзячы на ўсе праблемы, Еўразвяз павінен падтрымліваць адносіны з беларускімі ўладамі хоць бы для таго, каб даносіць да іх нашы ўмовы. Калі магчымасць камунікацый знікне, то ніякі дыялог, нават пры ўмовах, будзе немагчымы. Міністр замежных спраў па інстытуцыянальных меркаваннях з'яўляецца гэтым галоўным кантактам для ЕЗ. Мы не хочам ізаляваць Беларусь, мы хочам, каб палітычная сітуацыя ў краіне змянялася ў бок дэмакратыі і еўрапейскіх стандартаў.

- Мы вельмі ўдзячныя ўладам Польшчы за падтрымку беларускіх незалежных СМІ - сайта «Хартыя-97», тэлеканала «Белсат» і «Радыё Рацыя», якія сёння пастаўляюць у Беларусі свабодную інфармацыю. Ці можам мы ў далейшым разлічваць на вашу дапамогу, улічваючы відавочную незадаволенасць гэтым фактам беларускіх афіцыйных уладаў?

- Падтрымка Польшчай кантактаў паміж польскім і беларускім грамадствам зыходзіць з глыбокага пераканання, што гэта вельмі важна для нашых краін. Гэта самы важны складнік нашай палітыкі, і мы будзем яго прытрымлівацца, нягледзячы на тое, якое меркаванне з гэтай нагоды маюць беларускія ўлады. Гэта доўгатэрміновы пазітыўны працэс для палякаў і беларусаў.

- Адукацыйная праграма Каліноўскага стала вялікай падтрымкай для беларусаў, якія падвергліся рэпрэсіям. Нядаўна з'явілася інфармацыя, што паслядыпломнае навучанне ў рамках гэтай праграмы будзе закрытае з-за недахопу сродкаў. Гэта праўда?

- Праграма імя Кастуся Каліноўскага будзе працягвацца. Мы спадзяемся ў хуткім часе зачыніць праграму Каліноўскага, але гэта адбудзецца толькі тады, калі ў Беларусі больш не будзе студэнтаў, якія не могуць вучыцца ў сваёй краіне па палітычных прычынах. Але пакуль такія студэнты ёсць, яны заўсёды могуць разлічваць на дапамогу Польшчы. Магчымасць атрымаць паслядыпломную адукацыю, таксама застанецца.

Гэта не адзіная праграма, якая адкрывае польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы для беларускіх студэнтаў. У гэтым годзе з'явіцца новая праграма імя Стэфана Банаха, якая будзе працаваць не толькі для беларусаў, але і для грамадзян усіх краін «Усходняга партнёрства». У ёй змогуць прыняць удзел лепшыя студэнты юрыдычнага, матэматычнага, інжынернага факультэтаў, які зацікаўленыя ў навучанні ў Польшчы.

- У свеце вельмі мала жанчын-міністраў. Але вы не толькі міністр, але і аўтар некалькіх кніг і што самае галоўнае - маці траіх дзяцей. Падзяліцеся сакрэтам, як вы ўсё паспяваеце?

- Усяго я не паспяваю, проста імкнуся ў першую чаргу рабіць самыя важныя рэчы і рабіць іх, як мага якасней. Усё астатняе можна адкласці на іншы час. Самае галоўнае зразумець, як расставіць прыярытэты і ў сямейным жыцці, і ў палітыцы, аддзяліць сапраўды важныя рэчы ад дробязяў і непатрэбных заняткаў, які часта патрабуюць і займаюць вельмі шмат часу.

- Так што ўсё ж такі важней: сям'я ці праца?

- Няма адказу на гэтае пытанне, таму што і тое, і іншае вельмі важна. Гэта рэчы з розных вымярэнняў. І тут немагчыма выбраць нешта адно.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках