19 красавiка 2024, Пятніца, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінскага міліцыянта будуць судзіць за «суботнікі»

49
Мінскага міліцыянта будуць судзіць за «суботнікі»

Лейтэнанту менскай міліцыі прад'яўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай.

Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі (ГУУБ) МУС зацікавілася дзейнасцю супрацоўніка міліцыі РУУС Фрунзенскага раёна Менска. Лейтэнант працаваў у органах унутраных спраў з 2007 года і паспеў даслужыцца ўсяго да інспектара-дзяжурнага ГАМ-3 (гарадскі аддзел міліцыі).

Цікавасць ва ўласнай бяспекі 25-гадовы вартаўнік правапарадку выклікаў тым, што ён вымусіў двух дзяўчат, якія прыехалі ў Менск з Гродзенскай вобласці, каб падзарабіць прастытуткамі, аказваць яму інтымныя паслугі бясплатна. Гаворка ідзе пра так званыя «суботнікі», падчас якіх жрыцы кахання бясплатна абслугоўваюць свой «дах». Для ціску на дзяўчат лейтэнант выкарыстаў легенду, што ён з'яўляецца аператыўнікам аддзела нораваў і процідзеяння гандлю людзьмі. Маўляў, вы мяне аблашчаце, а я вас чапаць не буду, піша «Ежедневник».

У ходзе дадатковай праверкі высветлілася, што падобным чынам абвінавачаны апрацаваў не двух, а больш за 10 дзяўчат, кожная з якіх яго бясплатна абслугоўвала. Матэрыялы праверкі былі перададзеныя ва ўпраўленне Следчага камітэта па г. Менску, які распачаў у дачыненні да міліцыянта крымінальную справу па прыкметах здзяйснення ім злачынства па ч.2 арт.424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), які прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі. З органаў унутраных спраў лейтэнант таксама быў адразу ж звольнены за здзяйсненне ўчынку, які дыскрэдытуе высокае званне супрацоўніка МУС. Зрэшты, улічваючы асаблівую пікантнасць злоўжыванняў і той факт, што ад гэтага ніхто не пацярпеў, акрамя іміджу супрацоўнікаў міліцыі, вартаўніка правапарадку не сталі нават арыштоўваць і пакінулі на волі.

Як распавялі ў Следчым камітэце, у цяперашні час расследаванне крымінальнай справы ўжо завершана. Матэрыялы перададзеныя ў суд і туды ж адправіцца цяпер ужо былы супрацоўнік менскай міліцыі. Чакаецца, што слуханні пачнуцца ўжо ў жніўні, але, улічваючы спецыфіку справы, у якой гаворка пойдзе пра асабістае жыццё мноства людзей, разгляд, хутчэй за ўсё, пройдзе за зачыненымі дзвярыма.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках