20 красавiка 2024, Субота, 11:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Залаты запас» трактароў адправiлi ў калгасы

58

Гатовай прадукцыяй МТЗ застаўленая не толькі тэрыторыя самога завода, але і яго дылераў.

Наяўнасць праблем са збытам у Менскага трактарнага завода пацвярджаюць чарговыя фатаграфіі, зробленыя на прадпрыемстве ААТ «Буда-Кашалёва-аграсервіс». Яно спецыялізуецца на матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні аграпрамысловага комплексу. Сярод асноўных відаў дзейнасці - аптовы і рознічны гандаль аўтамашынамі і трактарамі. Дзесяткі новых трактароў МТЗ, якія пыляцца на тэрыторыі аграсэрвісу, сфатаграфавалі актывісты гомельскага прадстаўніцтва прафсаюза РЭП, піша praca-by.info.

«Зразумела, што такая колькасць трактароў сельгаспрадпрыемствы раёна проста не пацягнуць, - кажа лідар гомельскага прадстаўніцтва Віктар Казлоў. - Па грошах не пацягнуць. Таму, хутчэй за ўсё, трактары аддаюць у лізінг. А гэта азначае, што «жывых» грошай МТЗ за іх не атрымае, значыць, і стабілізацыі сітуацыі чакаць не даводзіцца».

Пастаўкі трактароў (а таксама седлавых цягачоў) за 6 месяцаў бягучага года склалі 550 млн. даляраў, а гэта ўсяго 73,3% да першага паўгоддзя мінулага года. Грунтоўна асеў рынак Венесуэлы, куды былі адгружаныя па гэтай пазіцыі толькі тры адзінкі на 140 тыс. даляраў - гэта 2,5% да першага паўгоддзя 2012 года. Але галоўная праблема для МТЗ - гэта, вядома, падзенне попыту ў Расеі. Продажы склалі 72,9% да аналагічнага перыяду.

Нядаўна былі апублікаваныя фатаграфіі тэрыторыі МТЗ, застаўленай непрададзенымі трактарамі, якія перадалі ў прафсаюз РЭП работнікі завода. На сустрэчы са старшынёй прафсаюза Генадзем Фядынічам яны распавялі пра тое, што шмат хто сыходзіць з завода з-за пастаяннага зніжэння заработнай платы.

Генеральны дырэктар МТЗ Уладзімір Валчок раней назваў неліквіды прадпрыемства «залатым запасам». «Тыя трактары, якія маюцца на складах завода, - гэта наш залаты запас, які, я веру, мы неўзабаве канвертуем у валюту», - казаў ён.

«Залаты запас» трактароў раздаюць аграпрадпрыемствам у лізінг. Фота: praca-by.info
Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках