29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сірыйскую апазіцыю бамбяць беларускія штурмавікі

16
Сірыйскую апазіцыю бамбяць беларускія штурмавікі

Беларусь чакаюць сур'ёзныя санкцыі ЗША і ЕЗ у выпадку новых паставак ёю расейскай зброі ў Сірыю.

Пра гэта заявіў вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін, каментуючы сайту charter97.org прапанову Уладзіміра Жырыноўскага пастаўляць зброю ў Сірыю праз Беларусь.

«Перш за ўсё, я хачу сказаць, што з пункту гледжання палітычнага, эканамічнага і міжнароднага аўтарытэту, Беларусь не атрымае ад гэтага ніякіх дывідэндаў. Я думаю, што гэта загадзя тупіковы варыянт, таму што да Сірыі прыцягнутая ўвага і там, магчыма, здарылася ўжыванне хімічнай зброі. Акрамя таго, існуе апазіцыя вядучых сусветных дзяржаў пазіцыі Расеі. Таму, вядома, Беларусь нарвецца на вялікія эканамічныя санкцыі. Няхай нават гэта не будуць усёабдымныя санкцыі ААН, але гэта будуць санкцыі ЗША, санкцыі Еўразвяза, і, вядома, цяперашняя эканамічная сітуацыя, адверне беларускае кіраўніцтва ад такіх варыянтаў», - перакананы эксперт.

Ён падкрэсліў, што раней, калі гэта рабілася таемна, не прыцягваючы ўвагі сусветнай грамадскасці, наступстваў для афіцыйнага Менска практычна не было, а зараз увесь свет сочыць за Сірыяй.

«Акрамя таго, у Сірыю трэба яшчэ даставіць гэтыя ўзбраенні, таму што і марская, і паветраная, і сухапутная прастора знаходзіцца пад наглядам ЗША, Турцыі і Ізраіля. І нават калі Беларусь пагодзіцца даставіць зброю, я не ўяўляю, якім шляхам гэта можна зрабіць. Таму я думаю, што гэта піяр-ход Жырыноўскага, так як яго даўно не было чуваць. Ён часцяком кажа штосьці, не абдумваючы рэаліі», - лічыць вайсковы аглядальнік.

Ён таксама адзначыў, што раней Беларусь досыць шырока пастаўляла Сірыі лішкі ўзбраенняў раней.

«Галоўным пастаўшчыком была Расея. Што да Беларусі, то асноўнай пастаўкай з'яўляюцца 33 адзінкі знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў МіГ-23БМ з бартавым камплектам узбраенняў. І хоць яны пастаўленыя да таго, як гэты канфлікт набыў такую жорсткую форму, але мяркуючы па паведамленнях СМІ, гэтыя самалёты прымяняюцца супраць апазіцыі. Калі ж гэта стала палітычна нявыгадна Беларусі, і, акрамя таго, стала тэхнічна цяжка ажыццявіць, наша краіна гэтыя пастаўкі спыніла. Хоць ваюючая Сірыя з'яўляецца добрым кліентам для лішкаў беларускіх узбраенняў. Рэжымы, якія знаходзяцца на мяжы, не вельмі пераборлівыя і купляюць любую зброю, асабліва не гандлюючыся», - падсумаваў Аляксандр Алесін.

Нагадаем, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі (ЛДПР) Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што зброю ў Сірыю трэба пастаўляць праз Беларусь і Іран. Эксперты як з нашай краіны, так і з-за мяжы раней неаднаразова заяўлялі пра пастаўкі зброі Дамаску афіцыйным Менскам.

Фота: military-today.com

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках