25 красавiка 2024, Чацвер, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карым Лахіджы: Прынцып неўмяшання - фігавы лісток для бяздзейнасці

9
Карым Лахіджы: Прынцып неўмяшання - фігавы лісток для бяздзейнасці

Сітуацыі ў Іране і Беларусі падобныя, лічыць прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека.

Іранскі адвакат Карым Лахіджы ўзначаліў Міжнародную федэрацыю правоў чалавека ў траўні гэтага года. У Іране ён абараняў палітвязняў, падвяргаўся за гэта арыштам і нападам, яго офіс спрабавалі падарваць. Калі стала зразумела, што іранскія ўлады не спыняцца нават перад забойствам непажаданага адваката, пакінуў краіну, але працягнуў барацьбу за свабоду свайго народа. Аднак мэта Карыма Лахіджы - дапамагчы і іншым краінам, дзе кіруюць дыктатары - такім, як Беларусь.

Сёння прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека адказвае на пытанні галоўнага рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай.

- Спадар Лахіджы, упершыню Міжнародную федэрацыю правоў чалавека ўзначаліў выхадзец з Ірана. Вы не па чутках ведаеце пра тое, як дзейнічаюць і за кошт чаго існуюць дыктатуры. Як ваш досвед паўплывае на працу арганізацыі?

- За час маёй працы адвакатам і праваабаронцам ў Іране я вымушаны быў супрацьстаяць двум аўтарытарным рэжымам (спачатку ўраду шаха, а потым і ўраду Ісламскай Рэспублікі), дамагаючыся, каб кіраванне краінай грунтавалася не на самавольстве, а на павазе асноўных свабод і правоў чалавека.

Міжнародная Федэрацыя правоў чалавека (FIDH) - гэта федэрацыя, якая ў сапраўдны момант аб'ядноўвае 178 арганізацый па ўсім свеце. Нашы членскія арганізацыі ў самых розных кутках свету працягваюць гэтую барацьбу: кожная ў сябе і ў той жа час усе разам.

Мой асабісты досвед (месцамі вельмі сумны) надае мне яшчэ больш упэўненасці ў неабходнасці нашай барацьбы, і я спадзяюся, што змагу ўкласці ў агульную справу і сваю энергію, і сваю захопленасць.

Калі параўноўваць сітуацыю з правамі чалавека ў розных краінах, мы бачым, што ўсе дыктатуры падобныя адна на адну, адрозніваецца толькі ўзровень усёдазволенасці і ступень цынізму кіраўнікоў. Прычым усёдазволенасць часта абумоўленая эканамічнымі фактарамі, а гэта вызначае і магчымасці ўплыву на гэтыя рэжымы.

- Ваша першае пасланне на пасадзе прэзідэнта Федэрацыі было звернута да праваабаронцаў з усяго свету, кінутых у турмы. У Беларусі знаходзіцца ў зняволенні ваш калега, віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі. Што можа дапамагчы яго вызваленню, на ваш погляд?

- На вялікі наш жаль (і я казаў пра гэта ў сваім першым выступленні ў якасці новаабранага прэзідэнта FIDH), больш за дваццаць актывістаў нашых членскіх арганізацый знаходзяцца ў зняволенні ў выніку сваёй праваабарончай дзейнасці. Двое з іх - члены нашага міжнароднага праўлення, асноўнага органа Федэрацыі. Адзін з іх - добра вам вядомы Алесь Бяляцкі, зноў пераабраны на пасаду віцэ-прэзідэнта FIDH на нашым Кангрэсе ў Стамбуле ў траўні 2013 года.

Набіл Раджаб знаходзіцца ў турме «Сківіцы» ў Бахрэйне і я, карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць нашых беларускіх калегаў за акцыі салідарнасці з ім - акцыі прайшлі не толькі ў Менску, але і ў Наваполацку. Набіл змог атрымаць фатаграфіі гэтага і многіх іншых акцый у сваю абарону і быў вельмі крануты тым, што, нягледзячы на ўласнае цяжкае становішча, беларускія праваабаронцы праяўляюць салідарнасць з далёкімі калегамі.

Тое, што Алесь Бяляцкі і Набіл Раджаб, нягледзячы на зняволенне і пераследы, зноў сталі членамі праўлення Федэрацыі - праява нашай салідарнасці. Мы не адмовімся ад сваіх намаганняў і будзем рабіць усё, што ў нашых сілах для іх вызвалення, таксама як і для вызвалення іншых нашых калегаў і ахвяраў бязмежжа па ўсім свеце.

У прыватнасці, я хацеў бы дамагчыся больш эфектыўнага дыпламатычнага ціску на беларускі рэжым з боку міжнародных структур, у якія ўваходзіць Беларусь і ў якіх у нашай Федэрацыі ёсць кансультатыўны статус. Еўрапейскі Звяз і іншыя ўплывовыя структуры і краіны таксама павінны быць цвёрдымі і паслядоўнымі ў сваіх патрабаваннях.

У сістэматычных і грубых парушэннях, якія адбываюцца ў Беларусі, вінаваты кіруючы рэжым, а таксама канкрэтныя людзі. Іх асабістая адказнасць не павінна быць забытая.

Я толькі што сказаў, што дыктатуры падобныя. Але адрозніваецца ступень цынізму і, мабыць, мафіёзнасці іх урадаў. Пад цынізмам я разумею, у тым ліку, наколькі ім абыякава, што пра іх гавораць на міжнародным узроўні, і наколькі іх хвалюе ўласная рэпутацыя, у чым менавіта яны бачаць пашану або нагану.

Некаторыя ўсё ж не любяць выглядаць зусім ужо дыктатарамі, а некаторых гэта нават радуе... Мне здаецца, міжнародная супольнасць пры ўжыванні санкцый, дыпламатычных або эканамічных мер, павінна заўсёды ўлічваць, з кім мае справу і да якой катэгорыі належыць гэты кіраўнік.

- Вы былі адвакатам ў Тэгеране і абаранялі сотні палітвязняў. У Беларусі пераследуюць адвакатаў, якія абараняюць вязняў сумлення: іх пазбаўляюць працы і ліцэнзій на адвакацкую дзейнасць. Што б вы параілі вашым калегам? Як ім не здрадзіць сабе і сваёй прафесіі і аказаць дапамогу палітвязням?

- Тыя адвакаты, якія бескарысліва служаць свайму прызначэнню, плацяць дарагую цану за абарону інстытута права. У многіх краінах свету іх арыштоўваюць, пераследуюць, прысуджаюць да гадоў зняволення. Мае калегі і сябры, Насрын Сотудэ і Абдольфатах Салтані, іранскія адвакаты, адбываюць шматгадовае зняволенне ў Іране. Я і сам быў у іх становішчы, і мая дзейнасць прывяла мяне ў вымушанае выгнанне.

У Беларусі адвакаты таксама падвяргаюцца пераследам, у іх адбіраюць ліцэнзіі за прафесійную дзейнасць - абарону палітычных зняволеных. Мы памятаем пра кожнага з іх і стараемся дапамагаць усім гэтым мужным людзям. Мы таксама шчыльна працуем са Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў. Бо важна не толькі спыніць гэтыя адрасныя рэпрэсіі ў краінах, дзе яны працягваюцца, але і дамагчыся для «апальных» адвакатаў магчымасці працягваць іх патрэбную і абсалютна легітымную дзейнасць.

- У 1982 годзе вы былі вымушаныя пакінуць Іран з-за палітычнага пераследу. Ці не шкадуеце пра прынятае рашэнне?

- 20 гадоў я працаваў адвакатам у Іране. На мяне сапраўды аказваўся вялікі ціск: мяне арыштоўвалі, я падвяргаўся фізічным нападам, у мой офіс нават падкладалі выбухоўку. Нягледзячы на гэта, я ніколі не думаў пра ад'езд, нават вымушаны. Але абставіны склаліся так, што ў 1981-82 гадах сітуацыя пагоршылася яшчэ больш і быў выпісаны ордэр на мой арышт.

Адзін блізкі да ўрада чалавек, інфармацыі якога я мог давяраць, перадаў мне па сакрэце, што не толькі мой арышт - справа вырашаная, але і маё жыццё ў небяспецы. Я пакінуў Іран у сакавіку 1982 года і толькі праз месяц дабраўся да Францыі.

Вядома ж, я не спыніў сваю дзейнасць і тут. 10 першых гадоў былі вельмі цяжкімі. Але потым сітуацыя ў Іране злёгку змянілася: у пачатку 1990-х мае сябры ў Іране і грамадзянская супольнасць у цэлым змаглі зноў арганізавацца, былі адноўленыя праваабарончыя арганізацыі, жаночыя, студэнцкія групы, журналісты зноў сталі актыўна працаваць. Я актыўна ўключыўся адсюль у іх працу. На жаль, гэты перыяд доўжыўся нядоўга. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2009 года няўрадавыя арганізацыі былі закрытыя, актывісты арыштаваныя і прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў зняволення або прымушаныя да выгнання.

Вядома, працаваць у выгнанні на карысць сваёй краіны цяжка. Але, калі ў вас няма выбару, тады толькі так і можна і нават неабходна. Многія мае іранскія калегі апынуліся ў той жа сітуацыі, што і я. Мы аб'ядналіся ў дзве праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць у выгнанні. Важна разумець, што гэта не пытанне нашага асабістага выбару - працаваць адсюль. Мы проста не змірыліся з выгнаннем і працягваем нашу працу, робячы ўсё, што ў нашых сілах.

- У мінулым годзе я сустракалася з Суэр Белхасен у Парыжы. Яна нарадзілася ў Тунісе, але вельмі добра разумее сітуацыю ў Беларусі і ўсёй душой заўзее за змены ў нашай краіне. Сумленнасць і неабыякавая сэрца - гэта візітная картка FIDH?

Июнь 2012. Карим Лахиджи, тогда еще вице-президент FIDH, и Суэр Белхассен, тогда президент FIDH, с группой белорусских коллег перед плакатом, вывешенным мэрией Парижа - «Париж требует освобождения Алеся Беляцкого!».

- Галоўнае ў нашай барацьбе - універсальнасць правоў чалавека. Яны важныя і патрэбныя для ўсіх краін свету. Так, я падзяляю гэтую ўпэўненасць (калі хочаце, гэты запал) з маёй папярэдніцай на пасадзе прэзідэнта Федэрацыі.

Слова «прызначэнне», напэўна, найбольш правільна адлюстроўвае агульны для нас лёс - лёс праваабаронцы. Вы ведаеце, як няпроста складваўся лёс Суэр Белхасен, якая зноў вярнулася ў родны Туніс пасля заканчэння яе мандата ў Федэрацыі. Цяжка было і мне, вельмі цяжка цяпер Алесю Бяляцкаму. У нас ва ўсіх агульныя прызначэнне і мэты ў жыцці.

- У вас ёсць нейкія надзеі ў сувязі з прыходам да ўлады ў Іране новага прэзідэнта Хасана Раўхані?

- У іранскай канстытуцыі прэзідэнту адводзіцца не вельмі значная роля. Вярхоўны лідар (аятола) Ірана мае куды больш значныя паўнамоцтвы і ўплыў на выканаўчую ўладу. І гэтая пасада пажыццёвая...

Так, прэзідэнцкая кампанія Раўхані падала некаторыя сігналы, успрынятыя з надзеяй нашым народам і міжнароднай супольнасцю. Здавалася, адбудуцца палітычныя змены да лепшага, магчыма, нават вызваляць палітычных зняволеных.

Але суадносіны сіл у краіне як з заканадаўчага, так і з практычнага пункту гледжання вельмі складаныя і не даюць прастору прэзідэнту: Іран ужо сутыкаўся раней з гэтай праблемай. Усё гэта не выклікае ў мяне вялікага аптымізму адносна магчымасцяў Раўхані, нават калі дапусціць наяўнасць у яго жадання палепшыць сітуацыю са свабодамі грамадзян: бо Вярхоўны лідар краіны па-ранейшаму адназначна і рэзка спыняе ўсе магчымасці палітычнай лібералізацыі.

- Чаму ён пачаў з жахлівых і скандальных пагроз у адрас Ізраіля?

- Ніколькі не абараняючы яго, нагадаю, што пасля першага шоку высветлілася, што СМІ, якія паўтарылі яго словы, моцна іх сказілі, ён літаральна ўжыў некалькі іншыя выразы, і потым гэтая інфармацыя была падпраўленая.

У любым выпадку наша Федэрацыі і я асабіста рашуча асуджаем любыя праявы нецярпімасці з любых вуснаў, тым больш кіраўніка дзяржавы. Адносна палесціна-ізраільскага канфлікту мы неаднаразова выказвалі сваю пазіцыю. Мы патрабуем ад абодвух бакоў прызнання нормаў і рашэнняў ААН і міжнароднага права ў цэлым.

- Вы мудры чалавек, які прайшоў у жыцці праз многія выпрабаванні. І, безумоўна, добра ведаеце сваю краіну. Што, на ваш погляд, неабходна зрабіць Захаду, каб у Іран нарэшце прыйшла дэмакратыя?

- Па-за ўсякім сумневам, у першую чаргу, менавіта іранскі народ павінен працягваць барацьбу за сваю свабоду і дэмакратыю. Мы просім аднаго: міжнародная супольнасць, у тым ліку, заходнія краіны, павінны быць салідарныя з нашай цяжкай барацьбой і дапамагаць нам неабходным дыпламатычным ціскам, маючы на мэце знізіць узровень рэпрэсій, які душыць грамадзянскую супольнасць, што спрабуе супрацьстаяць дыктатуры. Менавіта таму мы заклікаем асабліва звяртаць увагу на лёсы адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў - пакуль усе яны працуюць у страху і рэпрэсіях, народ не зможа «расправіць крылы». Яны - гарант грамадзянскай актыўнасці.

Вядома, ёсць агульныя рысы паміж сітуацыяй з Іранам і Беларуссю - і з пункту гледжання іх супрацоўніцтва з міжнароднай супольнасцю таксама. Менавіта таму я вельмі хачу, каб міжнародная супольнасць дзейнічала прынцыпова і цвёрда ў адносінах да абодвух гэтых рэжымаў, падаўшы магчымасць народам нашых краін больш свабодна вызначыць свой шлях.

- На Захадзе сёння прынята казаць, што змяненне сітуацыі ў дыктатарскіх краінах залежыць выключна ад народаў, а міжнародны ціск на дыктатуры - «умяшальніцтва ва ўнутраныя справы». Ці не падаецца вам, што такім чынам заходнія палітыкі кідаюць людзей, якія знаходзяцца пад прыгнётам, на волю лёсу?

- Правы чалавека ўніверсальныя. Таму важны аргумент неўмяшання ва ўнутранае жыццё краіны часта становіцца, прабачце, фігавым лістком для бяздзейнасці міжнароднай супольнасці.

Пасля Сусветнай канферэнцыі па правах чалавека ў 1993 годзе ў Вене і стварэння па слядах яе рашэнняў Вярхоўнага камісарыята па правах чалавека міжнародная супольнасць выпрацавала агульны план па ўмацаванні дзейнасці ў галіне правоў чалавека ва ўсім свеце. 7 000 удзельнікаў, у ліку якіх былі ўрады, дамоўныя органы, нацыянальныя інстытуты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, заклалі тады новыя прынцыпы, галоўны з якіх - універсальнасць правоў чалавека і абсалютная неабходнасць іх выканання.

Гэта - наш агульны абавязак. Ні адна трагічная сітуацыя не павінна застацца без адказу і без міжнароднай салідарнасці з ахвярамі правапарушэнняў.

- Не сакрэт, што беларуская і іранская дыктатуры маюць цесныя сувязі. Вядома, што Лукашэнка пастаўляў у Іран узбраенні ў абыход санкцый. Чаму свет не рэагуе на гэта належным чынам?

- На жаль, гэта супрацоўніцтва - не адзінае як у дачыненні да Ірана, так і ў дачыненні да Беларусі. Геапалітычныя стратэгічныя альянсы часта замяняюць сабой права, у тым ліку і міжнароднае. Але нават калі гэта здаецца нормай, мірыцца з гэтым неабавязкова, і дэмакратычныя краіны хоць бы даюць магчымасць адкрытай крытыкі падобных практык - магчымасць, якой мы шырока карыстаемся. І з гэтым прыходзіцца лічыцца. На жаль, у краінах, накшталт Ірана і Беларусі, нашы магчымасці зусім іншыя...

Гэта адносіцца і да Расеі. Больш за тое, гэта магутная дзяржава аказвае вялікі ўплыў на многія краіны. Нават сірыйская праблема зараз завязаная на Расеі і Кітаі. Мы нядаўна выступілі на тэму скандальнага выкарыстання імі права вета, калі гаворка ідзе аб злачынствах супраць чалавечнасці. Гэтаму будзе прысвечаная, у тым ліку, бліжэйшая Рада па правах чалавека, дзе краіны, якія называюць сябе «падобнадумаючыя» (гэта іх уласны выраз, які стаў афіцыйным у ААН) - Расея, Кітай, Куба, Узбекістан, Іран, Паўночная Карэя - выступаюць адзіным фронтам, стрымліваючы, па меры сваіх магчымасцяў, уплыў дэмакратычных краін і спробы грамадзянскай супольнасці ўплываць на сітуацыю...

Мы як праваабаронцы можам дакументаваць парушэнні правоў чалавека, рабіць іх галоснымі і заклікаць да адказнасці - усімі даступнымі нам метадамі.

- Вы добра ведалі Алеся Бяляцкага. Што б вы хацелі сказаць яму і іншым беларускім палітвязням, якія сёння працягваюць знаходзіцца ў турмах?

- Не буду арыгінальны. Пажадаю ім мужнасці, сіл і надзеі. Я сам быў у зняволенні, ведаю, як рэагуе чалавечая псіхіка на пазбаўленне волі, не кажучы ўжо пра фізічныя выпрабаванні. Я глыбока перажываю за Алеся, якога ведаю асабіста вельмі даўно і да якога адчуваю бясконцую павагу.

Я таксама думаю пра яго сям'ю і пра сем'і ўсіх палітычных зняволеных у вашай і іншых краінах. Ведаю па вопыце, праз што яны і іх блізкія цяпер праходзяць, ведаю, што значыць паклёп, шальмаванне, страта работы і многае іншае, праз што праходзяць тыя, хто застаюцца на волі.

Менавіта таму мы стварылі адмысловы сайт Freeales.fidh.net на трох мовах: мы хочам, каб свет ведаў, што адбываецца ў Беларусі з грамадзянскай супольнасцю, пра яе мужную і цяжкую барацьбу. Мы таксама хочам, каб беларусы ведалі, што свет не сядзіць, склаўшы рукі, якой бы не здавалася безнадзейнай іх сітуацыя. У самых розных кутках свету праходзяць акцыі салідарнасці, працуюць палітыкі, журналісты, праваабаронцы, робячы ўсё, што ў іх сілах.

Наша зброя - Права і Галоснасць - не заўсёды могуць прыносіць нам імгненны поспех. Але яны - адзіны гарант поспеху даўгавечнага. Так, Алесь і іншыя палітычныя зняволеныя усё яшчэ не здабылі свабоду, але мы робім і будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб дамагчыся іх вызвалення. Федэрацыя працуе па ўсім свеце і, калі мы аглядаемся назад і пераглядаем спіс тых, за каго мы змагаліся, бачым, што вельмі шмат каму ўдалося дапамагчы. Галоўнае - не апускаць рукі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках