25 красавiка 2024, Чацвер, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масавая зачыстка дырэктараў

88
Масавая зачыстка дырэктараў

Арышты кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў набываюць масавы характар.

Эксперты кажуць пра новую зачыстку дырэктарскага корпуса, супастаўную па маштабах з 1995-1996 і 1999-2001 гадамі, піша «Завтра твоей страны».

Мяркуючы па колькасці высокапастаўленых арыштантаў, гэта меркаванне знаходзіць пацвярджэнне. Праўда, у адрозненне ад масавых чыстак папярэдніх перыядаў у большасці спраў 2013 года відавочная антыкарупцыйная аснова.

Напярэдадні

Самымі гучнымі справамі ў 2012 годзе ў прамысловасці сталі арышты кіраўнікоў «Мазырсолі» і «Магілёўдрэва». Кіраўніка «Мазырсолі» Міхаіла Літвіна затрымалі, як паведамляюць праваахоўныя органы, падчас атрымання хабару ў суме 8,1 тыс. даляраў. У дачыненні да генеральнага дырэктара «Магілёўдрэва» Андрэя Усава была заведзеная крымінальная справа за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да шматмільённых стратаў для прадпрыемства.

У канцы снежня 2012 года быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ грамадзянін Расеі, дырэктар сочынскага санаторыя «Беларусь» Георгій Саракашыш. Дырэктару, які працаваў па кантракце ва Упраўленні справамі прэзідэнта і разам з падначаленымі прыехаў на планёрку ў Беларусь, інкрымінавалі крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Так, расейская амбасада ў Беларусі ўпершыню ў 2013 годзе была вымушаная аказваць падтрымку свайму грамадзяніну, які апынуўся ў беларускай турме.

З вясны гэтага года не было ніводнага месяца без затрымання або завядзення крымінальнай справы хаця б на аднаго мэнэджэра вышэйшага звяна.

Красавік

У красавіку за падбухторванне да дачы хабараў чыноўнікам Мінтранса і камунікацый быў затрыманы дырэктар прыватнай транспартнай кампаніі «Аўтатранскарго». У справе фігуравала сума ў 550 еўра.

Але гэту справу зацямнілі затрыманні двух кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама за хабар, але ўжо ў памеры 400 тыс. расейскіх рублёў, у красавіку 2013 года быў затрыманы генеральны дырэктар холдынгу «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін. Гэта сума павінна была дастацца дырэктару ад прадстаўнікоў расейскай кампаніі за вырашэнне пытання аб заключэнні дамоваў на аказанне транспартных паслуг і рэкультывацыю зямель у Рэспубліцы Комі.

Яшчэ большы грамадскі рэзананс выклікала інфармацыя пра затрыманне генеральнага дырэктара Менскага мясакамбіната Уладзіміра Лазоўскага. Яго таксама падазраюць у атрыманні хабару - 4 тыс. даляраў ад кіраўніка прыватнай будаўнічай кампаніі. Адзначым, што Уладзімір Лазоўскі на працягу 1994-2000 гадоў працаваў намеснікам кіраўніка справамі Лукашэнкі, прычым большую частку гэтага часу пад кіраўніцтвам даволі вядомага Івана Ціцянкова.

Травень

У гэтым месяцы было абвешчана пра арышт дырэктара магілёўскага ААТ «Кажэўнік». Былога кіраўніка абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Папярэдняя сума ўрону, паводле ацэнак праваахоўнікаў, склала 60 млн. рублёў.

Чэрвень

У СМІ прасачылася інфармацыі аб крымінальнай справе, якая была заведзеная на былога дырэктара і мастацкага кіраўніка Белдзяржцырка Таццяну Бандарчук. Па афіцыйным паведамленні Следчага камітэта, яна падазраецца ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

З Італіі ў беларускую Генпракуратуру прыйшла інфармацыя, што ў гэтай краіне супрацоўнікамі Інтэрпола затрыманы і змешчаны пад варту экс-генеральны дырэктар «Холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» Ларан Арыніч, які адшукваецца з 2011 года.

Ліпень

Затрыманне супрацоўнікамі КДБ старшыні Белкаапсаюза Сяргея Сідзько разам з некалькімі падначаленымі стала на адзін месяц самай гучнай справай 2013 года. Кіраўнікоў Белкаапсаюза абвінавацілі ў вымагальніцтве хабараў на суму звыш 500 тыс. даляраў.

Жнівень

У канцы жніўня «белкаапсаюзаўская справа» сышла ў цень пасля затрымання генеральнага дырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера, які прыехаў у Менск на перамовы да Міхаіла Мясніковіча. Лукашэнка, выступаючы 19 верасня на нарадзе па эканамічных і знешнепалітычных пытаннях, не выключыў, што расейскі топ-мэнэджэр, можа быць экстрадаваны ў Расею.

Верасень

У бягучым месяцы ў поле зроку праваахоўнікаў патрапілі кіраўнікі двух буйных дзяржаўных прадпрыемстваў.

У пачатку гэтага тыдня быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар генеральны дырэктар аднаго з трох цэментных заводаў краіны «Крычаўцэментнашыфер» Леанід Скоцкі. Яго абвінавачваюць у прысваенні 60 млн. рублёў, выдадзеных работнікам завода ў якасці прэміі.

Літаральна ўчора, 19 верасня, стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго высокапастаўленага дзяржмэнэджэра - генеральнага дырэктара ГА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Менскай вобласці». Ён абвінавачваецца ў крадзяжы бюджэтных сродкаў і ў іншых правапарушэннях.

Да канца года яшчэ больш за тры месяцы.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках