24 красавiка 2024, Серада, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прымярае лёс Асада і Кадафі

139
Лукашэнка прымярае лёс Асада і Кадафі

Вучэнні «Захад-2013» праходзяць па лівійскім і сірыйскім сцэнарах.

Расейскае войска, згодна з планамі іх арганізатараў, аказвае дапамогу Лукашэнку ў выпадку пачатку грамадзянскай вайны, піша «Московский комсомолец».

Колькі б раптоўных праверак боегатоўнасці ні ладзілі расейскія прэзідэнт з міністрам абароны, галоўнай падзеяй гадавога плана баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл суседняй краіны ўсё роўна застаюцца восеньскія стратэгічныя вучэнні. У гэтым годзе яны называюцца «Захад-2013» і праводзяцца сумесна з Узброенымі сіламі Беларусі. Характэрна, што ў гэты раз адпрацоўваецца не адбіццё знешняй агрэсіі рэгулярных войскаў суседніх краін, а неўласцівая Узброеным сілам функцыя - барацьба з беларускімі «незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі» ва ўмовах дэстабілізацыі знешняй і ўнутрыпалітычнай абстаноўкі. На першы погляд такая легенда вучэнняў, напэўна, прымушае грамадзян Беларусі задавацца непрыемнымі пытаннямі: ці стане іх войска ваяваць супраць свайго народа? Але з улікам сусветнага вопыту апошніх гадоў становіцца відавочна, што рыхтавацца трэба ў першую чаргу менавіта да такіх канфліктаў.

Як паведамляе Мінабароны Расеі, у аснову распрацоўкі задумы вучэнняў пакладзеныя высновы і вопыт лакальных узброеных канфліктаў апошніх дзесяцігоддзяў. Кіраўніцтвам вучэння - міністрам абароны Беларусі Юрыем Жадобіным і начальнікам Генштаба УС Расеі Валерыем Герасімавым - робіцца асноўны акцэнт на сучасныя падыходы прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Паводле легенды, зацверджанай Лукашэнкам, на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь праніклі «экстрэмісцкія групы і бандфарміраванні», якія ставяць сваёй мэтай «правядзенне тэрарыстычных актаў і дэстабілізацыю абстаноўкі» ў краіне. Адначасова «экстрэмістам» аказваецца знешняя падтрымка ў выглядзе матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі, узбраення і ваеннай маёмасці - зусім як у Лівіі і Сірыі. На ранніх стадыях падрыхтоўкі да правядзення «Захаду-2013» гаварылася нават, што будуць адыгрывацца таксама пратэстныя дзеянні палітычнай апазіцыі дзейнага беларускага рэжыму. Цяпер, па ўсёй бачнасці, ад гэтага ўсё ж такі вырашана адмовіцца.

Для стабілізацыі трывожнай абстаноўкі ў Рэспубліку Беларусь аператыўна перакінутыя падраздзяленні Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі, якія ў цесным узаемадзеянні з падраздзяленнямі беларускага войска ваююць з умоўным праціўнікам.

У агульнай колькасці сумесныя вучэнні будуць праходзіць на 6 палігонах: «Брэсцкі», «Гожскі», «Асіповіцкі», «Абуз-Лясноўскі» ў Беларусі, «Праўдзінскі» і «Хмелеўка» - у Калінінградскай вобласці. Удзельнічаюць у іх крыху менш за 13 000 чалавек асабовага складу, з іх 2500 расейскіх вайскоўцаў і каля 300 афіцэраў іншых краін - членаў АДКБ. Паралельна яшчэ каля 10 000 расейскіх вайскоўцаў праводзяць не звязаныя з цэнтральнай задумай вучэнняў трэніроўкі. У прыватнасці, напрыклад, ракетчыкі ўжываюць аператыўна-тактычныя комплексы - «Іскандэры» і «Кропкі», а таксама сістэмы залпавага агню «Смерч» і «Ураган» у Лузе, а маракі Паўночнага флота на 30 караблях і судах (уключаючы авіяносец крэйсер «Адмірал Кузняцоў») пад камандаваннем галаўкама ВМФ Віктара Чыркова праводзяць буйную аперацыю ў Баранцавым і Карскім марах - шукаюць падводныя лодкі праціўніка, абараняюць узбярэжжа ад высадкі марскога дэсанту праціўніка.

Ужо ў нядзелю 500 воінаў Таманскай дывізіі здзейснілі фарсіраваны марш для прыкрыцця заходняй мяжы Беларусі ад пранікнення тэрарыстаў. Іх калегі шукалі засяроджванні НВФ ў лясах, арганізоўвалі блокпасты і ахову важных аб'ектаў, праслухоўвалі эфір і глушылі сістэмы сувязі праціўніка, мініравалі дарогі і знішчалі масты, ладзілі засады.

Для расейскіх вайскоўцаў такія вучэнні - вопыт арганізаванага і спланаванага вядзення антыпартызанскай вайны на тэрыторыі іншай дзяржавы - па тыпу тых, што давялося весці заходнім краінам у Афганістане і Іраку.

Нагадаем, вучэнні працягнуцца да 26 верасня. Некалькі месяцаў таму ў СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што беларуска-расейскія войскі будуць адпрацоўваць прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве. Гэтую інфармацыю хутка абверг Лукашэнка.

«Гэтыя манеўры не будуць накіраваныя супраць краін НАТА», - сказаў ён.

Аднак «Захад-2013» выклікае асцярогі суседзяў Беларусі. Міністр абароны Літвы Юозас Алекас ранняе казаў, што некаторыя элементы планавых вучэнняў накіраваныя менавіта супраць іх, хоць і не ўдакладніў падрабязнасці.

Чатыры гады таму беларускія і расейскія войскі праводзілі самыя маштабныя вучэнні каля ўсходняй мяжы НАТА з часоў халоднай вайны. Салдаты душылі бунт польскай меншасці ў Беларусі, якая па сцэнары, праводзячы дыверсіі, расчышчала шлях для атакі польскага рэгулярнага войска. Расейцы і беларусы таксама дэсантавалі часткі войскаў на пляжы, які імітаваў польскае ўзбярэжжа, і праводзілі ўмоўную ядзерную атаку.

Напісаць каментар 139

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках