25 красавiка 2024, Чацвер, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фільм «Стыкоўка» выйшаў з рускімі субтытрамі (Відэа)

4
Фільм «Стыкоўка» выйшаў з рускімі субтытрамі (Відэа)

Першы беларуска-брытанскі фільм выйшаў з субтытрамі на рускай мове.

Стужка «Стыкоўка» («Connection») - вынік сумеснага праекта выдання The Guardian і тэатра «Young Vic». Рэжысёрам карціны стаў Уладзімір Шчэрбань. У галоўных ролях фільма зняліся вядомы брытанскі акцёр Джуд Лоў і кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін.

Фільм з рускімі субтытрамі выкладзены на сайце The Guardian. Таксама брытанскае выданне апублікавала артыкул дырэктара Беларускага Свабоднага тэатра Наталлі Каляды. Прыводзім яго тэкст цалкам:

«Страта дома: заўсёды раптоўна, заўсёды шок, заўсёды трагедыя - вялікая ці вельмі вялікая. Cамалёт, які не можа знайсці аэрадром пасадкі; лань, якая беспаспяхова шукае вадапой у пустыні; чалавек, які страціў памяць пасярод мегаполіса... Бясконцы паток літаратурных метафар, які не адлюстроўвае і сотай долі таго жаху і той разгубленасці, якую адчуваеш, апынуўшыся без звыклага ўкладу жыцця, без большасці сяброў і блізкіх побач, без таго месца, куды можаш прыйсці, каб адчуць сябе ў камфорце і бяспецы.

Бадай, больш за ўсё падыходзіць слова «пустата».

Мы пазбавіліся свайго дома нехаця, не ўяўляючы сабе, што гэта можа адбыцца з намі. Тут літаратурны штамп дарэчны і паўнавартасны - «няўжо гэта адбываецца са мной?!». Рэха адказвае без долі арыгінальнасці: «... са мной».

Прэзідэнцкія выбары 2010 года ў Беларусі павярнуліся тысячамі арыштаваных, шматгадовымі турэмнымі тэрмінамі, уцёкамі з краіны соцень грамадска-актыўных людзей, якія пераследуюцца толькі за тое, што патрабавалі ад улады аднаго - захавання сваіх правоў. Стваральнікі Беларускага Свабоднага тэатра апынуліся ў выгнанні.

Здабыццё дома пачынаецца не з памяшкання, у якім можна жыць, - яно пачынаецца з людзей. З тых, хто раптам аказваецца побач з табой, каб вымавіць вельмі простае, але вельмі важнае тут і цяпер пытанне: «чым я магу дапамагчы?».

Фільм «Connection» - метафара нашай гісторыі. Метафара, у якой, на самой справе, праўды значна больш, чым мастацкай выдумкі. Джуд Лоў, які сыграў у фільме адну з галоўных роляў, апынуўся побач з намі яшчэ да нашых уцёкаў з Беларусі, - ён сыграў у спектаклі Свабоднага тэатра, прадстаўленым на сцэне тэатра Young Vic за месяц да злапомных прэзідэнцкіх выбараў. На сцэне тэатра, які крыху пазней стаў тым месцам, дзе мы сталі сваімі, дзе сталі паказваць нашы прэм'ерныя спектаклі. Young Vic стаў нашай хатняй пляцоўкай зусім не выпадкова. Адкрыты, свабодалюбівы тэатр, які чуйна слухае і чуе; які дрыгатліва ставіцца да тэатральных інавацый і свабоды творчага выражэння.

Джуд стаў адным з першых, хто змог вымавіць гэтую, такую важную для нас, фразу - «чым я магу дапамагчы?». Том Стопард, Ірына Багданава, Дэвід Лэн, Майкл Атэнбора, Кевін Спэйсі, Зігрыд Роўзінг, Джэймс Бірман, Сэм Уэст, Лора Уэйд, Аляксандра Вуд, Джо Кор, Вольга Проктар, Дамінік Драмгул, Джаана Ламлі... Дзесяткі, сотні людзей - вядомых, і не вельмі; уплывовых і самых звычайных; забяспечаных і вельмі небагатых, - якія сваім пытаннем «чым я магу дапамагчы?» стварылі той падмурак, на якім мы пачалі будаваць новы дом.

Свабодны тэатр працягвае іграць свае спектаклі ў Менску ў падполлі, але здабыў свой другі дом ў Лондане, дзе можа прэзентаваць свае працы на лепшых сцэнах. І зноў connection: камунікацыя разрыву ў свядомасці трупы, паміж двума адносінамі грамадства - пераследам і прызнаннем.

Мы не скардзімся на лёс і не шукаем спагады. Мы моцныя. І, як творчыя людзі, хочам аднаго - працаваць, рэалізоўваць задуманыя праекты. «Connection» - не толькі метафара здабыцця новага дома, але і знак сувязі творцаў, якія аб'ядноўваюцца ў жаданні тварыць, супрацоўнічаць, узмацняючы голас адзін аднаго».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках