28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Падзеі ў Беларусі і Сірыі - з'явы аднаго парадку

40
Андрэй Саннікаў: Падзеі ў Беларусі і Сірыі - з'явы аднаго парадку

Дыктатуры знішчаюць народы, а свет бяздзейнічае.

Пра гэта падчас выступлення на Рыжскай канферэнцыі заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Міжнародная Рыжская канферэнцыя праходзіла з 6 па 8 верасня ў сталіцы Латвіі. На канферэнцыі, якую наведалі прэзідэнты, прэм'ер-міністры і міністры замежных спраў краін Еўразвяза, абмяркоўваліся пазіцыі ЕЗ як сусветнага гульца, роля НАТА, канфлікт вакол Сірыі, сітуацыя на постсавецкай прасторы, стратэгічныя планы Еўрапейскага звяза і ініцыятыва «Усходняе партнёрства».

Больш за ўсё ўвагі Беларусі было нададзена на панэлі, прысвечанай «Усходняму партнёрству». Наша краіна на канферэнцыі была прадстаўленая лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былым палітвязнем Андрэем Саннікавым. Упершыню да ўдзелу ў дыскусіі таксама запрасілі афіцыйнага прадстаўніка Менска - намесніка міністра замежных спраў Алену Купчыну.

Гэта толькі пацвердзіла асаблівую пазіцыю Латвіі ў дачыненні да дыктатуры на яе межах. Як вядома, латышскі бізнес актыўна лабіруе інтарэсы дыктатарскага рэжыму ў Еўропе, а цяперашні ўрад і палітыкі паддаюцца гэтаму лабіяванню.

У панэлі па тэме «Усходняга партнёрства» таксама ўдзельнічалі былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, міністр замежных спраў Грузіі Майя Панджыкідзэ, намеснік міністра замежных спраў Украіны Андрэй Алефіраў і намеснік міністра замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы Юльян Граза.

Лукашэнкаўскі рэжым выглядаў «паршывай авечкай», паколькі Украіна, Малдова і Грузія сур'ёзна прасунуліся ў сваіх адносінах з Еўразвязам у рамках «Усходняга партнёрства». На маючым адбыцца восенню саміце ў Вільні збіраюцца падпісваць ці парафіраваць дакументы аб развіцці гэтых адносінаў.

Андрэй Саннікаў жорстка адрэагаваў на гэтую сітуацыю ў сваім выступленні:

«Я быў намеснікам міністра замежных спраў Беларусі і сышоў у адстаўку ў знак пратэсту напярэдадні рэферэндуму 1996 года, паколькі паўстала небяспека ўзурпацыі ўлады з боку Лукашэнкі і адмовы Беларусі ад таго шляху, які намеціўся ў пачатку 90-х. На жаль, так і адбылося. Пасля гэтага я стаў актывістам апазіцыі з усімі вынікаючымі наступствамі: пагрозамі, запалохваннямі, затрыманнямі, арыштамі, турмой і нападамі.

У 2008 годзе разам з аднадумцамі мы заснавалі грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь» і менавіта на гэтай платформе я прыняў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.

Гэтую платформу падтрымала вялікая колькасць беларусаў. Да таго ж гэта былі не толькі мае погляды і мая палітычная стратэгія, яе падзялялі многія дэмакратычныя лідары, у тым ліку і некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты. Менавіта таму мяне збілі, арыштавалі і кінулі ў турму ў 2010 годзе ў дзень выбараў. Прычына - падтрымка гэтага курса вялікай колькасцю людзей.

У Беларусі з вялікай увагай сочаць за тым, што адбываецца ў Еўразвязе, як развіваецца «Усходняе партнёрства». Рыжская канферэнцыя была месцам, дзе мы абмяркоўвалі каштоўнасці, а сёння тут у дыскусіі ўдзельнічае прадстаўнік злачыннага рэжыму.

Паверце адкрытае абмеркаванне сістэмы каштоўнасцяў з дэмакратычнымі прадстаўнікамі, падтрымка гэтых каштоўнасцяў, хай нават сімвалічная, дапамагала дэмакратычным сілам у Беларусі. А сігналы, якія пасылае сёння гэтая Рыжская канферэнцыя, будуць успрынятыя ў Беларусі інакш.

Нягледзячы на ўсе драматычныя адрозненні сітуацыі ў Сірыі і Беларусі, тое, што адбываецца ў нашых краінах - з'явы аднаго парадку, адной прыроды. Дыктатура знішчае народ краіны. І без рашучай падтрымкі каштоўнасцяў, без рашучых дзеянняў у падтрымку каштоўнасцяў, мы нічога не дасягнем.

У прысутнай тут намесніка міністра незайздросная роля. Яе прызначылі чарговым «лібералам», які павінен «прадаваць» дыктатуру Еўропе. І не дзеля таго, каб у Беларусі адбыліся змены, а для таго, каб атрымаць у Еўропе грошы для падтрымкі дыктатуры.

Латвія вядомая сваёй мяккай пазіцыяй у дачыненні да дыктатуры ў Беларусі, тлумачачы гэта тым, што яна не можа не прыслухоўвацца да свайго бізнес-лобі. Дык вось, у мяне дрэнныя навіны для ўрада Латвіі. У турмах і калоніях я сустракаў бізнесменаў з Расеі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Яны спрабавалі весці бізнес у Беларусі. Некаторым рэжым гарантаваў асаблівыя ўмовы. Іх пазбавілі бізнесу, пасадзілі ў турму і нават у турме працягваюць шантажаваць.

Калі ўрад Латвіі і ўрады суседніх з намі еўрапейскіх дзяржаў сапраўды клапоцяцца пра свае бізнесменаў, то трэба думаць шырэй, трэба задумацца пра стварэнне спрыяльнага асяроддзя па суседстве, без дыктатуры.

У Еўрапейскага Звяза ёсць для гэтага рычагі. І ў мяне ёсць добрыя навіны: санкцыі працуюць. Мяне і майго сябра вызвалілі таму, што ў сакавіку 2012 года ЕЗ зрабіў рашучы крок і ўвёў санкцыі супраць бізнесу. На жаль, рэжым разумее толькі такую мову.

У Пражскай дэкларацыі (якая дала старт Усходняму партнёрству - charter97.org) гаворыцца, што партнёры будуць адданыя нормам міжнароднага права, у тым ліку вяршэнству закона, дэмакратыі і павазе да правоў чалавека і асноўных свабодаў. Там нічога не гаворыцца пра роўныя правы дыктатара. У ёй гаворыцца пра прыхільнасць прынцыпам. У сённяшніх выступленнях прадстаўнікоў Грузіі, Украіны, Малдовы мы пачулі, што іх краіны рухаюцца ў гэтым кірунку, і гэта абнадзейвае.

Віленскі саміт сапраўды важны. Вельмі важна для Беларусі, але і для Еўропы, і для «Усходняга партнёрства», каб Віленскі саміт прадэманстраваў прыхільнасць менавіта гэтым прынцыпам, а не палітыцы «прымірэння», - заявіў Андрэй Саннікаў.

У рамках Рыжскай канферэнцыі лідар «Еўрапейскай Беларусі» абмеркаваў сітуацыю ў нашай краіне з міністрам замежных спраў Швецыі Карлам Більтам, міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, парламентарамі, прадстаўнікамі еўрапейскіх МЗС, даў некалькі інтэрв'ю. У цэнтры ўвагі была сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі, паколькі іх колькасць расце, а апошнія вызваленні вязняў сумлення адбываліся толькі па заканчэнні тэрміну адбыцця пакарання.

Былога прэзідэнта Латвіі Валдзіса Затлерса, які прысутнічаў на канферэнцыі, Андрэй Саннікаў падзякаваў за яго прынцыповую пазіцыю ў адносінах да дыктатуры ў Беларусі. Калі Затлерс быў кіраўніком Латвіі, ён прытрымліваўся гэтай пазіцыі, нягледзячы на ціск бізнес-колаў.

Прэзідэнт Эстоніі Тоомас Ілвес і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Rigaconference.lv
Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках