25 красавiка 2024, Чацвер, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Імем рэвалюцыі» скароцяць яшчэ 70 тысяч рабочых

98
«Імем рэвалюцыі» скароцяць яшчэ 70 тысяч рабочых

Цэлы Пінск альбо Баранавічы могуць застацца без працы ў гэтым годзе.

Згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, колькасць занятых у эканоміцы скароціцца на 153 тысячы чалавек. Пры гэтым з-за мадэрнізацыі прадпрыемстваў, якую Лукашэнка заклікаў праводзіць у краіне «імем рэвалюцыі», без працы застануцца 70 тысяч чалавек.

Каго і дзе будуць скарачаць, пакуль невядома.

«Канкрэтныя паказчыкі па вызваленню работнікаў у сувязі з мадэрнізацыяй вытворчасці ў разрэзе відаў эканамічнай дзейнасці і валаўтваральных арганізацый будуць адлюстраваныя ў планах развіцця відаў эканамічнай дзейнасці, якія распрацоўваюцца міністэрствамі і канцэрнамі пасля прыняцця Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб паказчыках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2014 год», - паведамілі карэспандэнту Naviny.by у прэс-службе Міністэрства эканомікі.

Ва ўмовах структурных пераўтварэнняў эканомікі вызваленне працоўнай сілы непазбежна, дадалі ў Мінэканомікі. З гэтым згодны эканаміст Леанід Злотнікаў. Паводле яго слоў, скарачэнні рабочых пры пераходзе прадпрыемстваў на новыя тэхналогіі - натуральны працэс.

«Тым больш што на нашых прадпрыемствах занята часам у тры-чатыры разы больш людзей, чым на аналагічных сучасных прадпрыемствах пры тым жа выпуску прадукцыі. Прадукцыйнасць працы ў нас раз у пяць ніжэй, чым за мяжой. Без пераходу на новыя тэхналогіі, дзе, як правіла, менш людзей занята пры выпуску той жа самай прадукцыі, так мы і застанемся на тым узроўні жыцця ці яшчэ бядней станем», - кажа эксперт.

Акрамя таго, тлумачыць эканаміст, скарачэнне рабочых непазбежна таксама для стратных прадпрыемстваў, а такіх у нас - траціна ад агульнага ліку.

«Іншая справа, што ўрад павінен зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць звольненых людзей. Скажам, павялічыць дапамогу па беспрацоўі з сённяшніх 20 даляраў да 150-200, за кошт дзяржавы ажыццяўляць перанавучанне і гэтак далей», - кажа Леанід Злотнікаў.

Беларускі ўрад, у сваю чаргу, плануе стварыць для скарочаных пралетарыяў новыя працоўныя месцы.

«Стварэнне ў Беларусі прынцыпова новых вытворчасцяў, прадпрыемстваў і галін, якія выпускаюць экспартаарыентаваную, высокатэхналагічную прадукцыю, новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў, уключаючы сферу малога бізнесу, дазволіць у 2014 годзе не перавысіць прагназуемы ўзровень рэгіструемага беспрацоўя 1,5-2 адсотка», - паведамляе Міністэрства эканомікі.

Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук упэўнены, што спачатку трэба ствараць новыя працоўныя месцы, а потым ужо думаць пра скарачэнне рабочых.

«Трэба займацца мадэрнізацыяй, але калі гаворка ідзе пра такія масавыя скарачэнні, вельмі неабходная праграма стварэння новых працоўных месцаў. Гэта вырашальная праблема, калі развіваць малы і сярэдні бізнес і правесці эканамічную лібералізацыю. Улада павінна быць адказная перад рабочымі, тады мы будзем упэўненыя, што людзі не апынуцца на вуліцы», - лічыць прафсаюзны дзеяч.

Каб людзі не апынуліся на вуліцы, у краіну павінны прыйсці замежныя інвестыцыі, упэўнены Леанід Злотнікаў.

«Тым больш, Беларусь больш пераважная для інвестыцый, чым тая ж Расея. У нас зарплата ніжэй у паўтара раза. Гэта значыць, Беларусь апынулася адной з самых бедных краін, а гэта ў нейкім сэнсе з'яўляецца перавагай для замежных інвестыцый», - кажа эканаміст.

Толькі вось лічбы кажуць аб іншым. У гэтым годзе ўрад паставіў перад сабой задачу прыцягнуць у эканоміку краіны 4,5 млрд. даляраў прамых замежных інвестыцый. На 2013 год прыток ПЗІ быў запланаваны на тым жа ўзроўні, хоць па факце за мінулы год атрымалася ўсяго 2 млрд. даляраў.

Напісаць каментар 98

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках