16 красавiка 2024, aўторак, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Варшаве пратэставалі супраць расейскай авіябазы ў Беларусі

10

Акцыя пратэсту прайшла сёння каля амбасады Расеі ў польскай сталіцы.

Яна была арганізаваная беларусамі Варшавы і польскім фондам «Свабода і дэмакратыя». Як паведамляе карэспандэнт сайта charter97.org, у акцыі ўзялі ўдзел каля 15 чалавек. Сярод іх былі намеснік кіраўніка фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Буцько.

Удзельнікі акцыі разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты на беларускай, англійскай і польскай мовах з надпісамі «Не расейскай акупацыі Беларусі», «Russian army, go home», «Не расейскім ваенным базам у Беларусі». Таксама яны перадалі ў амбасаду свой зварот.

«Мы выказваем свой пратэст у сувязі з размяшчэннем расейскай авіяцыйнай базы на тэрыторыі Беларусі. Лічым, што падобны акт з'яўляецца парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой нашая краіна з'яўляецца дзяржавай, якая прытрымліваецца палітыкі нейтралітэту.

На працягу многіх стагоддзяў Беларусь была арэнай жорсткіх сутыкненняў, наш народ страціў кожнага чацвёртага свайго жыхара. Мы заплацілі высокую цану за мір і свабоду на нашай зямлі. Больш мы не жадаем быць цацкай у чужых геапалітычных гульнях», - гаворыцца ў звароце.

Нагадаем, 23 красавіка гэтага года міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Менску, паведаміў аб планах Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі да 2015 года знішчальны авіяполк. Тады ён заявіў, што ўжо ў гэтым годзе ў Беларусі мяркуецца стварыць авіяцыйную камендатуру і паставіць першае дзяжурнае звяно знішчальнікаў.

7 снежня дзяжурнае звяно расейскіх знішчальнікаў Су-27 села на аэрадроме ў Баранавічах.

Варта адзначыць, што планы па размяшчэнні расейскай авіябазы ў Беларусі выклікалі негатыўны рэзананс сярод апазіцыі і часткі беларускага грамадства.

У Варшаве пратэставалі супраць расейскай авіябазы ў Беларусі
Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках