24 красавiка 2024, Серада, 8:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над Дашкевічам прызначылі на 30 студзеня

7
Суд над Дашкевічам прызначылі на 30 студзеня

Слуханне справы Зміцера Дашкевіча, які абвінавачваецца ў парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду, пройдзе 30 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Менска.

Пачатак працэсу - а 14.40, паведаміў былы палітвязень Зміцер Дашкевіч БелаПАН.

Ён заявіў, што не збіраецца ісці ў суд, бо «заняты на працы». «Лічу, што ў судах працуюць злачынцы, якія не аднойчы фабрыкавалі справы. Я не лічу патрэбным штосьці ім даказваць, бо гэта бессэнсоўна. Я не лічу сябе вінаватым», - падкрэсліў палітык.

Сустаршыня міжнароднага грамадскага аб'яднання «Малады фронт», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч атрымаў папярэджанне за парушэнне правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду пасля таго, як 19 снежня не з’явіўся ў крымінальна-наглядную інспекцыю Першамайскага РУУС, дзе павінен адзначацца першы, трэці і чацвёрты чацвер кожнага месяца. Са слоў Дашкевіча, ён проста забыўся пра тое, што трэці чацвер месяца выпаў на 19 снежня. На наступную раніцу яму патэлефанаваў інспектар з прапановай з'явіцца ў РУУС, што Дашкевіч адразу ж зрабіў, але ў міліцыі на яго склалі пратакол аб парушэнні парадку прэвентыўнага нагляду.

Як адзначыў былы палітвязень, у падобных выпадках - калі чалавек адзін раз забыўся прыйсці ў міліцыю, але зрабіў гэта на наступны дзень - пратаколы часцей за ўсё не складаюць. Аднак інспектар сказаў яму, што скласці гэты пратакол загадала начальства.

28 жніўня мінулага года Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з гарадзенскай турмы №1 пасля амаль трохгадовага зняволення. Ён быў арыштаваны напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і асуджаны спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а затым за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Пад прэвентыўным наглядам Дашкевіч павінен знаходзіцца на працягу паўгода пасля вызвалення. Яму забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6 гадзін.

6 лістапада Дашкевіч быў затрыманы ў Менску падчас акцыі «Маладога фронту»: яе ўдзельнікі збіралі подпісы мінакоў за вяртанне сталічнай вуліцы Леніна яе гістарычнай назвы - Францысканскай. У той жа дзень палітыка асудзілі за непадпарадкаванне міліцыі на трое сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Дашкевіч сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што яго асудзілі на падставе сфальсіфікаванага пратаколу, і расцаніў дзеянні ўладаў як «працяг курсу на пераслед іншадумцаў».

5 снежня Дашкевіч быў папярэджаны аб магчымым прадаўжэнні і ўзмацненні прэвентыўнага нагляду ў выпадку «далейшага аказання супраціву супрацоўнікам міліцыі».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках